Журналіст года ў Польшчы, «тэрарыст» на радзіме. Анджэю Пачобуту — 50

Сёння беларускі і польскі журналіст Анджэй Пачобут сустракае юбілей за кратамі. «Новы час» і сябры Анджэя распавядаюць яго гісторыю.  

Банеры ў падтрымку Аджэя Пачобута і Анжалікі Борыс у цэнтры Варшавы. Фота Паўла Хадзінскага

Банеры ў падтрымку Аджэя Пачобута і Анжалікі Борыс у цэнтры Варшавы. Фота Паўла Хадзінскага


Аўтобусы на беларуска-польскай мяжы стаяць у чэргах па 18 гадзін — на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду Анджэю Пачобуту (8 гадоў за кратамі ва ўмовах узмоцненага рэжыму) польскі бок закрыў памежны пераход «Баброўнікі». — «Калі Анджэй Пачобут будзе заўтра вызвалены, то паслязаўтра пераход будзе адкрыты», — адназначна выказаўся Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі. Так Польшча адстойвае права на свабоду таго, хто ўсё жыццё змагаецца за правы палякаў у Беларусі.

Анджэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці. Ён паходзіць з вядомага роду Пачобутаў-Адляніцкіх і вызначае сябе палякам, які жыве ў Беларусі. Бацькі-выкладчыкі марылі пра тое, каб хлопчык стаў эканамістам ці інжынерам, але, калі надышоў час, Анджэй выбраў юрыспрудэнцыю — у 1988-м скончыў юрфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Пасля ўніверсітэта Анджэй Пачобут пагрузіўся ў свет панк-року — у 90-х, разам з малодшым братам Стасам яны заснавалі гурт Deviation. Deviation вядомы песнямі з недвухсэнсоўнымі назвамі — «Калі Лука Здохне», «Забі мяне мент», «Яб*ш ваенкаматы».

Стас і Анджэй Пачобуты на «Басовішчы-1997»

Стас і Анджэй Пачобуты на «Басовішчы-1997»


Я з ім пазнаёміўся ў далекім 1996 годзе. Ён быў басістам гарадзенскага панк-гурта Deviation. Некалькі разоў мы гралі на адных і тых жа імпрэзах. Пазней Анджэй адыйшоў ад музыкі, пайшоў з галавой у журналістыку, грамадскую дзейнасць, — кажа лідар гурта DzieciukiАляксандр Дзянісаў.

Я б пажадаў яму сілы. Нават у самых моцных людзей «сядаюць батарэйкі». І яшчэ, было б файна яму перадаць, што калісьці я напісаў песню для гурта «Людзі на балоце» на ягоны верш «Зброя». Цалкам раптоўна сёлета знайшоў яшчэ адзін ягоны верш сярод сваіх старых запісаў у нататніку. Таму паўстане яшчэ адна песня на ягоны верш — зробім яе разам з гуртом Dzieciuki. Яму будзе прыемна, — дадае Аляксандр.


Жуналістыкай Анджэй Пачобут актыўна займаецца з 2002-га. Ён пісаў для гродзенскіх выданняў «Пагоня», «Дзень», «Głos znad Niemna» (газета, што выдавалася на польскай мове Саюзам палякаў на Беларусі), таксама супрацоўнічаў з Мінскай «Народнай Воляй». А з 2006 года спадар Пачобут з'яўляецца карэспандэнтам буйнога польскага выдання «Gazeta Wyborcza».

Доўгі час Анджэй быў сябрам камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, праз гэта мы і пазнаёміліся, — кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. — Анджэй лічыць сябе палякам, але адначасова ён і вялікі патрыёт Беларусі. Напэўна, нічога не магло здарыцца ў Гародні, пра што б Пачобут не ведаў. Думаю, таму што ён сябраваў з вельмі рознымі людзьмі – бізнесоўцамі, палітыкамі, актывістамі. Гэта чалавек, з якім надзвычай прыемна кудасьці падарожнічаць, бо ў дарозе ёсць час паразмаўляць, абмяняцца думкамі, а ад Анджэя заўсёды можна было пачуць вельмі шмат цікавых гісторый.

Анджэй Пачобут. Фота Вольга Корсун

Анджэй Пачобут. Фота Вольга Корсун


Першую крымінальную справу супраць Анджэя Пачобута лукашэнкаўская пракуратура ўзбудзіла 18 сакавіка 2011 года. Тады журналіста абвінавацілі паводле двух распаўсюджаных сёння артыкулаў — абраза Лукашэнкі і паклёп на яго ж. Пасля лінгвістычнай экспертызы абвінавачанні ў абразе ўсё ж былі знятыя, а за «паклёп» Пачобуту прысудзілі 3 гады зняволення з адтэрміноўкай і вызвалілі ў зале суда.

