Як 35 гадоў таму ў Польшчы упершыню з часоў вайны прэм’ерам стаў не камуніст

Падзеі лета 1989 года разглядаліся як негвалтоўная рэвалюцыя ў таталітарнай Польскай Народнай Рэспубліцы, што цалкам плясала пад чырвоную дудку Крамля. Вынікам шматгадовай барацьбы паміж камуністамі і прыхільнікамі свабоды, а больш спрошчана паміж Ярузэльскім і Валенсай скончыўся непазьбежнай паразай дыктатуры. 24 жніўня 1989 года прэм’ерам стаў Тадэвуш Мазавецкі з «Салідарнасьці».

Тадэвуш Мазавецкі

Тадэвуш Мазавецкі

Жнівень 1989 года ў Польшчы стаў адным з найістотных момантаў у сучаснай гісторыі краіны. Гэты месяц стаў кульмінацыяй гадоў барацьбы, перамоваў і ахвяраў, што прывяло да прызначэньня прэм'ер-міністрам таго, хто змагаўся супраць рэжыму.

Польшча, як і большая частка Ўсходняй Эўропы, знаходзілася пад кантролем камуністычнага рэжыму, уведзенага Савецкім Саюзам пасьля Другой сусьветнай вайны. Нагадаем, тады Сталін праз тэрор і рэпрэсіі змусіў тыя дзяржавы, у якіх знаходзілася чырвона-камуністычная армія, перайсьці на рэйкі сацыялізму і дыктатуры. Крамлёўскія войскі і спецслужбы забясьпечылі нязьменнасьць сваіх структураў у гэтых проксі-дзяржавах: ад ГДР і Чэхаславаччыны, да Румыніі і Балгарыі.

Паўстаньні 1956 года ў Вугоршчыне, 1968 года ў Чэхаславаччыне і іншыя формы супраціву паказвалі: нацыі жывыя, людзі напагатове змагацца за свабоду слова, выбараў і ўласных лёсаў.

1980-я гады былі асабліва бурлівымі ў Польшчы. У 1978 годзе польскі кардынал Караль Вайтыла быў абраны ў якасьці Папы Рымскага. Праз некалькі месяцаў Рух «Салідарнасьць», які ўзначаліў звычайны працоўны Лех Валенса, быў падтрыманы мільёнамі працоўных, інтэлігенцыі і духавенства. Ён стаў магутнай сілай супраць камуністычнага рэжыму. Нягледзячы на ​​тое, што падчас ваеннага становішча, якое дзейнічала амаль усё дзесяцігодзьдзе, «Салідарнасьць» была абвешчаная па-за законам, а яе прыхільнікі падвяргалася жорсткім рэпрэсіям, яна выжыла. Гэта яскравы прыклад трывалага супраціву нацыі камуністычнаму пракрамлёўскаму кіраўніцтву.

Круглы стол

Пачатак канца камуністычнага дыктатарскага рэжыму ў Польшчы можна прасачыць па перамовах за круглым сталом, якія адбываліся з лютага па красавік 1989 года. Гэтыя перамовы паміж урадам і апазыцыйнымі сіламі, у тым ліку «Салідарнасьцю» Леха Валенсы, былі адказам на рост сацыяльных хваляваньняў і эканамічнага крызісу, які рабіў камуністычнае кіраўніцтва ўсё больш нетрывалым. Перамовы прывялі да гістарычнага пагадненьня, якое адкрыла шлях да напаўсвабодных выбараў у чэрвені 1989 года.

Выбары, хоць і былі толькі часткова свабоднымі — праз зарэзэрваваныя месцы (квоты) за прарэжымнай партыяй — прывялі да ашаламляльнай перамогі Салідарнасьці, якая атрымала 99 са 100 дасяжных месцаў у Сэнаце і ўсе, акрамя аднаго, месца ў Сейме (ніжняя палата). Камуністычнай партыі і яе хаўрусьнікам засталося толькі 65% месцаў, як было прадугледжана пагадненьнем, але гэтага ўжо было недастаткова, каб захаваць іх манаполію на ўладу.

Жнівень сьпякоты і надзеі

Улетку 1989 года сітуацыя ў Польшчы была звыш напружанай. Вынікі выбараў выклікалі шок у краіне і камуністычным блёку ў цэлым. Грамадзяне Польшчы патрабавалі сапраўдных пераменаў. Камуністычнае кіраўніцтва, цяпер моцна саслабленае і дыскрэдытаванае, сутыкнулася з крызісам існаваньня. Як выявілася, чырвоных марыянэтак ніхто не любіў.

