«Дзякуй богу, што мы жывыя». Як беларуска на сёмым месяцы цяжарнасці ўцякала з краіны праз лес

З Палінай Ляшко журналісты Люстэрка стэлефаноўваліся некалькі разоў. 

Тут і далей фота суразмоўцы «Л*стэрка»

Тут і далей фота суразмоўцы «Л*стэрка»

Доўга яна гаварыць не магла: 35-гадовая жанчына з мужам цяпер жыве ў Варшаве, у пары трое маленькіх дзяцей. Малодшая, Вера-Каталіна, яшчэ будучы ў жываце ў мамы, перажыла суд па «карагоднай справе», прысуд і ўцёкі з краіны праз лес. Некалькі тыдняў бацькі нават не былі ўпэўненыя, што дачка ўсё яшчэ жывая. «Л*стэрка» пагаварыла з Палінай пра ператрусы на вачах у дзяцей, пра суд і пагрозы адабраць малых і пра ўцёкі з краіны на сёмым месяцы цяжарнасці. Вось яе маналог.

«Была надзея, што хутка гэта скончыцца, іх усіх пасадзяць»

— У 2020 годзе я не чакала, што такое ўбачу. Мы з Андрэем (муж Паліны) удзельнічалі ўсюды, дзе толькі было можна. Дзявятага чысла былі каля нашага выбарчага ўчастка ў Брэсце, чакалі там да 12 ночы. Ніхто не аб'яўляў вынікі, людзі свісталі, крычалі. Потым хтосьці выклікаў міліцыю, усіх пачалі пакаваць. Мы ўматалі адтуль, але паехалі на плошчу. Бачылі, што там рабілася: кроў, светлашумавыя гранаты. І потым выходзілі амаль кожны дзень. Проста глядзець на тое, што рабілася з людзьмі, было немагчыма.

А далей нас хуценька апазналі. 17 верасня 2020-га мне патэлефанавалі з працы і сказалі, што нас шукаюць. Я думаю: «Ну добра, няхай прыходзяць». Мне было смешна, я была ўпэўненая, што засталося нядоўга, што іх усіх перасадзяць вельмі хутка. Не баялася, размаўляла вельмі нават борзенька. Чаго яны да нас прыперліся? Ішлі б куды-небудзь далей. Калі супрацоўнік зразумеў, што я не баюся, заявіў: «Ну, раз вы так размаўляеце, я магу вам сказаць, што вы будзеце сядзець доўга і ўпарта». Я пытаюся: «А чаму? Што я такога зрабіла?» На што ён адкрывае сваю тэчку і выкладвае мне фатаграфіі мужа і мяне на маршы. І кажа: «Вы крымінальнікі грэбаныя, вашых дзяцей забяруць у прытулак. А вы жыўцом згніеце ў турме разам са сваім мужам». Я толькі адказала: «Добра, паглядзім». На нас абодвух была заведзеная крымінальная справа па факце карагода ў Брэсце 13 верасня.

І з таго часу нас сталі цягаць па допытах. Першая была я, муж быў тады ў рэйсе (ён працаваў дальнабойнікам). Пасля ператрусу і допыту я выйшла адтуль у дзевяць вечара. Наогул думала, ужо не выпусцяць. Патэлефанавала адразу мужу, кажу, што вяртацца нельга, хай застаецца дзе-небудзь у Літве. Таму што пасадзяць. Ён не паверыў, вярнуўся. Яго адразу ж выклікалі на допыт і закрылі выезд з Беларусі.

Нас усяляк прыніжалі: «Вы бэчебэшнікі, кончаныя пачвары». Ні пра якую ежу і прыбіральні гаворкі не было. Мяне, дзякуй богу, не білі, і мужа таксама. Але псіхалагічна яны апрацоўвалі вельмі добра. Нам дапамагло толькі тое, што мы разумелі, хто гэта такія, і так проста зламаць не атрымалася. Але тады муж страціў працу, а так як я была ў дэкрэтным, працаваў ён адзін. Мы не ведалі, што рабіць, ды і яшчэ была надзея, што хутка гэта скончыцца, іх усіх пасадзяць. Мы думалі і дагэтуль лічым, што нічога дрэннага не зрабілі. Мелі права.

