Хронікі рэпрэсій. Палітычны пераслед беларусаў 8 кастрычніка
13 палітвязняў у верасні цалкам адбылі тэрміны, яшчэ чатыры выйшлі на волю паводле памілавання.
Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічваецца кожны тыдзень. Цяпер у нашай краіне, паводле падлікаў «Вясны», налічваецца 1348 палітвязняў, 44 з якіх былі прызнаныя ў верасні. Насамрэч зняволеных за выказванне свайго меркавання ў нашай краіне значна больш. Палітзняволеныя беларусы, асуджаныя па палітычна матываваных справах, працягваюць выходзіць на волю па заканчэнні тэрміну. Акрамя гэтага, у верасні былі вызваленыя тры палітвязні па памілаванні, а яшчэ аднаму змянілі пакаранне і перавялі на «хатні арышт». Паводле «Вясны», у верасні з месцаў зняволення выйшлі мінімум 29 палітвязняў, 13 з якіх — адбылі свае тэрміны.
Магілёўца Арцёма Калашука, якому ў жніўні прызначылі восем месяцаў калоніі, зноў будуць судзіць.
12 жніўня Чавускі раённы суд вынес прысуд магілёўцу Арцёму Калашуку. Хлопца абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК) і абразе суддзі (арт. 391 КК). Яго асудзілі да 8 месяцаў калоніі.
Вядома, што Калашук да затрымання жыў з бабуляй, працаваў у Маскве. Ён таксама мае праблемы са здароўем — хлопец не чуе адным вухам.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, што 11 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва Арцёма зноў будуць судзіць. Гэты разам — паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Панасенка.
Супрацоўніцу EPAM Кацярыну Глінскую пачнуць судзіць на наступным тыдні.
Кацярыну затрымалі разам з сястрой Юліяй Глінскай 22 ліпеня 2022 года ў Мінску супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што дзяўчына была актыўнай удзельніцай пратэстаў у 2020 годзе і ў канцы таго ж года пераехала ў Літву. Праз два гады яна вырашыла прыехаць у Беларусь да сяброўкі, дзе і была затрымана.
Дзяўчат схапілі, калі яны ішлі да свайго аўтамабіля. Затым у кватэры зрабілі ператрус. Цяпер Кацярыну абвінавачваюць паводле арт. 342 КК («Актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Суд над дзяўчынай распачнецца 13 кастрычніка ў судзе Партызанскага раёна Мінска. Працэс будзе весці суддзя Наталля Дзядкова.
Сёння, 8 кастрычніка, быў затрыманы 30-гадовы Руслан Сінкевіч. Падрабязнасці падзеі, а таксама месца ўтрымання мужчыны невядомыя.
Праз налепку «Пагоні» на аўто — часова забралі цалкам машыну.
Праваабаронцам стала вядома, што ў Брэсце ў верасні прайшоў суд па «народным» артыкуле 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»).
З рашэння суда вынікае, што на машыне Юрыя была заўважана налепка «Пагоні». А машына знаходзілася на вуліцы. Суддзя Раман Карабан вырашыў, што налепка — гэта адзіночнае пікетаванне, і пастанавіў: прызнаць Юрыя вінаватым па ч. 1 арт. 24.23 КаАП, прызначыць штраф памерам 20 базавых велічынь (640 рублёў), а выняты аўтамабіль вярнуць уладальніку.
Як доўга Юрый вымушаны быў правесці без свайго аўтамабіля, брэсцкай «Вясне» невядома.
Палітзняволеную Вольгу Ялцэвіч этапавалі ў баранавіцкае СІЗА. А тым часам у Брэсце разглядалі апеляцыю на яе прысуд.
У абласным судзе ў Брэсце 7 кастрычніка разглядалася апеляцыйная скарга на прысуд Вользе Ялцэвіч. Нагадаем, жанчыне далі 2 гады калоніі па абвінавачанні ў тым, што яна ў межах фонду «Страна для жизни» аплочвала адвакацкую дапамогу затрыманым на пратэстах. Якое рашэнне сёння вынесла тройка суддзяў на чале з Мікалаем Сянько, пакуль невядома.
Вядома, што ў зняволенні Вольга добра трымаецца, нягледзячы на ўзніклыя праблемы са здароўем і перабоі ў ліставанні.