У Глуску рэпрэсавалі 15-гадовую дзяўчынку — прысудзілі пазбаўленне волі па палітычнай справе

Глуск — невялікі гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці з насельніцтвам 7 тыс. чалавек (па дадзеных на студзень 2023 года), дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. І тое, што там адбылося, зараз актыўна абмяркоўваецца ва ўсім пасёлку. Рашэннем суда 15-гадовую дзяўчыну адправілі ў так званую спецустанову — амаль тую ж калонію, толькі для непаўналетніх. Разбіраемся, як і чаму такое адбылося, і што можа чакаць гэтую дзяўчыну ў спецустанове.

Фота fotobel.by

Фота fotobel.by

Мяркуючы па інфармацыі, якую ў сваім тэлеграм-канале размясціў Глускі раённы суд, ісцом заявы на дзяўчыну выступіла раённая Камісія па справах непаўналетніх Глускага райвыканкаму, распавядае«Белсат». Паведамляецца, што дзяўчына вучыцца ў 10 класе адной з мясцовых школ Глуску, і нібыта «мае патрэбу ў асаблівых умовах выхавання». Далей прэс-служба Глускага раённага суда паведамляе, што справа школьніцы «неаднаразова разглядалася на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх у сувязі з пропускамі вучэбных заняткаў без паважных прычынаў, а сама яна была папярэджана аб недапушчальнасці падобных паводзінаў».

Па факце бачым, што падставай для пастаноўкі падлетку на ўлік у Камісію па справах непаўналетніх сталі ... пропускі ў школе. Мабыць, школьныя псіхолагі і педагогі настолькі нямоглыя, што адразу здаюць дзіця «органам».

Паводле інфармацыі прэс-службы суда, сям'я дзяўчынкі не з'яўляецца няпоўнай ці сацыяльна непаўнавартаснай. Наадварот, гаворыцца, што ў дзяўчыны ёсць «законныя прадстаўнікі», якія, дарэчы, у судзе за яе змагаліся, але не дапамагло.

А цяпер да рэальнай, мяркуючы па ўсім, прычыны таго, чаму бліжэйшыя некалькі гадоў 15-гадовая дзяўчына правядзе ў спецустанове.

Як паведамляе суд Глускага раёну, падставай для крымінальнай справы паслужыў той факт, што ў лютым 2024 года дзяўчына «шляхам вырабу відэароліка абразлівага характару, размешчанага ў глабальнай сетцы Інтэрнэт, здзейсніла наўмысную абразу прадстаўніка ўлады ў асобе супрацоўніка органаў унутраных справаў, гэта значыць, злачынства, прадугледжанае арт. 369 КК».

Акрамя гэтага, у віну дзяўчыне ставяць і адміністрацыйнае правапарушэнне за «абразу» (арт.10.2 КаАП) дырэктара «адной з установаў Глуску».

Пра тое, як менавіта дзяўчына абразіла супрацоўніка міліцыі і дырэктара «адной з установаў Глуску», не паведамляецца. Затое паведамляецца наступнае: «ацаніўшы прадстаўленыя доказы, фактычныя абставіны справы, суд прыйшоў да высновы, што метады прафілактычнага ўздзеяння вынікаў не даюць. Больш за тое, учыненыя непаўналетняй дзеянне і адміністрацыйнае правапарушэнне, сведчаць аб яе нежаданні весці правапаслухмяны лад жыцця. Карэкцыя яе паводзінаў не можа ажыццяўляцца па месцы жыхарства, вучобы пры сумеснай працы спецыялістаў школы, аддзела адукацыі і ІСН, паколькі яе паводзіны, лад жыцця сведчаць аб немагчымасці яе выпраўлення без выдалення з месца жыхарства і памяшкання ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову».