polina_s_detmi_v_zooparke._oktyabr_2020_goda.jpg

У гэтым усім жаху прайшоў верасень, кастрычнік, лістапад. І ў снежні я даведаюся, што ў становішчы. У мяне ўжо да таго часу былі праблемы са здароўем, пачаліся панічныя атакі, непрытомнасці. Але я вырашыла, што буду нараджаць дзіця, і яны не змогуць у мяне яго адабраць. Тады зразумела, што ні ў якім разе не буду казаць сілавікам пра дзіця. Баялася, што мяне пасадзяць у СІЗА і адаб'юць яго нагамі. І я хавала гэта, пакуль можна было. Я была вельмі худая, шмат вагі страціла на нервах. Яны ведалі, што я ў бальніцы, бачылі, што мяне ванітуе, мяне каламуціла і рвала на допытах. Давялося сказаць, што я цяжарная. Яны ніяк не адрэагавалі, толькі папрасілі прынесці даведку. І нічога не памянялася. Дзякуй богу, атрымалася захаваць цяжарнасць.

«Мы казалі ў судзе, што яны парушаюць Канстытуцыю»

У студзені 2021-га пачалі судзіць першую дзясятку па нашай справе. Потым другую, трэцюю. Мы ўжо на першай зразумелі, што мы будзем сядзець. Таму што ў іх палове далі «хатнюю хімію», палове звычайную, на паўтара года. А другой групе ўжо пачалі даваць калонію.

Нас з мужам не затрымлівалі, але мая цяжарнасць была вельмі цяжкая, і я не магла рызыкаваць на ранніх тэрмінах і зрывацца кудысьці зімой. Увогуле, мы ўсе разумелі, але выйсця не было. Заставаліся ў Беларусі і чакалі нашага суда.

Справу пачалі разглядаць 14 траўня. Нас было 12 чалавек, у клетцы — чацвёра. У зале знаходзіліся рэпарцёры, яшчэ не ўсе выехалі. У нас на пасяджэннях былі нават людзі: не так шмат, але залу запаўнялі. Гэта дадавала ўпэўненасці. Мы там змагаліся як маглі. Казалі ім: «Вас пасадзяць, вам у Гаагу. Вы пад трыбунал пойдзеце». Казалі, што яны парушаюць нашы правы. Цытавалі ім Канстытуцыю, якой яны нічога не маглі супрацьпаставіць. У кожнага было апошняе слова, кожнаму давалася слова ў працэсе. І мы не маўчалі.

8 чэрвеня нам усім далі тэрміны. Мне паўтара года «хатняй хіміі», Андрэю — звычайнай. Хоць суддзя выдатна разумеў, што мы нічога не зрабілі. Мы з мужам адразу ж падалі апеляцыю. І пасля гэтага ў нас было трохі часу, каб альбо зматацца, альбо сесці. З іншымі асуджанымі мы абмяркоўвалі, хто што будзе рабіць, у які бок бегчы. Таму што сядзець было не варыянтам, здаровымі адтуль дакладна не выйдзем. Мы з мужам вырашылі рызыкнуць, нягледзячы на мой вялікі жывот, таму што варыянтаў не было. Дазваляць забраць дзяцей у прытулак і садзіцца самім — гэта ўсё, канец.

Мы ўжо ведалі, што людзі бягуць праз лес, плывуць праз раку. І шукалі тых, хто можа нам у гэтым дапамагчы. Зразумела, што пераплываць праз раку я б не змагла з такім вялікім жыватом: была небяспека, што мы з дзіцем загінем. Але ніяк не маглі знайсці сухапутны варыянт, каб быў хоць нейкі шанц нам застацца ў жывых і ўцячы. У выніку знайшлі спосаб, як трапіць ва Украіну праз лес. Ён быў самы хуткі, але і самы небяспечны і страшны. Але часу не было — мне трэба было нараджаць праз два месяцы.

ljaszko_2.jpg

«Калі заходзіла ў лес, сказала мужу, каб ён зберагаў дзяцей, калі са мной нешта здарыцца»

