Анджэй Пачобут быў гатовы з'ехаць з Беларусі — Rzeczpospolita

Палітвязень Анджэй Пачобут быў гатовы з'ехаць з Беларусі. Пра гэта піша Rzeczpospolita са спасылкай на кіраўніка Саюза палякаў Анжаліку Борыс, перадае reformby.org. Увесну яна мела магчымасць сустрэцца з Пачобутам.

pachobut_5_1.webp

«Я размаўляла з Анджэем дзве з паловай гадзіны. Наша размова тычылася становішча Саюза палякаў. І я, і Анджэй хочам, каб польскасць тут захавалася, каб мы маглі выкладаць польскую мову. Наша Польшча тут, на Нёмане. Ён быў рады, што мы ўсё яшчэ займаемся гэтым у гэтай складанай сітуацыі. Я папрасіла яго разгледзець магчымасць выезду з краіны, калі яна будзе. Сказаў мне так: калі ты лічыш, што так трэба паступіць, так зраблю. Па маёй просьбе ён пагадзіўся пакінуць краіну. Жыццё майго калегі для мяне важней за ўсё», — цытуе выданне Анжаліку Борыс.

Па словах Борыс, да гэтага яна напісала ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай сустрэцца з Пачобутам. Сустрэча адбылася ў красавіку.

«Ён выглядаў вельмі дрэнна. Маё сэрца разрывалася. Маральна ён адчувае сябе добра, але фізічна ён выглядаў вельмі дрэнна. Ён моцна схуднеў, я яго не пазнала. Пры ім яшчэ трымалася, але калі выйшла з турмы, проста заплакала», — дадала яна.

Па словах Борыс, падчас наведвання ёй дазволілі перадаць Пачобуту лекі. Менавіта пра сустрэчу з Пачобутам ішла размова падчас размовы Борыс і прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў сярэдзіне красавіка.

«Я неадкладна паехала ў Варшаву і дала гэтую інфармацыю прэзідэнту Анджэю Дуду. Я папрасіла перамоваў аб вызваленні Пачобута», — сказала яна.

«Сёння для нас самае галоўнае, каб Анджэй Пачобут быў вольны і здаровы. Астатняе — другаснае», — дадала яна.

У публікацыі выдання гаворыцца, што падзяліцца падрабязнасцямі сустрэчы з Анджэем Пачобутам яе заахвоціла тое, што ў Польшчы з'явіліся каментары пра ягонае нежаданне пакідаць Беларусь. Яна пацвердзіла, што вясной 2021 года, калі былі вызваленыя тры актывісткі польскай меншасці, яны разам з Пачобутам сапраўды не пагадзіліся пакінуць краіну. Аднак з тых часоў ужо прайшло больш за тры гады.

Глядзіце таксама

У матэрыяле Rzeczpospolita прыводзяцца словы жонкі Анджэя Пачобута Аксаны. Яна таксама адмаўляе, што яе муж не згодны на выезд.

«Гэта трызненне, мой муж знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі і не мае магчымасці выказвацца», — сказала яна.

Выданне таксама звярнула ўвагу на праграму «Клуб рэдактараў», у якой Юрый Васкрасенскі заявіў, што беларускія ўлады былі гатовыя адпусціць Пачобута ў рамках нядаўняга абмену, але нібыта польскі бок адмовіўся.

«Нічога падобнага Лукашэнка не прапаноўваў», — пракаментаваў выданню міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семоняк.

«Гэта абсалютна няпраўда. Падчас расейска-амерыканскага абмену расейскі бок не прапанаваў уключыць Анджэя Пачобута. Вядома, амерыканцы даўно ведаюць, хто нам патрэбны, у тым ліку і Пачобут. Ужо некалькі месяцаў мы ўсяляк настойваем, просім і ціснем на вызваленні Анджэя Пачобута. Ніколі беларускі бок гэтага не прапаноўваў ні ў якой форме, ні наўпрост, ні ў рамках буйных міжнародных і двухбаковых абменаў», — сказаў міністр.

*****

Вядомага журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус. З таго часу ён за кратамі. Працэс над Андрэем Пачобутам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Ажыццяўленне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і ажыццяўленне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і прысудзіў яму 8 гадоў зняволення з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму

Старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс — палітзняволеная, якая была затрыманая па так званай «справе палякаў» (за правядзенне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасці). За кратамі Анжаліка правяла амаль год, але ў сакавіку 2022 года яе нечакана перавялі пад хатні арышт. Прашэнне аб памілаванні Анжаліка Борыс не пісала. У красавіку мінулага года быў зняты хатні арышт.