Анджэй Дуда: Думаю, мы нашмат бліжэй да вызвалення Пачобута
«Мы вельмі старанна працуем, і я бачу сімптомы зменаў з іншага боку», — заявіў прэзідэнт Польшчы.
Варшава працягвае працу па вызваленні беларускага палітвязня, журналіста Анджэя Пачобута, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня ў інтэрв’ю Kanał Zero, піша «Позірк».
“Я думаю, мы нашмат бліжэй [да вызвалення Пачобута]. Мы не на паўкроку бліжэй. <…> Мы вельмі старанна працуем, і я бачу сімптомы зменаў з іншага боку. <…> Мы значна бліжэй”, — сказаў Дуда.
Гаворачы аб вызваленні Аляксандрам Лукашэнкам шэрагу палітвязняў, польскі прэзідэнт адзначыў, што “гэтая невялікая адліга” адбылася пасля яго “вяртання з Кітая“.
Паводле слоў Дуды, Варшава “рознымі спосабамі” дамагаецца вызвалення журналіста. “Мы не забываем пра гэтую справу, імкнемся да гэтага”, — дадаў ён.
Адказваючы на пытанне аб магчымым вызваленні Пачобута ў рамках праведзенага 1 жніўня абмену зняволенымі паміж ЗША, Расіяй і Германіяй, прэзідэнт сказаў, што “польскія ўлады даведаліся пра гэта ў апошнюю хвіліну”.
“Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах. Гэта праўда. Гэтыя перамовы вялі амерыканцы. Амерыканцы размаўлялі з Расіяй. Менавіта яны вялі гэтыя перамовы з самага пачатку. Гэта ўсё, што я магу сказаць пра гэта”, — паведаміў Дуда.
“Да нас, як да саюзнікаў, быў звернуты заклік аб правядзенні абмену, — дадаў ён, маючы на ўвазе вызваленне з польскай турмы меркаванага агента ГРУ РФ Паўла Рубцова, якога абвінавачвалі ў шпіянажы. — [Пагадзіцца на такія ўмовы абмену] — гэта было цяжкае рашэнне. Гэта рашэнне павінен быў прыняць прэм’ер-міністр, ён гаварыў са мной раней”.
Пры гэтым Дуда звярнуў увагу, што Варшава мела магчымасць “заблакаваць абмен”, але гэта магло стварыць “сур’ёзную праблему” ў выпадку, калі б Пачобут не пагадзіўся з такімі ўмовамі вызвалення.
“Я не ведаю, хацеў бы ён, каб яго абмянялі на шпіёнаў без магчымасці вярнуцца ў Беларусь. І, такім чынам, без магчымасці быць са сваёй сям’ёй. Без магчымасці быць нармальным грамадзянінам”, — удакладніў палітык.
Ён заявіў, што Пачобут “арыштаваны незаконна, ён невінаваты, ён свабодны, сумленны чалавек”.
“Таму яго святое права — выйсці з гэтай турмы і мець магчымасць перасоўвацца па Беларусі, як яму захочацца, як свабоднаму чалавеку, як грамадзяніну Беларусі. Ён грамадзянін Беларусі. Ён шмат разоў гэта падкрэсліваў: я грамадзянін Беларусі. Так, я паляк, гэта маё паходжанне, гэта мая кроў, гэта мае гены. Гэта мая спадчына — польскасць. Але я нарадзіўся ў Беларусі, я грамадзянін Беларусі, я на сваёй радзіме”.
Над вызваленнем журналіста, падкрэсліў Дуда, Варшава працуе ўжо некалькі гадоў.
“Мы прыдумалі розныя магчымасці, каб вызваліць яго з турмы [яшчэ] некалькі гадоў таму <…>. Ён не пагадзіўся з некаторымі рашэннямі, якія мы прапанавалі”, — сказаў прэзідэнт Польшчы.
Імя Пачобута “ўсплывала” падчас перамоваў па абмене зняволенымі паміж ЗША і РФ, паведаміў у эфіры TVP Info кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера. “Ход такога роду перамоваў кожны раз сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі, пра якія я не магу тут расказаць. Аднак намаганні па вызваленні спадара Пачобута працягваюцца”, — сказаў ён.
4 жніўня 2024 года намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна ў эфіры Polsat News паведаміў, што вызваленне Пачобута і іншых палітвязняў абмяркоўваецца “наўпрост з Беларуссю”.
9 жніўня ў эфіры TVN24 кіраўніца канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцка заявіла, што Пачобут “не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца”. Да меркавання палітвязня трэба ставіцца вельмі сур’ёзна, падкрэсліла яна.
Папроцка запэўніла, што “ёсць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам”, гэтае пытанне ўвесь час стаіць на парадку дня прэзідэнта Польшчы. Яна выказала надзею, што “гэтая справа неўзабаве сустрэне добры фінал”.
Кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам у красавіку гэтага года, заявіла ў каментары Rzeczpospolita 12 жніўня, што журналіст пагадзіўся пакінуць краіну ў выпадку вызвалення.
“Па маёй просьбе ён пагадзіўся пакінуць краіну. Анджэй выглядаў вельмі дрэнна. У мяне сэрца сціснулася”, — сказала Борыс.
8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Пасля гэтага Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).