— Мы пераходзілі мяжу ў канцы ліпеня 2021 года. А за некалькі дзён да гэтага нашых старэйшых дзяцей вывезлі з краіны родныя. Усё гэта не было проста шпацырам праз лес. Мы некаторы час хаваліся, потым выйшлі на чалавека, які павінен быў нас правесці. Дачакаліся ад яго адказу (усё было пакрыта цемрай, мы да апошняга не ведалі, ці адкажа ён, таму што сувязь была аднабаковай). У выніку ён выйшаў на кантакт, мы паехалі ў пэўны горад, сядзелі ў пэўным месцы. Ён проста падышоў ззаду, узяў нас за курткі і завёў у машыну. Гэтыя людзі шыфраваліся сур'ёзна. Але цяпер, наколькі я ведаю, яны сядзяць.

Мужчына, які нам дапамагаў, наогул афігеў, калі ўбачыў мяне. Я так зразумела, ён нават не ведаў, што я ў становішчы. Ці проста не чакаў, што такі вялікі тэрмін. Я спытала: «У нас наогул ёсць шанц выйсці на іншы бок ва Украіне?». І па яго погляду зразумела, што сітуацыя — капец. Але ён сказаў: «Паспрабуем».

Было вельмі страшна. Калі я заходзіла ў лес ноччу, думала толькі пра тое, што мне трэба да маіх дзяцей. У мяне былі сумневы, што наогул адтуль выйдзем. Напэўна, гэта быў стан шоку. Памятаю толькі, што засунула ў рот крыжык і перакінулася з мужам трыма словамі. Я адразу сказала, каб зберагаў дзяцей, калі са мной нешта здарыцца. Мы абодва разумелі, што калі пачнуць страляць, то я не пабягу з гэтым жыватом.

Я гарадская жыхарка, ніколі не ездзіла па лясах, па балотах. Па грыбы і то тры разы ў жыцці хадзіла. Гэта значыць, што такое балоты і непраходны лес, не ўяўляла. І толькі там зразумела, што значыць прадзірацца праз усё гэта, бегчы, падаць, уставаць. Мы не ішлі, мы беглі, а калі чулі шоргаты, клаліся. Перабягалі канаву, балота. У мяне былі абадраныя локці, ногі, рукі. Я падала на жывот. Нам яшчэ сказалі цалкам запакавацца ў курткі, таму што там камары, уся гэтая жыўнасць лезе ў твар. Спякота была страшнейшая, табе трэба раздзіраць рукамі галінкі з апошніх сіл, а з цябе ўсё льецца, ты ўвесь мокры ў гэтым гразі, у гэтым балоце. І павінен ісці. Усё гэта заняло гадзіны чатыры прыкладна.

У канцы, калі мы ўбачылі ўкраінскага памежніка, я ўжо была не вельмі ў свядомасці. Нас пасадзілі на матацыкл, і яшчэ гадзінку мы на вялікай хуткасці гналі да бліжэйшага сяла. Там селі ў аўтобус, але я ўжо гэта дрэнна памятаю. Была ледзь жывая, практычна ў несвядомым стане. І мы паехалі ў Кіеў, дзе чакалі дзеці. Была ўжо раніца, восем ці дзесяць гадзін.

«Дзеці былі ў шоку: «Мама, калі мы пойдзем дадому?»

— У Кіеве ў нас не было ні жылля, ні дамоўленасцяў. Мы проста адправілі дзяцей у нікуды з нашымі блізкімі. Шукалі, дзе спыніцца. Быў кантакт такіх жа ўцекачоў, як мы, беларусаў, якія дапамаглі знайсці аднапакаёвую кватэру, без мэблі, без ложка, без усяго. Але іншых варыянтаў наогул не было. Хоць бы не на вуліцы.

semya_leshko_v_ukraine.jpg

Трое сутак я потым прыходзіла ў сябе. Муж яшчэ бегаў па аптэках, але не знайшоў такіх лекаў, якія я прымала ў Беларусі. Ён купіў магній, я жменямі яго закідвала сабе ў рот і проста ляжала. У мяне не было ні апетыту, ні сіл, ціск нізкі. Дачка ўнутры не варушылася, хоць нічога не балела. Я плакала, бо думала, што ўжо ўсё. Праз некаторы час мы выйшлі на валанцёраў, якія спрабавалі дамовіцца, каб я схадзіла да лекара. Але аказалася, што гэта вельмі складана. І я на прыём не патрапіла. Праз тыдзень-паўтары малая пачала варушыцца, а я практычна прыйшла ў сябе.

