Рэвалюцыя «Салідарнасці». Гісторыя, якую варта ведаць беларусам

Калі беларусы пачалі змагацца за дэмакратычныя змены ў сваёй краіне, значная частка палякаў шчыра падтрымала гэты працэс. У сацыяльных сетках і медыярэсурсах нашы заходнія суседзі актыўна віталі беларусаў і адзначалі, што Польшчы таксама давялося прайсці праз падобныя падзеі. Гаворка ідзе пра барацьбу за дэмакратычныя змены на працягу 1980-х гадоў.

Міліцыя збівае людзей, ПНР

Міліцыя збівае людзей, ПНР

Усё пачалося на Поўначы

У жніўні 1980 года Польшчу ахапіла хваля забастовак, якія фактычна ўзніклі з-за росту коштаў на тавары. 14 жніўня 1980 года распачаўся «страйк» на суднаверфі ў Гданьску, які быў арганізаваны «Свабоднымі прафсаюзамі ўзбярэжжа». Кіраваў забастоўкай малады працоўны Пётр Малішэўскі. У гэты ж дзень на суднаверф прыехаў адзін з лідараў тагачасных польскіх пратэстаў Лех Валенса. Працоўныя патрабавалі ўзнаўлення на працы звольненых калегаў, стварэння помніка ахвярам падзей снежня 1970 года, калі камуністычныя ўлады Польскай народнай рэспублікі крывава падавілі маніфестацыі польскіх працоўных, выкліканыя ростам коштаў на прадукты харчавання. Хутка на суднаверфі з’явіліся дэлегацыі іншых прадпрыемстваў, якія таксама баставалі. У выніку быў створаны Аб’яднаны стачачны камітэт на чале якога стаў Лех Валенса. Тады ж гімнам польскіх працоўных стала песня «Муры» ў выкананні Яцэка Качмарскага.

Што ж патрабавалі польскія пратэстоўцы? Перш за ўсё, прызнання з боку дзяржавы незалежных прафсаюзаў і дазволу на іх развіццё. Важным момантам было патрабаванне свабоды слова і свабоднага доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Польскія грамадзяне актыўна дамагаліся спынення гвалту з боку «сілавікоў», а таксама правядзення эканамічных рэформаў.


«…На выпадак аказання ваеннай дапамогі ПНР»

Афіцыйныя медыя спрабавалі схаваць праўду пра пратэсты, аднак польскія грамадзяне шукалі іншыя крыніцы інфармацыі, і такой стала радыёстанцыя «Свабодная Еўропа», якая працавала ў Мюнхене. Да 21 жніўня 1980 года забастоўкі ахапілі ўсю Польшчу. 28 жніўня быў падрыхтаваны праект пастановы ЦК КПСС за подпісам Андрэя Грамыкі, Юрыя Андропава, Дзмітрыя Усцінава, Канстанціна Чарненкі, Міхаіла Суслава.

Вось што было ў гэтым дакуменце: «Абстаноўка ў ПНР працягвае заставацца напружанай. Страйкавы рух набывае агульнадзяржаўны маштаб. Улічваючы абстаноўку, якая складваецца, Міністэрства абароны просіць для стварэння групоўкі войскаў на выпадак аказання ваеннай дапамогі ПНР дазволіць у першую чаргу прывесці з 18.00 29.08 у поўную баявую гатоўнасць тры танкавыя (Прыбалтыйская вайсковая акруга — 1, Беларуская вайсковая акруга — 2) і адну мотастралковую (Прыкарпацкая вайсковая акруга) дывізіі. На даўкамплектаванне гэтых дывізій паклікаць з народнай гаспадаркі па 25 тысяч ваеннаабавязаных і 6 тысяч аўтамабіляў, у тым ліку 3 тысячы на замену машын, якія накіраваліся з гэтых войскаў на ўборку ўраджаю, без якіх дывізіі не змогуць цалкам падняць свае рухомыя запасы. Неабходнасць даўкамплектавання дывізій за кошт рэсурсаў народнай гаспадаркі выклікаецца тым, што яны ў мірны час утрымліваюцца ў скарочаным складзе, і для паспяховага выканання задач пры ўводзе іх на тэрыторыю ПНР патрабуецца папярэдне правесці з імі баявое зладжванне на працягу 5–7 сутак».