Аднак жорны рэпрэсіўнай машыны не спыняюцца: улетку 2012-га на Анджэя Пачобута была заведзеная чарговая крымінальная справа праз ягоныя артыкулы. На шчасце, 30 чэрвеня таго ж года журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а ў сакавіку 2013-га справу папросту закрылі за адсутнасцю складу злачынства.

Мы пазнаёміліся гадоў 10 таму, можа у канцы 2011 — пачатку 2012. Я выйшаў адтуль, ён таксама выйшаў, — узгадвае ў каментары «Новаму Часу» актывіст і палітвязень Алесь Кіркевіч. — Сустрэліся — было пра што пагутарыць. Уражанне — бадзёры, вясёлы, кампанейскі чалавек.

Але калі справа тычыцца палітыкі ці гістарычных пытанняў – адразу сур’ёзны, погляд іншы, голас. Нібы чалавек ўжо стаіць у шыхце на варце чагосці найважнейшага ў жыцці.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021-га года пасля трохгадзіннага вобшука дома, у Гародні. Як адзначаюць праваабаронцы, у абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя таго, яму паставілі ў віну заявы ў абарону польскай меньшасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza аб беларускіх пратэстах у 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля ў Гродзенскай вобласці.

Пазней стала вядома, што палітвязню таксама прад'яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»), а 4 кастрычніка 2022-га КДБ унёс журналіста ў пералік асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Тым часам у Польшчы, у 2021-м, падчас знаходжання ў беларускім СІЗА, Анджэй Пачобут быў прызнаны журналістам года.

«Сёння беларускі рэжым ганебна асудзіў Анджэя Пачобута на 8 гадоў пазбаўлення волі. Польская гісторыя канца ХХ стагоддзя паказвае, што прамаскоўскі рэжым, які супрацьстаіць уласнаму грамадзтву, рухне, а справядлівасьць пераможа. Вольная Беларусь і яе верны сын Анджэй Пачобут пераможа!» — напісаў 8 лютага 2023 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

На наступны дзень быў закрыты памежны пераход у «Баброўніках». Пазней Лукашэнка заявіць, што гэты не вялікая страта («Не нужен он вам — закрывайте. Мы туда практически не ездим»). А беларусы пачнуць штурмаваць крамы ў Бяла-Падлясцы, баючыся, што Польшча зачыніць усе памежныя пераходы.

Анджэй Пачобут у зняволенні. Фота sb.by

Анджэй Пачобут у зняволенні. Фота sb.by


Аднім фактам зняволення журналіста, актывіста Саюза палякаў Беларусі крыважэрлы рэжым не абмежаваўся. За кратамі Анджэй Пачобут падвяргаецца ўсемагчым пазбаўленням і здзекам.

Як стала выдома выданню Rzeczpospolita, з 14 красавіка па 17 траўня 2021-га  Пачобут утрымліваўся ў мінскім СІЗА ў камеры, дзе праводзяць свае апошнія дні прысуджаныя да смяротнага пакарання.

Гэта так званы «расстрэльны калідор» [«калідор смерці»]. За сцяной у суседняй камеры знаходзіўся чалавек, якога прысудзілі да смяротнага пакарання, — сказаў суразмоўца Rzeczpospolitа, адзін з сукамернікаў Анджэя Пачобута.

Лукашэнкаўцы неаднаразова прапанавалі журналісту пакінуць Беларусь і з’ехаць у Польшчу, аднак ён прынцыпова застаецца ў Беларусі.

«Ніякія памілаванні мне не патрэбныя. Звяртацца ці прасіцца я не збіраюся. Нават калі будуць ціснуць. Па такіх справах, як мае, такія паводзіны былі б амаральнымі і не вартым памяці герояў Арміі Краёвай», — пісаў Анджэй Пачобут у адным з лістоў.

«З такім падыходам зразумела, што мяне чакае працяглае наведванне турмаў і лагераў, але тым, чые годнасць і гонар я абараняю, было значна цяжэйшым, і іх прыклад мяне заўсёды натхняў. І гэта не змянілася!», — падкрэсліваў журналіст.