Тады мы пачалі вырашаць усе гэтыя пытанні з дакументамі. Што рабіць? Дзе жыць? Як легалізавацца? Як наогул быць і як трапіць у Польшчу? Ва Украіне ў нас нікога. У Польшчы таксама, але з легалізацыяй там прасцей. Працаваць у мужа магчымасці не было: я не магла адна заставацца з дзецьмі ў тым стане. Так што жылі на зберажэнні.

Мы атрымалі польскія візы, выйшлі на сувязь з валанцёрамі і спрабавалі зразумець, што нам рабіць. Усе казалі рознае. Хтосьці раіў ісці наўпрост на мяжу, запэўніваў, што нас прапусцяць. А яшчэ адзін валанцёр напалохаў нас, што ў такім выпадку будзем жыць у лагеры для бежанцаў у жудасных умовах. А як мне нараджаць у гэтым лагеры? Таму вырашылі не рызыкаваць і ехаць легальна.

Пакуль разбіраліся з дакументамі і рабілі візы, бадзяліся па хостэлах у Кіеве, таму што не знаходзілі варыянтаў. Больш за месяц мы правялі так. Вельмі цяжка было ўсё гэта пераносіць. Добра яшчэ нам, дарослым, але калі ёсць яшчэ двое дзяцей, якія ўвесь час хочуць есці, піць, ім няма дзе легчы, у іх няма цацак... Яны наогул нічога не разумелі. Дзеці былі ў такім шоку і прастрацыі: «Дзе мы? Мама, калі мы пойдзем дадому? Мама, што адбываецца?».

akciya_belarusov._kiev.konec_iyulya2_1goda._pervyy_vykhod_na_ulicu_posle_lesa.jpg

Асабліва моцна пацярпеў старэйшы сын. Ён ужо ў шэсць гадоў усё разумеў, бачыў ператрусы, як я страціла прытомнасць. Нельга дзецям перажываць усё тое, што здарылася з ім. І калі мы былі ва Украіне, ён увесь час казаў: «Міліцыя, трэба хавацца, яны цяпер нас будуць біць». Ён дагэтуль пытаецца, ці дакладна яны не будуць нас біць і забіваць. Баіцца жудасна ўсіх гэтых мігцелак і калі хтосьці стукае моцна ў дзверы. Дачцэ было на той момант тры, цяпер пяць. Ёй нашмат менш дасталася, таму што ў сілу свайго ўзросту яна не ўсё разумела.

«Нарадзіла і прынесла дзіця ў гэты пакойчык»

— У выніку мы купілі квіткі да Варшавы (ужо заставалася не так шмат грошай), селі ў аўтобус і паехалі. Думалі, што лёгка трапім у Польшчу, але не атрымалася. Калі мы на польскай мяжы сказалі, што падаемся на міжнародную абарону, памежнікі наадрэз адмовіліся займацца нашай сям'ёй. Яны сказалі ехаць у Варшаву і рабіць усё самім, бо былі візы. Але мы не маглі ехаць так, нам сказалі валанцёры, што тады давядзецца нараджаць платна. Таму было вельмі важна атрымаць на мяжы дакументы, што мы падаемся на міжнародную абарону. У выніку памежнікі пратрымалі нас там амаль двое сутак без ежы і вады. Дзеці былі бледныя, у мяне ціск ўпаў, пачало ірваць. Заставаўся месяц да родаў. Гэты інцыдэнт быў жудасны, такога не павінна было здарыцца з нашай сям'ёй. У нас нават бралі інтэрв'ю польскія выданні. У выніку яны ўсё ж такі далі нам гэтыя карткі, што пачалася працэдура па забеспячэнні абароны.

