Дзень народзінаў за кратамі: Мікалаю Статкевічу – 68

Мікалаю Статкевічу сёння спаўняецца 68 гадоў. За кратамі ён знаходзіцца 1534 дні. І ўжо 550 дзён ад яго няма ніякіх звестак.

statkevicz2_logo.jpg__1__1.png

Былога кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 году і праз паўтара года асудзілі на 14 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле 1 часткі артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). У лістападзе 2023 года сваякі Мікалая праз «другія рукі» атрымалі інфармацыю, што ён сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару. 

Глядзіце таксама

Былая рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб згадвала:

“А памятаеш, як у 2016-м мы размаўлялі з табой напярэдадні твайго 60-годдзя? Гэта быў той рэдкі выпадак, калі ты адзначаў дзень народзінаў не за кратамі. Я тады спытала ў цябе: «Дык можа час плюнуць на ўсё гэта змаганне? З’ехаць куды падалей і жыць звычайным жыццём, без Плошчы, сутак, штрафаў, турмы? Разам з каханай, побач з дочкамі і ўнукамі?».

А ты адказаў: «На што плюнуць? На краіну? Для мяне Беларусь, хай гэта прагучыць пафасна, — частка мяне самога. Акрамя таго, што значыць нармальнае жыццё? У кожнага сваё жыццё. І ў маім жыцці няма месца звычайным радасцям абывацеля (смяецца). А сур’ёзна, калі я з’еду, буду жыць ціха і спакойна — гэта будзе, напэўна, для кагосьці самае нармальнае жыццё, але гэта будзе не маё жыццё. У мяне было шмат часу, асабліва ў адзіночцы, каб пра ўсё гэта падумаць, усё асэнсаваць і для сябе зразумець. Таму зараз я дакладна ведаю, што ў любым узросце, здаровым ці хворым, я буду намагацца хоць што-небудзь зрабіць для краіны, без якой сябе не ўяўляю. І дзякуй Богу, зараз моцы ў мяне дастаткова»”.

“Новы Час” жадае Мікалаю Статкевічу і яго блізкім моцы і вытрымкі, аптымізму і надзеі на хуткае вызваленне!