Андрэй вельмі моцны духам, прынцыповы і нязломны чалавек. Такія людзі ідуць да канца. Ён меў мужнасць не з’язжаць з Беларусі. Ведаў, што яго выпусцяць, калі напіша памілаванне. Не з’ехаў, не напісаў. У гэтым і ёсць ягоная самая яскравая рыса, гэты самы стрыжань Пачобута.

Ён пытаецца ў самога сабе: «Хто, калі не я?». І стаіць непахісна на сваёй праўдзе, — падкрэслівае Аляксандр Дзянісаў.

Пачобут — чалавек прынцыпаў. У яго ёсць бачанне той жа гісторыі Заходняй Беларусі, з якім нехта пагаджаецца, нехта не. Але вы пашукайце іншага такога гісторыка ці журналіста, які б пагадзіўся за гэтыя прынцыпы памерці. Таму, калі да Анджэя паслалі Васкрасенскага на нейкія там перамовы, калі той ужо сядзеў за кратамі, ўяўляю, што гэты «ганец» пра сябе пачуў, — кажа Алесь Кіркевіч. — Пажадаць яму хочацца аднаго – Свабоды. Яшчэ — здароўя, сілаў. Бо нават цалкам здаровы, спартовы чалавек, на жаль, можа за месяцы і гады за кратамі згубіць не толькі час, але і гады жыцця на будучыню. Усё астатняе — воля, вера, упартасць і стойкасць — у Пачобута і так ёсць.

Анджэй Пачобут. Фота з Facebook

Анджэй Пачобут. Фота з Facebook


Ён застаўся ў Беларусі, таму што лічыць сябе моцным чалавекам. Тут складаюцца адразу некалькі чыннікаў, — адзначае Барыс Гарэцкі. — Першае, думаю, што гэта такая распаўсюджаная польская рыса. Яны выстаялі і перамаглі камунізм, гэта, я думаю, Анджэя вельмі натхняе. А яшчэ — каталіцтва, вера ў Бога і разуменне таго, што ты на сваёй зямлі, ты нічога не парушыў, таму мусіш стаяць з адкрытым забралам, пад небам, перад якім ты шчыры.

А рэжым працягваў здзекі. У СІЗА ён перанёс цяжкую форму каронавіруса, пры гэтым яго неаднаразова змяшчалі ў карцар. Таксама Анджэй Пачобут мае праблемы з сэрцам, аднак доступ да сардэчных прэпаратаў яму таксама абмяжоўваюць.

Анджэй Пачобут мае двух дзяцей — дачка навучаецца ў медыцынскім універсітэце ў Гародні, а сын — у школе. Ад 12-ці гадовага Ярэка Анджэй лістоў не атрымлівае, бо ён піша бацьку па-польску. «Ён не прайшоў цэнзуру», — з такой інфармацыяй вярнуўся ліст, у якім сын апісаў канец навучальнага года, паведамляла жонка Анджэя Аксана Gazeta Wyborcza.

Аксана Пачобут падкрэслівала, што лісты, якія Пачобут пісаў сыну, таксама падвяргаліся бязлітаснай цэнзуры ў турме. «Яму вярнулі тры лісты, напісаныя па-польску Ярэку. Відаць, так яму паказваюць, як у Беларусі змагаюцца з палякамі, нават калі яны сядзяць у турме», — напісала яна ў Фэйсбуку.

Аксана Пачобут. Скрыншот з відэа Р*дыё Свабода

Аксана Пачобут. Скрыншот з відэа Р*дыё Свабода

Я хачу сказаць, што Анджэю вельмі пашчасціла з жонкай, — кажа Барыс Гарэцкі. — Мы ўсе разумеем, як цяжка ў такіх сітуацыях блізкім. Але спадарыня Аксана – гэта проста надзвычайная падтрымка, крэмень. Без яе, напэўна, Анджэй бы не змог. Сёння мне хочацца пажадаць яму свабоды, як мага хутчэй мець магчымасць сустрэцца з роднымі на сваёй зямлі, каб нікуды не патрэбна было з’язджаць.

— Заўсёды, і цяпер асабліва, захапляюся ягонай мужнасьцю, — кажа журналіст і былі палітвязень Алег Груздзіловіч. — Ён сапраўдны прыклад для ўсіх нас. Жадаю яму ўдачы, там гэта таксама бывае і можа спрацаваць. А іншае ён выдатна сам робіць: не здаецца, не панікуе, не хістаецца, трымаецца, як скала. Пажадаю яму "сто лят" волі, і гэта для такога моцнага чалавека, як ён, цалкам магчыма. Так і будзе!