«Не дарога, а катаванне». Беларусы распавялі, як стаяць у рэкордных чэргах на мяжы

А 10-й гадзіне раніцы 21 жніўня на памежным пераходзе «Берасце» ў чарзе стаяць 85 аўтобусаў і 550 легкавікоў, сведчыць сайт Памежнага камітэту. З учорашняга рэкорду змянілася няшмат: тады выезду чакалі 90 аўтобусаў, а дарога ў некаторых беларусаў заняла два дні.

Ілюстрацыйны здымак. tvn24.pl

Ілюстрацыйны здымак. tvn24.pl

Пры гэтым на іншых памежных пунктах такога жаху няма, піша «Белсат». Напрыклад, у пункце «Каменны Лог» на літоўскай мяжы стаяць 30 легкавікоў, аўтобусаў увогуле няма. У «Беняконях» і «Грыгораўшчыне» таксама без чэргаў.

Вось што кажуць беларусы, якія чакалі выезду ў Польшчу ў гэты час:

«19 жніўня а 11.50 сталі ў чаргу аўтобусаў ад кальца. 20 жніўня а 18.15 заехалі да беларусаў на пашпартны кантроль. А 01:40 – заезд да палякаў, 03:00 21 жніўня з'ехалі. Час беларускі».

«Выехалі з Менску 18 жніўня а 11:35, прыбылі ў Варшаву 20 жніўня а 10:00. Амаль два дні».

 Крыніца:  gpk.gov.by.

 Крыніца:  gpk.gov.by.

«Гэта не дарога, а чарговае катаванне для беларусаў: спякота, прыбіральня ў аўтобусе зачыненая, усю ежу на мяжы кіроўцы патрабуюць выкінуць (я іх ужо проста ігнарую, а шмат хто ў шоку выкідваюць усё і потым сядзяць галоднымі содні). Агульны шлях да Варшавы заняў 20 гадзінаў, але я плаціла кіроўцу, каб перасесці са свайго 55-га аўтобуса ў другі, што ўсё роўна прастаяў на месцы 8 гадзінаў. У кіроўцаў відавочна бізнес наладжаны: у гучнагаварыцелі прапануюць перасесці, бяруць грошы і вядуць цябе туды, дзе ёсць месцы. А калі твой напаўпусты аўтобус (нямногія даседжваюць двое содняў там) аказваецца ў пачатку чаргі, за тваё месца плацяць людзі з канца чаргі».

«А 14:30 20 жніўня сталі ў чаргу Беларусь – Польшча ў самым канцы ў тупіку. За 8 гадзінаў прайшлі крыху далей ад мосту, да сметнікаў, сталі – і ўжо больш за гадзіну не рухаемся».

«Учора (20 жніўня) муж быў а 5-й раніцы на мяжы Беларусь – Польшча. Перасеў у сёмы аўтобус, найбліжэйшых да шлагбаума, дзе былі месцы. Заплаціў 40 еўраў. А 22-й гадзіне быў у Варшаве».

«Аўтобусы чакаюць 2,5--3 содняў, прыязджаюць прыкладна 80-мі. Прыехаўшы, усе  пасажыры выходзяць і ідуць у першыя аўтобусы – дамаўляцца з кіроўцам. Месца каштуе ад 30–50 еўраў. Пасля мінання шлагбаума на беларускай мяжы трэба яшчэ прыкладна 12 гадзінаў, каб трапіць ужо на тэрыторыю Польшчы. Раю ўсім купляць білеты да Берасця, а адтуль проста на таксі прыехаць да мяжы. Зэканоміце час і грошы».

«У мяне склалася ўражанне, што чаргу ствараюць наўмысна, каб сёй-той потым назбіраў грошай з тых, хто перасеў у іншыя аўтобусы, і падзяліў іх паміж сабою. Бо ты проста сядзіш у аўтобусе і гадаеш, чаму так павольна – допыты там, дагляды ці яшчэ што. А потым аказваецца, што не адбываецца зусім нічога: мытнікі нікуды не спяшаюцца, пакуль аўтобус 10 гадзінаў стаіць на месцы і проста чакае. У аўтобусе равуць дзеці і няма магчымасці спакойна паспаць ці схадзіць у прыбіральню. А потым за хвіліну ўсе хутка праходзяць мяжу». 

«З Менску я выехала а 22:00 і была ўжо на кальцы а 02:00. З 02:00 да 06:00 чарга прасунулася на два аўтобусы – і ўсё. Шмат тых, хто не жадае чакаць двух содняў. Таму перасаджваюцца, вядома. Кіроўцы бяруць усіх, галоўнае, каб было месца. Трэба пытацца ў кожнага кіроўцы, куды едзе і ці возьме вас. Я месца сабе знайшла толькі ў сёмым аўтобусе ад шлагбаума і тое да Варшавы».

«Выязджала ў Варшаву 17 жніўня. Калі выехала з Менску, на мяжы было 20–30 аўтобусаў, а калі сталі ў чаргу – ужо каля 50. У выніку дарога заняла амаль двое содняў, з іх 34 гадзіны на мяжы. Перасесці ў аўтобус, што стаяў наперадзе, не ўдалося: кіроўцы не бралі, на шмат якіх аўтобусах была таблічка «Месцаў няма». Хаця, напрыклад, у нашым месцы былі. Стаяць столькі ў чарзе вельмі цяжка не фізічна, а маральна. Зусім невядома, калі прасунешся. Непрыемных адчуванняў дадало тое, што на мяжы ў аўтобусе зламаўся кандыцыянер».