Глядзіце таксама

У тым жа паведамленні прэс-службы суда сказана, што у судовым пасяджэнні супраць задавальнення заяўленых патрабаванняў пярэчыла сама непаўналетняя, а таксама яе законныя прадстаўнікі — бацька і маці, якія тлумачылі, што іх дачка не мае патрэбы ў накіраванні яе ў спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову і можа выправіцца без накіравання ў яе. Запэўнівалі, што яны здольныя пракантраляваць паводзіны сваёй дачкі. Аднак рашэннем суда 15-гадовую дзяўчыну вырашылі адправіць у спецыяльную ўстанову тэрмінам на два гады. Паведамляецца нават, што бацькі дзяўчыны абскардзілі гэты прысуд, але Магілёўскі абласны суд усё ж пакінуў рашэнне ў сіле.

Дарэчы, як высветлілі праваабаронцы Mayday, па незразумелых нікому прычынах ні ў раскладзе Глускага раённага суда, ні ў раскладзе Магілёўскага абласнога суда кейс непаўналетняй дзяўчыны з Глуску не значыўся ні ў водным.

Дзе будуць «выпраўляць» дзяўчыну, у паведамленні прэс-службы Глускага суда, чамусьці вырашылі не згадваць. Але высветліць гэта нескладана.

Згодна з Законам «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» ад 2003 году, «у спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы трапляюць непаўналетнія, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў. Такое рашэнне прымаецца, калі дзіця здзейсніла крымінальнае злачынства і не дасягнула узросту адказнасці, калі яно за год было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці тры і больш разоў, калі здзейсніла правіну з прыкметамі правапарушэння».

Рашэннем суда такіх дзяцей адпраўляюць у спецустановы закрытага тыпу. У Беларусі іх усяго 4.Тры з іх — для непаўналетніх хлопчыкаў-падлеткаў: Магілёўская дзяржаўная спецшкола, Магілёўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №2 дрэваапрацоўкі і лячэбна-выхаваўчае крывіцкае дзяржаўнае спецыяльнае прафтэхнічнае вучылішча №3. Для непаўналетніх дзяўчат-падлеткаў у Беларусі ёсць толькі адна спецустанова —Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №1 лёгкай прамысловасці. Туды па рашэнні суда змяшчаюць непаўналетніх ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў, якія «маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання». Туды і патрапіць дзяўчына з Глуску.


Глядзіце таксама

Тая ж калонія, толькі для непаўналетніх

Выданне ўважліва пачытала пра мовы ўтрымання падлеткаў, якіх збіраюцца выхоўваць «у асаблівых умовах». Аказалася, гэта амаль такая ж калонія, толькі для непаўналетніх — з жорсткім рэжымам дня, рэдкімі спатканнямі з блізкімі, працай ў цэхах і аднолькавай формай для ўсіх.

Наколькі эфектыўна дзяцей перавыхоўваюць ў такіх установах? Здагадкі аб гэтым можна зрабіць з тых фактаў, якія дагэтуль паспелі пратачыцца з закрытых установаў. Так, напрыклад, яшчэ ў 2014 годзе стала вядома, што з Крывіцкага спецПТВ збеглі спачатку восем непаўналетніх, а пазней яшчэ тры. З Магілёўскага спецПТВ за той жа 2014-ты намагаліся збегчы больш за 40 выхаванцаў. Пра мытывы уцёкаў тады нікому не паведамлялася.

26 лістападу 2017 года са спецПТВ у Магілёве збеглі шасцёра дзяцей. Пасля вяртання ў вучылішча ўцекачоў адвялі ў памяшканне для сустрэч з бацькамі. А пасля гэтага адзін з хлопцаў трапіў у бальніцу з пераломам храбта. Яшчэ пяцёра абышліся сінякамі і ўдарамі. Аказалася, што хлопцы сістэматычна падвяргаліся збіццю. Адміністрацыя не паведаміла пра гэта бацькам пацярпелых — маці аднаго з хлопцаў, які апынуўся ў шпіталі з пераломам, даведалася пра траўму сына, толькі калі спатрэбілася згода на тамаграфію. Вось, што яна паведаміла тады «Вясне»:

«Я перш за ўсё спытала: «Андрэй, што ты нарабіў?». Ён адказаў: «Уцёкі». Я спытала, навошта. А ён адказвае: «Мам, там жыць невыносна. Нас пастаянна білі. Нам усё забаранілі: званкі, лісты, перадачы». Я спытала, чаму ён мне раней не сказаў пра гэта, хоць у лістах пісаў: «Я выцерплю, вытрымаю».

