«У суд прывялі на ланцугу». Як затрымлівалі жонку бешанковічскага барда Георгія Станкевіча
Журналіст, паэт і бард з Бешанковічаў Георгій Станкевіч распавёў пра палітычны пераслед жонкі Ларысы.
— 12 красавіка
2023 года да маёй хаты ў Старых Ранчыцах падруліў міліцэйскі аўтамабіль, — піша Георгій Станкевіч. — З яго
выйшлі тры міліцыянты на чале з Віктарам Шнякам. Я быў знаёмы з ім з вясны
мінулага года, калі ён вёў справу супраць мяне за артыкул «Зварот да жыхароў
Бешанковіцкага раёна», галоўнай думкай якога была «Давайце спынім гэту вайну
разам!».
Мая справа
закончылася тым, што мяне абвінавацілі ў пікеце пад бел-чырвона-белым сцягам і
прысудзілі штраф у памеры 2420 беларускіх рублёў.
Былі арыштаваны
мой мабільны тэлефон і камп’ютар, у хаце праводзіўся ператрус. Але падставаў,
каб распачаць яшчэ адну справу, не знайшлося. Арыштаваную тэхніку вярнулі праз
два месяцы.
З таго часу мінуў
год, і цяпер міліцыянты часта наведваюца «ў госці». Двойчы за апошнія паўгода
прыязджаў КДБ. Зразумела, што ўся справа тычыцца майго светапогляду, які не
ўкладваецца ў іхнія рамкі.
Мяне не могуць
абвінаваціць у тым, што я выходзіў на пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Я
гэта не рабіў аніводнага разу. А таму ўсе наезды магу разглядаць толькі як
барацьбу з іншадумствам і як парушэнне нашай Канстытуцыі, якая гарантуе мне
свабоду маёй думкі.
Але на гэты раз
міліцыянты заявілі, што яны не да мяне, а да маёй жонкі, пенсіянеркі Ларысы
Паўлаўны Станкевіч.
Мая жонка —
чалавек апалітычны. Яна нават не заходзіць на сайт, які вяду я. У яе сваё кола
інтарэсаў. Напярэдадні, 9 красавіка, яна звярнулася да мяне, каб я
паглядзеў, чаму не адчыняюцца яе «Аднакласнікі». Аказалася, што яе старонка
ўзламаная.
І калі міліцыянты
з парога заявілі пра тое, што з старонкі Ларысы Паўлаўны ў «Аднакласніках»
ажыццяўляліся экстрэмісцкія дзеянні, усё стала зразумелым.
У 13 гадзін 12 красавіка 2023 года яе забралі ў Бешанковіцкі РАУС, каб скласці пратакол аб
адміністрацыйным парушэнні.
Але, калі я туды
прыехаў у 18:30, мне адказалі, што яна будзе затрыманая да суда, які адбудзецца
невядома калі.
Я папрасіў
дазволу забраць яе дахаты, папярэдзіў дзяжурнага аб слабым жончыным здароўі, аб
тым, што яны бяруць на сябе вялікую адказнасць, таму што яна можа нават памерці.
З мяне толькі
пасмяяліся, сказалі, што выклічуць «хуткую дапамогу».
Назаўтра раніцай
у РАУС мне адказалі, што суд адбудзецца 13.04.2023, але ў які час — невядома.
«Як толькі суддзя азнаёміцца са справай».
Суд распачаўся
13.04.2023 пасля 16:00, а ўжо ў 17:10 Ларысу Станкевіч вызвалілі з пратаколам у
30 базавых адзінак штрафу.
Яе абвінавацілі ў
тым, што яна ў «Аднакласніках» размясціла на сайце «Гісторыя Воршы ў
фотаздымках» экстрэмісцкія матэрыялы.
Што ж, плаціць
штрафы для нашай сям’і справа прывычная.
Але калі Ларыса
Паўлаўна распавяла, як з ёй абыходзіліся ў Бешанковіцкім РАУС, мне стала
зразумела, што гэта была праднамераная акцыя з мэтай знішчэння чалавека са
слабым здароўем.
Яе трымалі ноч у
халодным пакоі, дзе пастаянна гарэла святло. Праз дзве ці тры гадзіны
распраналі дагала, надзявалі на рукі кайданкі і выводзілі ў
калідор для вобшуку.
У тых жа
кайданках і на ланцугу(!!!), як небяспечнага злачынца, яе прывялі ў залу суда.
Вялікі дзякуй
суддзі Наталлі Рэут, якая адразу папярэдзіла міліцыянтаў аб іхнім перавышэнні
сваіх паўнамоцтваў і прымусіла іх зняць кайданкі.
Злачынства
62-гадовай пенсіянеркі, маці траіх дзяцей, якая перанесла некалькі аперацый,
заключалася ў тым, што яна сама (магчыма выпадкова), або «хтосьці» за яе
наўмысна паставіў ў сеціве ў вольны доступ «экстрэмісцкі матэрыял».
14.04.2023 нам
прыйшлося ехаць у бальніцу, дзе дактары пасля даследавання паставілі дыягназ:
«падазрэнне на інфаркт».