«Я з аптымізмам гляджу ў мінулае». Гучныя цытаты Уладзімера Арлова ў дзень ягонага юбілею

Сёння сваё 70-годдзе святкуе класік беларускай літаратуры, бліскучы эсэіст, гісторык Уладзімер Арлоў. Мы выбралі ягоныя цытаты пра дзяцінства, незалежнасць, гісторыю. Вы дакладна пазнаеце ў гэтых словах сябе і пэўна адчуеце жаданне паглыбіцца ў таямнічы, але такі блізкі свет творцы.  

Уладзімер Арлоў. Фота Валерыя Дубоўскага

Уладзімер Арлоў. Фота Валерыя Дубоўскага

Пра дзяцінства

«Дом быў падзелены перабойкаю на дзве часткі: у адной месціліся народны суд і гарадская пракуратура, у другой — наша двухпакаёвая кватэра. Мой дзіцячы ложак стаяў пры сцяне, за якою былі нежылыя памяшканні. Часам я спалохана прачынаўся сярод ночы і, сцяўшыся пад коўдраю, слухаў, як за сцяною хадзілі, прыцішана гаманілі і чыркалі запалкамі нейкія людзі. Мяне апаноўваў не проста страх, а страх, змешаны з невымоўнаю гідлівасцю; кшталт таго страху я перажыў нядаўна ў лесе, убачыўшы на альховай галіне над галавою клубок вужакаў. А тады, у маленстве, мая пасцель рабілася мокрая ад халоднага поту (а на самым пачатку свядомага жыцця, напэўна, не толькі ад поту), і я, не маючы болей змогі трываць гэтую пакуту, клікаў на паратунак маму.

На мой голас заўсёды падыходзіў тата. Ён гладзіў мяне цяжкай даланёй па галаве, казаў нешта супакойлівае, і я засынаў. Калі праз шмат гадоў, ужо ў студэнцтве, я са смехам узгадаў тыя начныя прыгоды, бацька, не падтрымаўшы жартоўнага тону, сказаў, што там, за сцяною, у гэбістаў было патайнае месца сустрэч з сексотамі, і я спасціг прычыну свайго прасякнутага агідаю дзіцячага страху — я трапляў у магутнае біяполе чалавечае нізасці і подласці. Мне дагэтуль незразумела, чаму бацька не пераставіў ложак да іншае сцяны: няўжо такім чынам гартаваў мяне да будучага жыцця?» («Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання», люты 1990)

Пра савецкую школу і сталінскія «перагібы»

«У першы клас я пайшоў у 1960 годзе, калі да абяцанага Хрушчовым камунізму заставалася ўсяго дваццаць гадоў і ў сталоўках ужо можна было задарма пад'есці хлеба з гарчыцаю або соллю. Здаецца, якраз у той год у Полацку зачынілі — вядома, па просьбах бацькоў і наогул усіх працоўных — апошнюю беларускую школу». 

(«Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання», люты 1990)

«Я думаю, што адмовіўся падпісаць прысягу ня толькі праз боязь крыві ці з гігіенічных меркаваньняў. Мне ўсё ж ішоў пятнаццаты год і пры ўсёй тагачаснай інфантыльнасьці я мог ужо зьвязаць некаторыя факты ў ня надта артадаксальныя сылягізмы.

Мне, безумоўна, было яшчэ рана казаць кляснай кіраўнічцы, што больш страшнай за вайну з гітлераўцамі была вайна ўлады з уласным народам, а сьмерць у Курапатах, ці ў нашых полацкіх Бельчыцах была нашмат больш жудаснай за гераічную сьмерць пад Сталінградам ці ў апэрацыі «Багратыён». Аднак я добра ведаў, што я ўнук пасьмяротна рэабілітаванага дзеда Максіма. Ад бацькі я чуў, што сталінскія «перегибы» ацэньваліся (тады) у дзясяткі тысяч жыцьцяў, і аднаго разу на ўгаворы кляснай усё-такі (няхай і бяскроўна) уступіць у сьледапыты, запрапанаваў зьбіраць зьвесткі ня толькі пра герояў Вялікай Айчыннай, але і пра тых, каго замучылі ў НКВД. Клясная паглядзела на мяне быццам на жыхара паўдзённага паўшар'я Юпітэру або як на чалавека, што ўцёк з колішняга бэрнардынскага кляштару ў полацкім Задзьвіньні, дзе была вар'ятня і дзе прыкладна ў той час псыхіятарам спатрэбілася цэгла, пасьля чаго бабінец кляштарнага касьцёлу разабралі, а косткі з пахавальняў пад ім раскідалі па двары пад нагамі ў хворых.

Вынікам маёй прапановы сталася сур'ёзная размова кляснай з маці. Я быў дэфініяваны ідэйна нявыхаваным падлеткам». Гарэла сьвечка», травень 1995)

Уладзімер Арлоў. Фота: Facebook Алесь Аркуш

Уладзімер Арлоў. Фота: Facebook Алесь Аркуш

Пра Дзень Перамогі

«Шмат чаго будзе потым, але пакуль — пра згаданую жамярыцу дзіцячага сумневу.

Можа, яна завалтузілася ў той далёкі Дзень Перамогі, калі я ўпершыню ўбачыў бацьку на моцным падпітку. Спачатку ён зьняў з свайго пракурорскага кіцелю ордэн Чырвонае Зоркі й дзясятак мэдалёў, а тады ўзяўся нам зь сястрычкаю апавядаць нешта падазрона негераічнае, што зачапілася ў маёй памяці абрыўкамі павучынак з задаўненага бабінага лета: пра панічнае адступленьне «нашых» па стэпе да ракі Дон, пра вінныя скляпы вугорскага графа, дзе ў віне з расстраляных бочак патанулі колькі дзясяткаў п'яных салдацікаў і пра нейкага свайго сябра, якога за нейкую Дусю застрэліў чалавек зь дзіўным прозьвішчам Сьмершавец... Блытаныя ўспаміны скончыліся тым, што бацька заплакаў і, мабыць, помсьцячы таму Сьмершаўцу, прабіў сваім пяціфунтовым кулаком сьценку нашае фанэрнае шафы. Я плакаў ад страху. Малая сястрычка румзала, бо хацела паглядзець салют. Мама таксама плакала, цэлы вечар выцягваючы з разьбітай бацькавай рукі стрэмкі. Такім, у сьлязах, і запомнілася тое сьвята».

«Я ведаю, што для вас (не ўважаючы на тое, што на вуліцах нашых ачышчаных ад немцаў гарадоў замест чорных гестапаўскіх машынаў адразу ж завуркаталі варанкі доблесных чэкістаў, не ўважаючы на вяртаньне калгаснага прыгону, не ўважаючы на тое, што ў Сібір паехалі ўжо ня вёскі, а цэлыя народы, не ўважаючы на тое, што ўжо празь нейкія два-тры гады пераможаныя аказаліся сыцейшымі й заможнейшымі за пераможцаў, не ўважаючы на тое, што краіна-пераможца Беларусь у выніку 2-й сусьветнай вайны страціла Віленшчыну і Беласточчыну) паведамленьне пра разгром Гітлера, пэўна, назаўсёды застанецца самым шчасьлівым днём.

Для вас перамога да апошняе хвіліны будзе Вялікаю Перамогай.

Але ж вы таксама ўжо даўно зразумелі: выйграўшы вайну, можна прайграць мір». («Гарэла сьвечка», травень 1995)

Глядзіце таксама

Пра нацыянальнае адраджэнне

«Тут я чамусьці — не сказаць, каб вельмі дарэчы — прыгадваю знаёмага кінарэжысёра, што аднойчы, гады тры таму, на падпітку наракаў на сваё цяжкое жыццё.

— Разумееш, Валодзя, колькі жанчын у мяне было, і хоць бы адна ў ложку слова па-беларуску сказала.