Сын сказаў, што лісты чыталі — і не адправілі б, калі б пра такое напісалі. Па тэлефоне ён таксама не мог нічога сказаць, таму што ўвесь час побач знаходзіўся супрацоўнік, кантраляваў».

Кіраўніцтва спецПТВ пасля гэтай гісторыі было затрымана.


Глядзіце таксама

Для параўнання: у Германіі старэйшыя за 14 гадоў падлеткі, якія здзейснілі злачынства, ідуць пад суд па ювенальным крымінальным праве (якога ў Беларусі няма). Пакаранні за злачынствы для падлеткаў там значна мякчэйшыя, чым у дарослых. Дзецям могуць прызначыць грамадскія працы, напрыклад, догляд за старымі, праца ў прытулках для жывёлаў і гэтак далей. Галоўная мэта — не пакараць падлетка, а перавыхаваць яго.

У Італіі ўзрост крымінальнай адказнасці, як і ў Беларусі, надыходзіць з 14 гадоў. Непаўналетнія зняволеныя там знаходзяцца ў спецыяльных цэнтрах утрымання. У іх дзеці, перш за ўсё, вучацца: ім прапануецца мноства навучальных курсаў, пачынаючы ад базавых моўных урокаў да праграмаў універсітэтаў. Акрамя вучобы, дзецям прапануецца выбраць занятак па інтарэсах: ад рэпу і графіці да фатаграфіі і ёгі. Ёсць варыянты атрымаць працоўную прафесію, прайсці стажыроўку, папрацаваць.

У Беларусі ж, як мы бачым, дзеці сутыкаюцца з сапраўдным турэмным парадкам, катаваннямі, цяжкай працай, што ніяк не спрыяе іх перавыхаванню. Многія вяртаюцца на крывую дарожку — толькі ўжо не ў спецПТВ, а ў калоніі, і становяцца бясплатнай працоўнай сілай для нелегітымнага рэжыму.

Трэба адзначыць, што адкрытых дадзеных пра ўцёкі з спецПТВ для дзяўчат у Петрыкаве няма. Але знайшлі дадзеныя пра ўмовы ўтрымання ў той спецустанове: падлеткі спецПТВ могуць атрымліваць перадачы з дому і сустракацца з бацькамі. Аднак усе рэчы і пасылкі абшукваюцца выхавацелямі, лісты чытаюцца, а пры размовах па тэлефоне прысутнічае супрацоўнік. Доступ у інтэрнэт абмежаваны, таму дзеці не могуць паведаміць аб парушэннях з боку адміністрацыі спецвучылішча. У дадатак да ўсяго, іх прывучаюць да думкі, што яны ў турме, прымушаючы жыць па яе распарадку, апранацца ў аднолькавую працоўную форму, працаваць за капейкі (ці ўвогуле бясплатна), хадзіць строем у суправаджэнні выхавальніка.

Нагадаем, пасля прэзідэнцкай кампаніі 2020 года палітычным пераследам у Беларусі, у тым ліку і за абразу прадстаўнікоў улады, падвяргаюцца і непаўналетнія. Дарэчы, дзяўчыну-падлетка з Глуску таксама асудзілі па «палітычным» артыкуле (арт. 369 КК).

Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», ад пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманні і крымінальны пераслед іх бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. Некаторых непаўналетніх нават збівалі і катавалі. Па стане на 31 траўня 2024 года, у краіне налічваецца двое непаўналетніх зняволеных — гэта фігуранты крымінальнай справы «Чорныя салаўі» Марыя Місюк і Трафім Барысаў. Яшчэ чатыры палітвязні сустрэлі 18-годдзе за кратамі: Мікіта Залатароў, Павел Піскун, Алег Дабрыднеў, Мікіта Бруй. Усе яны былі непаўналетнімі на момант затрымання, а потым асуджаныя да пазбаўлення волі.