Нічога не нагадвае? З пачатку беларускіх пратэстаў у 2020-м незалежнае беларускае грамадства непакоіць фактар расійскай вайсковай пагрозы па прынцыпе гібрыдных агрэсій, якія Крэмль ажыццявіў супраць Грузіі ў 2008 годзе ды ў 2014 годзе супраць Украіны. Польшча ў пачатку 1980-х была ў кроку ад савецкай узброенай інтэрвенцыі. Аднак Крэмль свае дывізіі «на падтрымку народнай уладзе» так і не накіраваў.

vajskovae_stanoviszcza_u_polszczy__paczatak_1980_h.jpg


Войска на вуліцах

Эканамічнае становішча ў ПНР працягвала пагаршацца, была ўведзена карткавая сістэма на прадукты. У сакавіку 1981 года ў Быдгашчы спецыяльны атрад польскай народнай міліцыі «Zomo» (аналаг беларускага АМАПу) жорстка збіў чальцоў прафсаюза «Салідарнасць» Яна Рулеўскага, Марыюша Лабентовіча ды Міхала Бартошча. У адказ на гэта адбылася чарговая ўсеагульная забастоўка. У жніўні 1981 года кіраўнік СССР Леанід Брэжнеў у лісце, накіраваным першаму сакратару ЦК Польскай аб’яднанай працоўнай партыі (ПАПР) Станіславу Каню адзначаў: «Нас інфармуюць, што цяпер у краіне ледзь не паўсюдна ўзмацняецца разгул антысаветызму. Далей, кажуць, быццам урад гатовы саступіць патрабаванням “Салідарнасці” аб перадачы прадпрыемстваў працоўным калектывам, то-бок, фактычна, у групавую ўласнасць. З чым жа тады застанецца дзяржава? Бо гэта разбурэнне эканамічнай асновы сацыялізму».

У верасні-кастрычніку 1981 года ў ПНР адбыўся Першы агульны з’езд дэлегатаў прафсаюза «Салідарнасць», на якім Лех Валенса быў абраны кіраўніком гэтай апазіцыйнай арганізацыі. Гэты факт асабліва напаліў сітуацыю. Крэмль ціснуў на сваіх людзей у Варшаве. Урэшце, 13 снежня 1981 года ў Польшчы было ўведзена ваеннае становішча. Гэта азначала, што «Салідарнасць» аказалася па-за законам, а яе кіраўнікоў арыштавалі. Спецпадраздзяленні польскай народнай міліцыі брутальна разганялі мітынгі працоўных і затрымлівалі тых, хто выказваўся за працяг забастовак. 16 снежня 1981 года падраздзяленні міліцыі выкарысталі зброю падчас маніфестацыі на шахце «Вуек». Тады загінулі 9 шахцёраў, а 21 працоўны быў паранены. 17 снежня 1981 года міліцыя адкрыла агонь па пратэстоўцах у Гданьску. Адзін чалавек загінуў, а некалькі атрымалі раненні. Напрыканцы 1981 года ўсе забастоўкі спыніліся.


«Контррэвалюцыя не зламаная»

Пасля ўвядзення ваеннага становішча ЗША ўвялі супраць ПНР эканамічныя санкцыі, якія яшчэ пагоршылі сітуацыю ўнутры краіны. Аднак людзі працягвалі выходзіць на пратэсты. Іх у гэтым падтрымліваў каталіцкі касцёл. Асабліва моцныя пратэсты адбыліся падчас святкавання забароненага камуністамі свята Канстытуцыі 3 траўня. Спецпадраздзяленні міліцыі жорстка разганялі мітынгоўцаў. У жніўні 1982 года хваля пратэстаў узмацнілася.

«Што тычыцца паслаблення рэжыму ваеннага становішча, у тым ліку вызвалення большасці інтэрнаваных, то я так разумею, што вы імкняцеся забяспечыць сабе больш шырокую падтрымку насельніцтва, паўплываць на Захад. У якасці свайго роду авансу вы, відавочна, сказалі і пра магчымасць прыпыніць ваеннае становішча да канца года, калі абстаноўка будзе паляпшацца. Можна толькі пажадаць, каб так яно і было.

Але вядома, каб пазбегнуць горшага, трэба заставацца гатовымі і на выпадак неспрыяльнага ходу падзей. Контррэвалюцыя не зламаная. Яна збірае сілы ў падполлі і працягвае рабіць небяспечныя вылазкі. Таму, мне здаецца, адмяніць дзеянне ваеннага становішча акажацца магчымым не тады, калі контррэвалюцыя проста заціхне. Цішыня можа быць зманлівай. Вам патрэбна цвёрдая ўпэўненасць, што контррэвалюцыя зламаная і не здолее зноў падняцца. А гэта патрабуе, як мінімум, забароны “Салідарнасці” і, вядома, сур’ёзнага ўмацавання баяздольнасці партыі. Без гэтага немагчыма здаровае развіццё», — адзначаў у той час у размове з Войцехам Ярузэльскім кіраўнік СССР Леанід Брэжнеў.