Я суцешыў гаротніка тым, што ўбіраюцца ў сілу працэсы нацыянальнага адраджэння. І не памыліўся. Сустрэўшы мяне днямі (хацелася напісаць: на вуліцы, але буду шчыры — у бары менскага Дома літаратара, там, дзе ўвесь час сядзіць паэт А. Сыс), маэстра з пачуццём, так бы мовіць, нацыянальнага задавальнення, усцешана паведаміў, што ў ягоныя абдымкі (відаць, паводле тэорыі імавернасці) пачалі ўжо трапляць і нацыянальна свядомыя прадстаўніцы прыўкраснай, як пісаў незабыўны Ўладзімір Караткевіч, паловы нашага народа». («Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання», люты 1990)

Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Карлас Шэрман, Уладзімер Арлоў. Фота: Facebook Уладзімір Някляеў 

Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Карлас Шэрман, Уладзімер Арлоў. Фота: Facebook Уладзімір Някляеў 

Пра незалежнасць

«Незалежнасьць — гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі й ведаеш, што паставіш сьвечку й пакладзеш кветкі, а ня станеш удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка».

З'езд БНФ, 1995 год. Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. Фота: Facebook Сяргея Навумчыка

З'езд БНФ, 1995 год. Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. Фота: Facebook Сяргея Навумчыка

«Незалежнасьць — гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдзкую бітву, якая ўратавала твой народ ад сьмерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што растраляла твойго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю».

«Незалежнасьць — гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата».

«Незалежнасьць — гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста ня варта жыць». (Урыўкі з эсэ «Незалежнасць — гэта...»)

Глядзіце таксама

Пра гісторыю

«Існуе безліч дэфініцыяў гісторыі. У антычнай старажытнасці яе называлі мацерай усіх навук і настаўніцай жыцця. Вось толькі вучні ў гэтай настаўніцы заўсёды былі непамятлівыя.

Напалеон аднойчы афарыстычна заўважыў, што гісторыя — гэта плоць часу. Вярнуўшыся бліжэй да літаратуры, можна згадаць Аляксандра Дзюма-старэйшага: «Гісторыя — цвік, на які я вешаю свае палотны».

Для мяне гісторыя — найперш уваскрашэнне. Уваскрашаючы падзеі нашай больш чым 1000-гадовай даўніны, мы абуджаем ад летаргічнага сну сваю гістарычную памяць, а разам з ёю і самі ўваскрасаем як нацыя, як частка еўрапейскай цывілізацыі.

Ёсць і такое азначэнне: гісторыя — кніга, якую пішуць пераможцы. Мне хочацца адрэдагаваць яго: гісторыя — кніга, якую трэба пісаць, каб перамагчы.

Я з аптымізмам гляджу ў мінулае. Часам у анкетах у графе «Краіна нараджэння» я пішу: «ВКЛ». Дарэчы, з гэтым скаротам мне ўдалося нават пераадолець некалькі сучасных дзяржаўных межаў». (З гутаркі Уладзімера Арлова і Юрыя Станкевіча, травень 2000)

Глядзіце таксама

Пра сябе. «Спроба завершанага жыццяпісу»

прыйшоў на сьвет

у год Зьмяі

паводле ўсходняга календара

і ў год сьмерці Сталіна

паводле календара савецкага

пад знакам Дзевы

у радзільні

насупроць Сафійскага сабору

у Полацку

быў таемна ахрышчаны

праваслаўным папом,

якога схапіў за бараду

і не адпускаў

пакуль не паказалі

салодкага пеўніка на палачцы

узброіўшыся сьвечкай

і клубком бабуліных нітак

у няпоўныя сем гадоў

выправіўся на пошукі лёхаў

што ў часы Сьцяпана Батуры

злучалі

гарадзкія манастыры й храмы

з тае пары

так і бадзяюся

па замурованых лябірынтах

шукаючы

Полацкі летапіс

крыж Эўфрасіньні

і сумнеўную славу

памру ўлетку,

калі споўніцца

тысяча гадоў

князю Ўсяславу Чарадзею

буду пахаваны

на полацкіх могілках

сьвятога Ксавэрыя

па грэка-каталіцкім абрадзе

хтосьці пакладзе

на цёплую зямлю

букецік валошак

і тры гвазьдзікі

вядомых колераў

у беларускім тэксьце

на помніку

згодна з нацыянальнай традыцыяй

будзе зробленая

артаграфічная памылка.

Уладзімер Арлоў. Фота з адкрытых крыніц

Уладзімер Арлоў. Фота з адкрытых крыніц