Уладзімір Арлоў: «Я мару пра час, калі ў дэмакратычнай Беларусі прэзідэнтам будзе жанчына»

Гісторык і пісьменнік на творчай сустрэчы з беларусамі ў Вільні распавёў пра ролю жанчын у гісторыі Беларусі. Гэтая роля цяпер незаслужана незаўважаная. Таксама Арлоў правёў паралелі паміж жанчынамі ў паўстанні 1863 года і 2020-га.

ar_1_25.webp

Сёлета да 105-х угодкаў БНР фонд Kamunikat.org выпусціў дзве кнігі Уладзіміра Арлова — «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» (другая частка знакамітай кнігі, якая ў Беларусі выйшла трыма накладамі, а летась была прызнаная ўладамі «экстрэмісцкай»), і «Імёны свабоды», куды ўвайшлі 410 гістарычных партрэтаў беларусаў-змагароў за свабоду роднай краіны.

У межах вялікага літаратурнага турнэ, зладжанага пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, Арлоў завітаў у Вільню. Прывёз не толькі навінкі (у тым ліку найсвяжэйшую – «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны. Таямніцы полацкай гісторыі»), але і перавыданні сваіх найбольш вядомых твораў, напамін пра паўстанне Кастуся Каліноўскага і філасофска-пазітыўны настрой.

«Салідарнасць» пабывала на творчай сустрэчы пісьменніка з чытачамі.

— Тое, як выкладалася гісторыя Беларусі на гістфаку БДУ, дзе я вучыўся, магло выхаваць не патрыётаў, а антыпатрыётаў — там не было герояў практычна, а былі шэрыя безаблічныя масы, — згадвае Арлоў. — Але насуперак цэнзуры да нас прыйшлі, прарваліся кнігі Уладзіміра Караткевіча, якія нам адчынялі вакно ў свет зусім іншай гісторыі.

Якая была не часткай расійскай гісторыі, а гісторыяй самастойнага еўрапейскага народа, у якой былі свае героі, свае славутыя князі, палітыкі, асветнікі, паўстанцы, авантурнікі і авантурніцы, без якіх не абыходзіцца гісторыя ніякага народа.

«Органы» зацікавіліся ім яшчэ ў студэнцкія часы — але гэта не толькі не адбіла ахвоту пісаць, але наадварот, пераканала ў тым, што аўтар на правільным шляху. З таго часу выйшла некалькі дзясяткаў розных кніг, у вершах і прозе, дакументальных і мастацкіх, — і Арлову яшчэ ёсць, што сказаць чытачам.

Але гэтым разам гаворка ішла перадусім пра жанчын — ад княгіні Рагнеды, якая захавала дынастыю Рагвалодавічаў, што потым 250 год кіравала незалежным Полацкім княствам, Сафіі Валадараўны, якая ў 1157 годзе стала дацкай каралевай, а яе дзеці і ўнукі займалі на дацкім, шведскім і французскім тронах, мецэнаткі і асветніцы Ефрасінні Полацкай, князёўны Настассі Слуцкай, высакароднай ваяркі Эміліі Плятэр — да гераінь нацыянальна-вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага.

— Дакументы, складзеныя расійскімі следчымі, паведамляюць: яшчэ да пачатку паўстання многія літвінкі насілі рэвалюцыйныя знакі і адзенне, і спявалі забароненыя патрыятычныя гімны і песні, — распавядае пісьменнік. — Такія спевы шмат разоў гучалі ў Мінскім катэдральным касцёле Дзевы Марыі, храмах Наваградка, Мазыра, Пінска, Рэчыцы, Полацка — увогуле, па ўсёй Беларусі.

Уявіце сабе, тады існавалі аналагі сучаснага «Вольнага хора» — па краіне ездзілі вандроўныя хары, якія складаліся з жанчын і распачыналі патрыятычныя канцэрты пасля набажэнстваў.

Часам ад падабенства сюжэтных ліній мінуўшчыны і сучаснасці дрыжыкі бягуць па спіне. Так, за «злачынныя» спевы была аштрафаваная Людвіка Ямант (родная сястра Марыі, нарачонай Кастуся Каліноўскага). Марыю Ульянаўскую судзілі за крамольныя песні і частаванне сялян — таемных уніятаў.