Потым мы жылі ў хостэле ў Варшаве, дзе былі ўцекачы беларусы. У нас быў пакой. Першыя некалькі дзён я там адлежвалася. Да самых родаў мы жылі там. І нават даўжэй: я нарадзіла і прынесла дзіця ў гэты пакойчык хостэла. Для мяне гэта жудасны час, я хачу гэта забыць і больш не ўспамінаць. Гэта было страшна.

vera_posle_rozhdeniya.jpg

Пасля нараджэння дачкі мы яшчэ месяц, напэўна, шукалі жыллё: ніхто не хацеў здаваць кватэру. Нам патрэбна была дапамога хоць бы з мовай, таму што па-польску гаварылі слаба, патэлефанаваць па аб'яве было вельмі складана. Нават калі атрымлівалася, калі чулі, што трое дзяцей, размова заканчвалася.

Потым да нас прыйшлі браць інтэрв'ю дзве жанчыны, адна полька, а іншая беларуска, якая жыла там ужо гадоў шэсць. Яна перакладала. І калі яна пачула, што мы не можам знайсці жыллё, распавяла пра знаёмага паляка, у якога ёсць старое нежылое памяшканне, у якім мы маглі б спыніцца. Мы з ім звязаліся, паехалі знаёміцца. Паставіліся да прапановы насцярожана, думалі, можа, хочуць падмануць ці нешта яшчэ. Здавалася дзіўным, што паляк хоча нам чымсьці дапамагчы. Аказалася, што гэта быў вельмі стары дом, практычна як барак. У ім жыла яго мама 10 гадоў таму, а потым яна памерла, і будынак стаяў закінутым. Усё старое, пакрыта тонай пылу.

Я сказала Андрэю, што не ўяўляю, як мы там будзем жыць. А муж кажа: «Ну, я паспрабую нешта зрабіць». І ён за тыдзень выкінуў усё адтуль, мыў, прыбіраў, будаваў, папраўляў, потым фарбаваў. Гэта значыць, мы рамонт рабілі касметычны, каб можна было хоць неяк існаваць. Прывялі ўсё ў парадак. Паша (фатограф Паша Крычко, які здымаў Андрэя з нованароджанай дачкой. — прым.) потым прыехаў да нас і быў у шоку ад таго, як усё змянілася. Спачатку ў нас не было мэблі, мы спалі на надзіманым матрацы. З часам знайшлі стары ложак, расстараліся на стары матрац. Для дзяцей палякі дапамаглі купіць двухузроўневы ложак. Усё для жыцця па мінімуму там было, чыста і акуратна. Нам яшчэ ва Украіне адкрывалі збор на B*SOL, грошы сабралі вельмі хутка, але мы доўга не маглі іх атрымаць. І ўжо калі былі ў Польшчы, нам усё перавялі. Гэтыя грошы вельмі выручылі ў першы час, мы купілі мэблю, усё для нованароджанай, плацілі камуналку. А потым муж дзесьці з лістапада 2021-га пайшоў падпрацоўваць у таксі. Заробкі былі не вельмі вялікія, але нам на ежу хапала.

У гэтым доме мы пражылі дзевяць ці восем месяцаў, да канца школьнага года. Уладальнік дома дапамог нам аформіць Янку ў школу, Ніку ў садок. Яму мы плацілі толькі камуналку. Але ў нас была дамова, што Янка заканчвае школу — і мы з'язджаем. Вядома, было вельмі страшна, нас ніхто нікуды не хацеў браць. Ужо падыходзіў май, а ў нас зноў не знаходзілася варыянтаў па жыллі, таму што трое дзяцей. І чыста выпадкова мы пазнаёміліся з украінкай, распавялі сваю гісторыю, што нам тэрмінова трэба знайсці жыллё. А ў яе быў знаёмы, які здаваў кватэру і як раз кагосьці выселіў. Яна яму патэлефанавала, і ён нас узяў. Мы дагэтуль жывем у гэтай кватэры.