Галоўнае пытаньне, якое турбавала ўсіх, ці адмовяцца добраахвотна камуністы ад улады, ці паспрабуюць аднавіць кантроль сілай, як яны рабілі ў мінулым.

У такой напружанай атмасфэры сабраўся сейм, каб сфармаваць новы ўрад. Камуністычны рэжым, усьведамляючы сваё хісткае становішча, імкнуўся знайсьці кампраміс, які дазволіў бы ім захаваць пэўны ўплыў, і пры гэтым задаволіць патрабаваньні апазыцыі. Нягледзячы на ​​іх спробы стварыць кааліцыю з «Салідарнасьцю», хутка стала відавочным, што апошняя не жадае задаволіцца дробязямі. Вырашалася пытаньне аб пераўтварэньні дзяржавы ў з краіны-сатэліта ў самастойную эўрапейскую краіну.

19 жніўня 1989 года камуністычны ўрад на чале з генэралам Войцэхам Ярузэльскім пайшоў на гістарычную саступку. Яны пагадзіліся з тым, каб «Салідарнасьць» вылучыла кандыдата ў прэм'еры. Гэтае рашэньне было маўклівым прызнаньнем паразы, бо сыгналізавала канец панаваньня камуністаў у Польшчы.

Тадэвуш

Тадэвуш Мазавецкі

Тадэвуш Мазавецкі

Сваім кандыдатам на пасаду прэм'ер-міністра «Салідарнасьць» абрала Тадэвуша Мазавецкага, паважанага інтэлектуала, журналіста і блізкага дарадцы Леха Валенсы. Мазавецкі быў чалавекам глыбокіх маральных перакананьняў, вядомым сваім прынцыповым супрацівам як камунізму, так і таталітарызму ў цэлым.

24 жніўня 1989 года Сейм прагаласаваў за зацьвярджэньне Мазавецкага на пасадзе прэм'ер-міністра, што зрабіла яго першым некамуністычным кіраўніком урада ў Польшчы больш чым за чатыры дзесяцігодзьдзі.

Урад Мазавецкага сутыкнуўся з вялізнымі цяжкасьцямі. Яго каманда правяла шэраг рэформаў, скіраваных на пераўтварэньне Польшчы ў рынкавую эканоміку. Сярод іх лібэралізацыя коштаў, прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і стабілізацыя валюты. Былі зьмененыя герб і назва краіны з Польскай Народнай Рэспублікі на Рэспубліку Польшча. 29 сьнежня 1989 года ў Канстытуцыю Польшчы былі ўнесены істотныя зьмены, у тым ліку выдалена прэамбула, перагледжаныя разьдзелы аб палітычным і эканамічным кіраваньні і перапісаныя разьдзелы, якія тычацца прафсаюзаў.

Мазавецкі скарыстаўся велізарнай папулярнасьцю і даверам да руху «Салідарнасьць», каб пачаць глыбокія палітычныя і эканамічныя рэформы. Рэформы, шырока вядомыя як плян Бальцэровіча (або шокавая тэрапія Бальцэровіча) — названыя ў гонар міністра фінансаў Мазавецкага Лешака Бальцэровіча.

Быў таксама ініцыяваны працэс люстрацыі, або праверкі былых камуністычных чыноўнікаў, каб ачысьціць новы ўрад ад тых, хто быў саўдзельнікам у злачынствах папярэдняга рэжыму.

Тадэвуш Мазавецкі ўдзельнічаў у першых дэмакратычных выбараў прэзідэнта Польшчы ў 1990 годзе. Гэта стала магчымым пасьля незгладжальнага канфлікту прэм’ера з лідарам «Салідарнасьці» Лехам Валенсай.

Глядзіце таксама

Па выніках першага тура Валенса атрымаў амаль 40%, бізнэсовец Станіслаў Тымінскі – 23%, а Тадэвуш Мазавецкі прыйшоў трэцім з вынікам у 18% і не трапіў у другі тур, дзе Лех Валенса разграміў суперніка з паказчыкамі 75% на 25%.

У 1991 годзе Мазавецкі пайшоў у адстаўку з пасады прэм’ера, але яшчэ доўгі час заставаўся дарадцам розных правых палітычных сілаў краіны. Першы некамуністычны прэм’ер Польшчы памёр ва ўзросьце 86 гадоў у 2013 годзе.

Для нас гэта гучыць як прыгожая і ўдалая казка, у якой пашчасьціла апынуцца нашым суседзям на захад ад Буга. Але толькі штодзённая праца напрацягу доўгіх гадоў змагла даць урэшце той так доўга чаканы плён. Беларусь будзе вольнай, пытаньне толькі калі.