За тое, што на знак салідарнасці і жалобы па палеглых паўстанцах беларускі насілі цёмную вопратку, іх таксама пераследавалі жандары. Шляхцянку Амалію Лашкевіч абвінавацілі ў тым, што яна… пашыла сабе нацыянальны ўбор і фіранкі «непажаданага» бела-чырвонага колеру.

У Кацярыны Шалюты адабралі ўсю маёмасць — за распаўсюд антыўрадавых вершаў і ўлётак.

Шляхцянка Ванда Беляковіч паклала мужу-паўстанцу ў труну сваё фота, каб не разлучацца з ім і пасля смерці — і была аштрафаваная на 300 рублёў (гэта, на хвілінку, гадавы заробак наглядчыка царскай турмы).

Але беларусак гэта не спыняла.

— Жанчыны былі кур’еркамі, выведніцамі, захоўвалі зброю і порах, забяспечвалі нашых ваяроў правіянтам, жанчыны былі сёстрамі міласэрнасці ў нелегальных паўстанчых лагерах, давалі прытулак параненым — як будучая славутая пісьменніца Эліза Ажэшка, якая лекавала і пераправіла на польскія землі параненага Рамуальда Траўгута, — пералічвае Арлоў. — За такую дзейнасць магілёўскі суд адправіў Ізабелу Ціханавецкую на высылку пад Варонеж.

У Сенненскім павеце быў маёнтак Канстантова, які стаў адным з апорных пунктаў паўстання ў Магілёўскай губерніі. Маёнткам валодалі Алімпія Светарэцкая з дачкой Юзэфай, і за «саўдзел» жанчын арыштавалі, выслаўшы ў Пермскую губернію.

Нашы жанчыны былі стваральніцамі падпольных камітэтаў салідарнасці, якія дзейнічалі ў той час, а праз 160 гадоў зноў з’явіліся, ужо як фонды ўзаемадапамогі. Як і цяпер, яны бралі пад апеку сем’і арыштаваных паўстанцаў і саміх вязняў — часам турэмныя ўлады прапускалі да іх жанчын, і можна было перадаць свежую бялізну, пошту і нейкія прадукты.

Як бачым, сёння з гэтым яшчэ больш жорсткія парадкі.

Сотні, а па некаторых звестках, тысячы беларусак тым ці іншым чынам бралі ўдзел у паўстанні 1863-га — за што былі пазней адпраўленыя на высылку ў аддаленыя расійскія губерніі ці ў Сібір.

Некаторыя імёны, кшталту Камілы Марцінкевіч, «першай прыгажуні Літвы» Апалоніі Серакоўскай ці каханай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, гісторыя захавала для нашчадкаў лепш, пра іншых удзельніц паўстання вядома зусім няшмат — але кожная з іх, падкрэслівае Уладзімір Арлоў, вартая ўвагі і ўшанавання.

— І ў пазнейшыя часы беларускія жанчыны былі актыўнымі ўдзельніцамі нацыянальнага  вызваленчага руху, — падкрэслівае гісторык, — далучаліся да стварэння палітычных партый, да антысавецкага супраціву і г.д. Алаіза Пашкевіч, Палута Бадунова, Галіна Сямдзянава і многія, многія іншыя — можна назваць дзясяткі выбітных імёнаў.

Канешне, нельга не згадаць пра выдатную ролю жанчын у рэвалюцыйных падзеях 2020 года і ў наступныя гады. І я мару пра той час, калі ў дэмакратычнай Беларусі будзе прэзідэнтам жанчына.

Гістарычны анекдот ад Арлова

Стары, але і сёння злабадзённы для беларусаў.

— У 1812 годзе пад Віцебскам Напалеон запытаўся ў беларускай бабулі: «Каму ты, бабуля, жадаеш перамогі ў гэтай вайне – французам ці расейцам?» Мудрая сялянка кажа: «Хачу, каб вы загналі расейцаў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы».