Сьветлы і балючы дзень. Да дня народзінаў Міколы Дзядка
Дзень народзінаў. Якое простае словазлучэньне. І сьвяточнае. Часам насьмешлівае і зьдзеклівае. Удубальт важнае, калі мова йдзе пра дзень народзінаў чалавека ў беларускай вязьніцы. Дзень народзінаў Міколы Дзядка — які сьветлы і балючы адначасова дзень для бацькоў Міколы. Які сымбалічны дзень для нас усіх — нібы Мікола зноў нараджаецца, аднаўляецца як фэнікс, праўда, ня з попелу, а з жуды і гвалту, з турэмнай рутыны, радзянска-гулагаўскага побыту.
Дзень народзінаў Міколы — дзень, калі я вырываюся з палону звыклага, рутыннага і зноў з багавейнаю пяшчотаю і спадзёвам штохвілінна ўвесь дзень думаю пра свайго аднаго з найлепшых студэнтаў…
Застаецца толькі ўяўляць, як сяньняшні дзень жыве, адчувае сам Мікола. Для мяне ж гэты дзень — моцны арыентыр, маяк у цемры часу, які паглынае нас і робіць усё, каб забыліся былыя вычыны беларусак і беларусаў. Такія дні якраз служаць мне неабходным устрэсваньнем, абуджэньнем, процівагай забыцьцю, звычцы.
Дзень народзінаў Міколы ацьвярозвае нас усіх і служыць добрым мерылам рацыянальнасьці, эфэктыўнасьці і найлепшай ацэнкай дзейнасьці многіх нашых марнаамбітных, адарваных ад рэчаіснасьці і звадлівых актывістаў-ак, дзеячоў-чак. А яшчэ дзень народзінаў Міколы, як усіх астатніх нашых палітычных зьняволеных, зьяўляецца той тым доказам цынізму і гвалтоўнасьці рэжыму, які спрабуе схавацца і ачысьціцца ў хвалях часу і забыцьця.
Дарагі Мікола, віншую і трывушчасьці! Ваш дзень народзінаў — гэта і наш дзень дбаньня, пільнасьці і салідарнасьці з вамі.