У кастрычніку 1982 года пачалася чарговая хваля забастовак, а ў лістападзе таго ж года ўлады выпусцілі з лагера для інтэрнаваных Леха Валенсу. Разам з тым спецслужбы арганізавалі аблавы на падпольных дзеячаў руху «Салідарнасці» ў выніку чаго было рэпрэсавана каля 10 тысяч чалавек.


Ад нобелеўскай прэміі міра да незалежнасці

Адным з сімвалаў барацьбы палякаў супраць камуністычнай сістэмы сталі шматлікія насценныя малюнкі ды графіці. Яны былі паўсюль: на тратуарах, сценах, платах. 22 ліпеня 1983 года было адменена ваеннае становішча.

Вось як у лістападзе 1983 года кіраўніка ПНР Войцеха Ярузэльскага інструктаваў яго савецкі калега Юрый Андропаў: «Супернік не мае намеру адступаць. Проціборства будзе з ім жорсткае. Падпольныя структуры, якія арганізацыйна аформіліся, самаадвольна не знікнуць. Відавочна, што без рашучага, радыкальнага стрымання антысацыялістычнай дзейнасці ва ўсіх яе формах і разам з тым гнуткасці ў адносінах з асобнымі пластамі грамадства цяжка чакаць перамогі на выбарах».

Аднак працэс барацьбы польскага грамадства супраць камунізму немагчыма было спыніць. Увосень 1983 года ў ПНР было створана Агульнапольскае аб’яднанне прафесійных саюзаў, якое хутка аб’яднала каля 5 мільёнаў польскіх грамадзян. У снежні 1983 года жонка Леха Валенсы атрымала за свайго мужа ў Осла Нобелеўскую прэмію міра. Сам Валенса не атрымаў пашпарт, які б дазволіў выехаць за мяжу.

У кастрычніку 1984 года камуністычныя спецслужбы забілі ксяндза Ежы Папялушку, які прытрымліваўся антыкамуністычных пазіцый. Праз год адбыліся гучныя судовыя працэсы супраць дзеячаў падпольнай «Салідарнасці» ў Гданьску. У ліпені 1986 года камуністычныя ўлады абвясцілі амністыю для палітычных вязняў, і больш за 40 чалавек выйшлі на свабоду. Падчас перабудовы Крэмль ужо не мог цалкам кантраляваць працэсы дэмакратызацыі, якія адбываліся ў ПНР. «Салідарнасць» паступова легалізавалася.

У красавіку 1988 года пачалася новая хваля агульнапольскіх забастовак, што ўрэшце прывяло да перамоваў уладаў ды пратэстоўцаў у рамках «круглага стала». У снежні 1988 года быў створаны Грамадскі камітэт, які пачаў рыхтаваць прапановы апазіцыі да ўладаў. 6 лютага 1989 года распачаліся перамовы, якія працягваліся да 5 красавіка. У выніку было прынята рашэнне аб поўнай легалізацыі «Салідарнасці» ды правядзенні свабодных выбараў у Сенат ды Сейм.

У выніку выбараў большасць польскіх грамадзян падтрымала кандыдатаў ад апазіцыі. 24 жніўня 1989 года новым прэм’ер-міністрам стаў Тадэвуш Мазавецкі — першы некамуністычны прэм’ер Польшчы з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны. Пры гэтым пасаду прэзідэнта працягваў займаць камуніст Войцех Яру­зэльскі (да снежня 1990 года). Хутка пад кіраўніцтвам міністра фінансаў Лешка Бальцаровіча быў распрацаваны план эканамічных рэформ, які ўвайшоў у гісторыю як «шокавая тэрапія».

29 снежня 1989 года Сейм прыняў змены ў Канстытуцыю краіны, паводле якой краіна была перайменаваная ў Рэспубліку Польшча, была адменена «кіруючая роля» Польскай аб’яднанай працоўнай партыі, а герб краіны зноў, як і ў міжваенны перыяд, атрымаў карону. Так скончыўся доўгі — ці не дваццацігадовы — шлях барацьбы польскага народа за дэмакратыю і незалежнасць сваёй краіны.