Уладзіслаў Сыракомля. На яго вершах вырас беларускі нацыянальны рух

201 год таму, 29 верасня 1823-га, нарадзіўся выдатны паэт і фалькларыст Уладзіслаў Сыракомля. Яго перакладаў Лучына і Купала, для абодвух ён — любімы паэт. Ён жыў у эпоху, калі яшчэ віравала ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага, але неўзабаве на авансцэну выйшла беларуская ідэя. Як звязалі з беларускім рухам «лірніка вясковага»?

00_vokladka_29.jpg

Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля) неаднаразова казаў: «Я — літвін», і падкрэсліваў, што і яго продкі былі шчырымі літвінамі. «Літоўскім лірнікам», «літоўскім паэтам», «песняром Літвы» называлі Сыракомлю ў польскім, рускім і замежным друку пры яго жыцці і доўгі час пасля смерці. Але як раз пасля смерці паэта адбыўся складаны і спрэчны працэс трансфармацыі і грамадскага дыскурсу, і нацыянальнай ідэі, і наогул — змянілася шмат. Калі ў часы Сыракомлі пад Белай Руссю разумелася толькі частка тэрыторыі сучаснай Беларусі (пераважна — усход краіны), то за некалькі дзесяцігоддзяў назву распаўсюдзілі шырэй. Апагей працэсу — акт 25 сакавіка 1918-га, калі была абвешчана незалежнасць беларускай дзяржавы. Змены за паўстагоддзя істотныя!

Глядзіце таксама

Сыракомля ж пісаў па-польску. Так ужо склалася, што польская мова была мовай культуры, навукі і прыгожага пісьменства на землях Рэчы Паспалітай, мовай зносін для нашчадкаў яе традыцыі. Але ў паэтычным багажы Сыракомлі былі вершы і на беларускай мове. Дарэчы, мову гэту ён называў русінскай і вылучаў у ёй два скрайніх дыялекты: беларускі і ўкраінскі, а пераходны паміж імі, нешта сярэдняе — мова Наваградчыны і Случчыны, якая болей набліжаная да мовы Статута. Цікавасць да беларускай мовы была цалкам натуральнай з’явай, яшчэ папярэднікі Сыракомлі з кола філаматаў заклікалі вывучаць мову і пісаць на ёй. Вядома, што ў 1856 годзе на павестцы дня ў Сыракомлі сумесна з яго вучнем і сябрам Вінцэнтам Каратынскім стаяла пытанне і ідэя выдання  сумеснага зборніку беларускіх вершаў. На жаль, той зборнік так і не выйшаў.

Час ішоў, ідэі віравалі і мяняліся. І вакол Сыракомлі і яго спадчыны склалася цікавая сітуацыя: ён пісаў пераважна па-польску, але пра Літву, а тут — паўстала Беларусь і беларуская ідэя. Хто і як перакладаў Сыракомлю на беларускую мову і як яго асоба ўвайшла ў беларускі рух? З гэтым паспрабуем разабрацца.

Першы пераклад — пад «балгарскай маскай»

Калі і хто быў першым у справе перакладу вершаў Уладзіслава Сыракомлі на беларускую мову — цяжка з дакладнасцю сказаць. Але адным з першых, хто пераклаў Сыракомлю, і пераклад гэты быў апублікаваны, быў паэт і мысляр Янка Лучына (Іван Неслухоўскі).

Янка Лучына (Іван Неслухоўскі)

Янка Лучына (Іван Неслухоўскі)

Адбылося гэта ў 1903 годзе. Што праўда, сам перакладчык ужо памёр. У Пецярбургу выйшла невялічкая кніжачка «Вязанка». На яе старонках змясцілася ўсяго 11 вершаваных твораў: шэсць аўтарства Неслухоўскага, а пяць, як пазначана, «вольное наследоване Кондратовича». То-бок, гэта былі пераклады вершаў Сыракомлі, якія зрабіў, — і досыць якасна! — Неслухоўскі на беларускую мову. Што цікава, зборнік «Вязанка», складзены яшчэ ў 1891 годзе пры жыцці Неслухоўскага, быў выдадзены пад выглядам кніжкі на балгарскай мове — каб абысці імперскую цэнзуру, якая не спрыяла беларускамоўнаму друку.

Зборнік вершаў Янкі Лучыны з перакладамі Сыракомлі.

Зборнік вершаў Янкі Лучыны з перакладамі Сыракомлі.

Наогул Уладзіслаў Сыракомля добра паўплываў на творчасць Янкі Лучыны. Па-першае, яны ў пэўнай ступені былі сучаснікамі: Сыракомля памёр у Вільні, калі хлопцу з Мінску Янке Неслухоўскаму было 11 гадоў. Да таго ж, былі яны звязаныя і геаграфічна. У час вучобы ў Санкт-Пецярбургскім інстытуце Іван Неслухоўскі кожныя канікулы прыязджаў да бацькоў — у Мархачоўшчыну пад Стоўбцамі, тую самую, якую яшчэ ў 1830-я арандаваў Аляксандар Кандратовіч, бацька славутага вясковага лірніка!

Сям'я Неслухоўскіх

Сям'я Неслухоўскіх

Сыракомлю Неслухоўскія паважалі за яго творчасць. Паводле слоў гісторыка літаратуры Рамуальда Зямкевіча, Янка Лучына заўсёды трымаў пад рукою на бібліятэчнай паліцы творы Сыракомлі. А крытыкі творчасці Лучыны пісалі, што «Неслухоўскі быў сапраўды паэтам несучасным: новыя кірункі паэзіі на яго зусім не ўплывалі; яго настаўнікамі былі Міцкевіч і перш за ўсё Сыракомля».

Глядзіце таксама

Рэвалюцыянеры перайначылі верш

Адначасова з выхадам кнігі Янкі Лучыны з перакладамі Сыракомлі магла адбыцца яшчэ адна «прэм’ера». У гэты раз — на старонках рэвалюцыйнай нелегальнай газеты. Гэту публікацыю суправаджаюць шмат «але». Але ж аб усім па чарзе!

У 1902-м годзе ў Санкт-Пецярбургу пачынае дзейнічаць беларуская нелегальная арганізацыя — Беларуская рэвалюцыйная партыя, якая стала пачаткам арганізаванага беларускага нацыянальнага руху. Туды ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі, Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Алаіза Пашкевіч…

Вацлаў Іваноўскі, Антон і Іван Луцкевічы.

Вацлаў Іваноўскі, Антон і Іван Луцкевічы.

Арганізацыя адразу распачала выдавецкую дзейнасць і зрабіла спробу нелегальна выдаць газету «Свабода», задуманую як партыйны друкаваны орган. Першы і адзіны нумар газеты пад канец 1902 года таемна аддрукавалі на гектографе ў фальварку Лябёдка накладам 200 асобнікаў, аднак затым «Свабода» была знішчаная самімі выдаўцамі і не дайшла да чытача. Вядома, што ў «Свабодзе» былі змешчаны два артыкулы, адзін з якіх — на палітычную тэму, а другі — аб нацыянальнай свядомасці беларусаў.

 Фальварак Лябёдка.

 Фальварак Лябёдка.

А яшчэ… Адзін з нямногіх асобнікаў газеты канфіскавала ў студзені 1903-га варшаўская паліцыя. Дзякуючы гэтаму ў архіве захаваўся досыць важны фрагмент газеты, які ўтрымлівае верш Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весці»! Гэты верш — адзін з вядомых вершаў Сыракомлі, напісаны па-беларуску. «Добрыя весці» — водгук паэта на рэвалюцыйныя падзеі 1848-га ў Галіцыі. Дапісаў яго Сыракомля ў 1861-м годзе на хвалях новых пратэсных падзей. Гэты верш «хадзіў» у лістоўках і пракламацыях у часы паўстання.

Пецярбург, 1902

Пецярбург, 1902

І дзе ж, як не ў рэвалюцыйнай газеце, друкаваць гэты верш лірніка! Але тут не ўсё так проста… Змешчаны ў «Свабодзе» верш Сыракомлі, быў перароблены выдаўцамі. Сыракомля пісаў: «Лягчэй бyдзe cэpцy, як згiнe мacкaль», а надрукавалі — «Лягчэй бyдзe cэpцy, як згiнe наш цар», і далей «Myжык i шляxцiц cтaў зa пaнe бpaцe» замянілі на «Myжык з рабочым cтaў зa пaнe бpaцe».

Так, хоць і са зменамі і ідэалагічнай папраўкай, Сыракомля быў далучаны да беларускага нацыянальнага руху з сацыялістычнай афарбоўкай. Антырасійскія акцэнты арыгінальнага тэксту замянілі на антыцарскія, ідэя класавай згоды паміж сялянствам і шляхтай, саступіла месца работніцка-сялянскай салідарнасці. Такі Сыракомля быў больш дарэчным.