«Дзякуй богу, што мы жывыя, мы разам, мы тут»

— У Польшчы мы атрымалі міжнародную абарону, у нас усіх часовы від на жыхарства. Першы час плацілі дапамогу, але потым усё спынілася. Муж працаваў у таксі, але цяпер яму стала складаней, грошай выходзіць мала, а сям'я ў нас вялікая. Адзіны варыянт — ездзіць на фурах за мяжу, як ён ездзіў у Беларусі. Атрымліваецца, што я павінна буду застацца адна з трыма дзецьмі на руках. Ад гэтага мне вельмі трывожна. Калі я страчу прытомнасць, не будзе каму нават паглядзець за дзецьмі, пакуль прыйду ў сябе. Але муж вымушаны так працаваць. Ён таксама пацярпеў ад усяго гэтага, вельмі моцна схуднеў. Цяпер яму даводзіцца аднаму ўтрымліваць нашу велізарную сям'ю: здымаць жыллё, карміць, апранаць траіх дзяцей, плаціць за школу — сума набягае вялікая.

v_varshave_polina_vstretilas_s_podelnikami_2022_god.jpg

Мы разумеем, што нам трэба з'язджаць з Варшавы, бо кошты занадта высокія. З голаду не паміраем, але як у Беларусі жыць не можам. Ужо чакаю, калі змагу таксама працаваць. Да таго ж кватэра ў Варшаве ўжо занадта маленькая для нашай сям'і. Мы разглядаем варыянты ў іншым горадзе, каб танней, але больш па плошчы.

З-за ўсяго перажытага ў мяне зусім паляцела здароўе, ужо даўно панічныя атакі, трэба хадзіць па лекарах. Гэтай ноччу зноў быў такі стан, наогул не магла спаць. Бывае лягчэй, бывае складаней. Калі пачалася вайна ва Украіне, я не магла два месяцы прыйсці ў сябе. Я ўжо кансультавалася з пяццю псіхолагамі і псіхіятрам, яны пацвердзілі дыягназ і сказалі, што трэба сур'ёзнае лячэнне. Але пакуль не магу вырашыцца, таму што дачка на грудным гадаванні, прыём таблетак з ім несумяшчальны. А адабраць яе ад грудзей я не магу.

Дачка нарадзілася вельмі маленькая. Ёй рабілі ўсё УГД, тэсты, яна здаровая. Але да гэтага часу вельмі нервовая, адчувальная, пастаянна плача, сядзіць на руках толькі ў мяне. Сёння выходзіла на вуліцу з татам —ледзь-ледзь апранулі. Яна ўся як струна, думаю, гэта звязана з тымі падзеямі. Калі трохі падрасце, будзем хадзіць па лекарах, спрабаваць знайсці прычыну, неяк ёй дапамагчы. Але пакуль дыягназаў ніякіх не ставілі. Яна ў нас вельмі жаданая, мы яе вельмі хацелі, столькі перажылі.

Цяпер з трыма дзецьмі вельмі цяжка. Мы ж не планавалі з'язджаць, да апошняга чакалі і верылі, што ўсё скончыцца. І ў Брэсце ў нас былі б бабулі і дзядулі, было б прасцей. А тут у нас нават няма такіх сяброў, якія маглі б прыехаць, калі раптам з малодшай дачкой трэба будзе ў бальніцу ці мне стане дрэнна.

З кім тут ні кантактуем з беларусаў, ва ўсіх падарванае здароўе: дэпрэсіі, стрэсы і не толькі. Вельмі цяжка перажываюць смерць бацькоў. У мяне нядаўна памёр брат, у снежні, і проста не перадаць, як гэта было. І не пахаваеш. З бацькамі таксама не маем зносіны цяпер: да іх прыходзілі дадому, і яны сталі клікаць нас вярнуцца. І неяк паставіць сваё жыццё на рэйкі і адчуваць упэўненасць таксама не выйшла.

ljaszko_3.jpg

Усе казалі, што гэта трэба расказваць. Але апошнія паўтара года нам так цяжка даліся, што было не да публікацый. Нам трэба было выжыць, на нешта жыць, неяк зарабляць. Яшчэ пастаянна хварэюць дзеці. І псіхалагічны стан не з лепшых. Але ў гэтай сітуацыі дзякуй богу, што мы жывыя. Гэта ўсеабдымная радасць, што мы разам, не пабітыя, не сядзелі, мы тут. А далей застаецца боўтацца і кожны дзень вырашаць нейкія задачы.