«Жыў і гараваў разам з цёмным людам» — піша «Наша Ніва»   

Газета «Свабода» з перакручаным вершам да чытачоў не трапіла, а вось беларускі рух набраў абароты. Праз некалькі гадоў у Вільні пачала выходзіць іншая газета, якая асвятляла жыццё беларусаў — «Наша Ніва». І на яе старонках знайшлося месца для Уладзіслава Сыракомлі, хоць і не такога радыкальнага, як на старонках «Свабоды».

Нагодай для з’яўлення Сыракомлі стала падзея, звязаная з ушанаваннем яго памяці. 23 верасня 1908 года ў Вільне ў касцёле Святога Яна быў устаноўлены бюст паэта. «Наша Ніва» праз месяц прысвяціла гэтай падзеі матэрыял, які суправаджаўся і знакамітым партрэтам Уладзіслава Сыракомлі. Вядома, газета ж — з рысункамі! 

Бюст Сыракомлі ў касцёле Св. Яна

Бюст Сыракомлі ў касцёле Св. Яна

Не будзе дзівам, што пра Сыракомлю «Наша Ніва» пісала ў сваім «гаротніцкім» рэпертуары: «Сыракомля ўсё сваё нядоўгае жыццё жыў і гараваў разам з нашым цёмным, заціснутым усімі, народам, каторы ён пакахаў усею душой сваёй. І вось, гледзячы на слёзы вясковых людзей, складаў ён вельмі харошыя песні». Проста сум-журба! А далей, у тым жа матэрыяле прыводзіцца і верш Сыракомлі па-беларуску. Гэта вось ужо цікава!

Разварот Нашай Нівы з артыкулам пра Сыракомлю

Разварот Нашай Нівы з артыкулам пра Сыракомлю

Публікуецца тут свежы пераклад верша «Доля», які зрабіў мэтр беларускай літаратуры Янка Купала. Што праўда, выбар верша адпавядае лейтматыву газеты:

Ные сэрца без патолі,

Нудна льлюцца сьлёзы…

Выйду клікаць лепшай долі

Ў даль, пад шум бярозаў.

Дзе ты лепшая, дзе, доля?

А самае цікавае — напрыканцы. Тут зноў верш «Добрыя весці»! Канечне, не поўная яго версія, за гэта можна было б і ў астрог усёй рэдакцыяй трапіць. Але ж вытрымка з яго прыводзіцца годная:

«Там, на Заходзе, праліваюць кроў,

Б’юцца для славы, свабоды і чэсці

I робяць вольных людзей з мужыкоў».

Хто меў вушы, той чуў, што хацелі сказаць праз газету яе выдаўцы, змясціўшы словы з нелегальных брашур 1860-х.

Прысвячэнне Купалы любімаму паэту  

Дарэчы, пра Янку Купалу. На яго творчасці і жыцці Сыракомля пакінуў той яшчэ адбітак. У творчай спадчыне Купалы ёсць не толькі пераклад верша «Доля», але і яшчэ некалькі іншых вершаў і нават паэм.

Янка Купала, 1912 год

Янка Купала, 1912 год

Купала любіў творчасць Сыракомлі. У 1910 годзе ў Пецярбургу малады беларускі паэт па просьбе крытыка і публіцыста Льва Клейнбарта піша сваю першую аўтабіяграфію. Тут адным з самых любімых пісьменнікаў ён называе… Уладзіслава Сыракомлю! І канечне ж, Купала не мог не напісаць свайму фаварыту ад паэзіі вершаванае прысвячэнне. Тым больш добрая нагода — 50-я ўгодкі смерці, дата, якая маштабна адзначалася ў Вільні ў 1912-м годзе.

У той юбілейны год скону Сыракомлі, Купала з грамадой пісьменнікаў наведаў вёску Барэйкаўшчына, колішнюю сядзібу паэта. Вынікам гэтай паездкі стаў верш «Лірнік вясковы», названы паводле праграмнага твора Сыракомлі. Сваіх паэтычных густаў Купала не змяніў нават у неспрыяльныя часы савецкага ладу, калі на ўсё польскае пазіралі скоса, як на варожае. Купала ў лісце да таго ж крытыка Л. Клейнбарта, датаваным 1928 годам, зноў пацвярджае сваю вялікую зацікаўленасць творчасцю У. Сыракомлі, падкрэсліваючы народнасць і дэмакратычнасць яго паэзіі.

 Барэйкаўшчына

 Барэйкаўшчына

А яшчэ літаратуразнаўцы кажуць, што зыходным імпульсам для купалаўскага твора «Раскіданае гняздо» сталі гавэнды Сыракомлі, перачытаныя ім у тым жа 1912 годзе, напярэдадні паўвекавой гадавіны смерці паэта.

Ластоўскі — адвакат Сыракомлі

Калі паглядзець, то Сыракомля для беларускага руху быў цалкам блізкім і роднасным элементам. На яго вершах раслі, яго перакладалі і друкавалі. Але ўсё ж Сыракомля меў адзін «істотны недахоп»: пісаў па-польску. А для нацыянальнага руху мова была істотным чыннікам. Дый яшчэ у кантэксце таго, што беларускі рух як раз такі супрацьпастаўляўся ідэі польскасці. Трэба было апраўдаць паэта! Ці, прынамсі, растлумачыць: навошта ён пісаў па-польску.

Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі

Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі

За справу бярэцца Вацлаў Ластоўскі. На старонках «Нашай Нівы» з нагоды 50-годдзя з дня смерці (1912 год) выходзіць артыкул «Людвік Кандратовіч (Сыракомля)». Пачынаецца артыкул з невялічкага ўступу і кароткай біяграфіі паэта. А далей Ластоўскі пачынае нібыта апраўдваць Сыракомлю: «Кандратовіч пісаў па-польску, але дух яго твораў чыста мясцовы, беларускі». Тлумачыць ён гэта тым, што ў паднявольных народаў часам бываюць дзіўныя моманты, калі найлепшыя сілы, найлепшыя сыны ідуць скародзіць чужыя нівы. І задаецца пытаннем: «Ці мала наша Беларусь дала здольных людзей Польшчы на полі літаратуры?». Тут і Міцкевіча прыгадаў, і падобны прыклад з Фінляндыі прывёў.

Таксама Ластоўскі піша, што творамі Сыракомлі зачытвалася шляхта, на Літве яго цанілі, а польскія крытыкі наадварот — ганілі. І самы важкі аргумент, які робіць Сыракомлю «сваім», дык гэта тое, што «апрача польскіх вершаў, Кандратовіч, для нас, беларусаў, даў яшчэ творы на чыста беларускай мове».      

Багдановіч будуе ланцужок


 Максім Багдановіч

 Максім Багдановіч

А вось абгрунтаваную літаратурную інтэграцыю Сыракомлі фактычна зрабіў Максім Багдановіч.

У 1915 годзе малады геній піша артыкул пад назвай «Беларусы». Там Багдановіч разважае пра гэтак званае «беларускае адраджэнне», якое, на яго думку, найперш праяўляецца ў стварэнні літаратуры на беларускай мове. Багдановіч піша: «дакладна кажучы, гэтая літаратура ніколі не памірала канчаткова ў краі». Для развіцця думкі ён робіць гістарычны экскурс і выбудоўвае ланцужок асоб і з’яў, звязаных з беларускай літаратурай ад  XVII стагоддзя.

У лагічным ланцужку Максіма Багдановіча належнае месца паміж Чачотам і Багушэвічам займае — пан Сыракомля. «У шасцідзясятых гадах многа пісаў па-беларуску Сыракомля (Кандратовіч), таленавіты “краёвы” паэт, вядомы і расійскім чытачам», — так характарызуе Багдановіч Сыракомлю.

Сыракомля ў БНР

З’явіліся ў друку пераклады з творчай спадчыны Сыракомлі і ў часы, калі ў Мінску знаходзілася і дзейнічала Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. На старонках штотыднёвай газеты «Вольная Беларусь» у кастрычніку 1918-га году быў апублікаваны пераклад не проста верша аўтарства Сыракомлі, а цэлая паэма «Чысты чацвер», якая складаецца з уступу і дваццаці частак. Магчыма, гэта першы буйны пераклад Сыракомлі на беларускую.

Фрагмент газеты Вольная Беларусь з перакладам паэмы Сыракомлі

Фрагмент газеты Вольная Беларусь з перакладам паэмы Сыракомлі

Гэты пераклад зрабіў Альберт Паўловіч — беларускі паэт-гумарыст, драматург, перакладчык. Так склалася, што Альберта Паўловіча прынята лічыць найбольш значнай фігурай беларускай гумарыстыкі пачатку XX стагоддзя, але, як бачым, ён займаўся і перакладамі. Пры гэтым вельмі якаснымі!  

 Альберт Паўловіч

 Альберт Паўловіч

Парадокс Гарэцкага

Здаецца, Сыракомля трывала ўвайшоў у шэрагі беларускага нацыянальнага руху. Яго перакладаюць, публікуюць, яму прысвячаюць вершы мэтры, у артыкулах карыстаюцца яго спадчынай — ідэйнай і творчай. Але ў 1920-м здараецца парадокс.

Выдатны пісьменнік і знаўца беларускае літаратуры Максім Гарэцкі піша і выдае ў Вільне грунтоўную працу — «Гісторыя беларускае літаратуры», дзе ад даўніх аўтараў да сваіх сучаснікаў разглядае творы і дасягненні. Антон Луцкевіч пра кнігу Гарэцкага пісаў, што яна бясспрэчна мае вагу не толькі як падручнік, але і як адзін з фактараў усведамлення «маладых» беларусаў, каторыя так мала ведаюць аб сваім народзе, аб яго гісторыі і літаратуры. Яна пакажа і нашым суседзям, якія культурныя скарбы меў і мае беларускі народ. Кніга Гарэцкага павінна апынуцца ў руках кожнага свядомага беларуса, у кожнай беларускай бібліятэцы.

 Змест кнігі Максіма Гарэцкага Гісторыя беларускай літаратуры.

 Змест кнігі Максіма Гарэцкага Гісторыя беларускай літаратуры.

Сама кніга — надрукованая «кірыліцай», на мелавой паперы, з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў, здымкамі са старых грамат, кніг, «Літоўскага Статуту»… Але Гарэцкі не ўключае ў гісторыю беларускай літаратуры Уладзіслава Сыракомлю! Пры гэтым, яго папярэднік Ян Чачот там ёсць, ёсць сучаснікі Вінцэнт Каратынскі і Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч… А вось для Сыракомлі месца ў гісторыі літаратуры чамусьці не знайшлося: ні ў 1920-м, ні яшчэ ў трох перавыданнях з дапрацоўкай гэтай сапраўды значнай кнігі… Цікава, чаму?

Парадокс у тым, што вершы Сыракомлі, напісаныя на беларускай мове, той жа Гарэцкі, калі выдаваў «Хрыстаматыю беларускае літаратуры», у выданне ўключыў.   

 Змест кнігі Максіма Гарэцкага Хрэстаматыя беларускай літаратуры

 Змест кнігі Максіма Гарэцкага Хрэстаматыя беларускай літаратуры

***

А потым пачаўся савецкі час, дзе паэт Сыракомля, які, хоць і выступаў супраць цара, усё ж быў класава чужым: шляхціц, сын эксплуататара, пісаў па-польску, дый яшчэ супраць Расіі нешта… Не самыя спрыяльныя для Сыракомлі факты з жыцця і творчасці! Але ж не ўсё і тады было затуманена…

(працяг будзе)

P. S. Ці чытаў Сыракомлю Каліноўскі?

Пытанне цікавае! Што ведаў Каліноўскі пра Сыракомлю, сумневаў няма. Усё ж яны сучаснікі, Сыракомля — вельмі папулярны паэт сваёй эпохі. Да таго ж ёсць ускосныя звесткі, што Сырккомля належаў да колаў, якія рыхтавалі паўстанне 1863-га. Пытанне ў іншым: ці чытаў творы Сыракомлі паўстанец Каліноўскі? Ці паўплывалі яны на яго светапогляд? Зробім смелае дапушчэнне, прывёўшы факт. У апошнім лісце Каліноўскі піша: «Бо я табе з-пад шeбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе». Гэта — 1864 год. А вось што пісаў Сыракомля гадамі раней: «Лягчэй бyдзe cэpцy, як згiнe мacкaль». Аднак, цікавае супадзенне ж…

А яшчэ зноў згадаем Купалу. У 1907-м ён піша хрэстаматыйныя радкі: «Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!». Сыракомля ж на дзясяткі год раней вывеў рукой: «Пра адно я толькі спяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцвіны!». Зноў жа, гэта проста цікавае супадзенне ці нешта большае?