Мікола Дзядок: Хай не заўсёды маё жыццё камфортнае, але яно заўсёды напоўненае сэнсам
Сённня за кратамі свой 36-ты дзень народзінаў сустракае палітвязень, журналіст «Новага Часу», актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок. У гэты дзень мы звяртаемся да яго словаў, поўных спакойнай разважлівасці і непахіснай упэўненасці.
Упершыню Міколу Дзядка затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі». Тады яшчэ не вядомаму шырокай публіцы актывісту толькі споўнілася 23 гады. Пасля 20 сутак арышту следчыя нарэшце выбралі абвінавачванне для Міколы Дзядка — удзел у несанкцыянаванай акцыі каля Генштаба, пазней прыпісалі яшчэ «хуліганства». 27 мая 2011 года Міколе прысудзілі 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў па «справе анархістаў». Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся.
У 2015 годзе, за 5 дзён да таго, як Мікалай павінен быў выйсці на волю, яму прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі. Прычына — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». У знак пратэсту супраць невыносных умоў утрымання Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук. 22 жніўня 2015 года Мікалай быў вызвалены па «памілаванні» Лукашэнкі, якога актывіст не прасіў.
25 сакавіка 2017 года актывіст быў затрыманы ў Мінску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна. Адтуль Мікалая з чэрапна-мазгавой траўмай на хуткай завезлі ў шпіталь.
Мікалай Дзядок быў затрыманы ў лістападзе 2020 года. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі Мікалая, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі. 10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла актывісту пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віну не прызнаў. На палітвязня за кратамі працягваецца ціск.
Пра рэвалюцыйную рамантыку
«На рэвалюцыйнай рамантыцы далёка не сплывеш. Рэвалюцыйная рамантыка – гэта добра, яна павінна быць, але яна сыходзіць ужо праз пару месяцаў зняволення, раствараецца.
Адчуванне таго, што ты здзяйсняеш подзвіг, адыходзіць і надыходзіць руціна. Сумныя сцены, адсутнасць звыклых задавальненняў, аднастайнасць ва ўсім, увесь час заняты сукамернікамі туалет, – у гэтым няма ніякай рамантыкі. Ты проста знаходзішся 24/7 у непрыязным халодным асяроддзі.
Таму я бачыў нямала людзей, якія паламаліся на гэтай стадыі, пачыналі супрацоўнічаць са следствам, пісалі прашэнні аб памілаванні ці проста казалі "мне гэта ўсё ўжо не трэба" і пераставалі пазіцыянаваць сябе як палітвязня». (З ліста Міколы Дзядка з-за кратаў у лютым 2022 года).
«Кожны мусіць цвяроза ацэньваць свае сілы і разумець, чым ён гатовы ахвяраваць»
У 2018 годзе на старонках «Новага Часу» быў апублікаваны артыкул Міколы «Практычныя парады: псіхалогія допыту» — тэкст, прасякнуты пяшчотным, засцерагальным і ў той жа час настойлівым тонам аўтара.
«Важны момант — разуменне таго, што ты робіш. Згадваючы досвед 2010 года, я зразумеў: важнай прычынай супрацоўніцтва са следствам некаторых маіх былых таварышаў было тое, што, ідучы на анархісцкія акцыі, яны проста не разумелі, што робяць. Яны не асэнсоўвалі ступень адказнасці, якая на іх кладзецца, ступень рызыкі, якой яны сябе падвяргаюць. І калі ў кабінеце следчага гэтая ступень стала ім зразумелая з усёй відавочнасцю (то-бок калі яны зразумелі, што за разбітыя шыбы альбо дэманстрацыю на праезнай частцы можна рэальна сесці ў самую сапраўдную турму, дзе зэкі, вертухаі і баланда), яны паддаліся жаху і гатовыя былі на ўсё, каб пазбегнуць гэтай перспектывы.
То-бок, праблема іх здрадніцтва ўзнікла не тады, калі іх арыштавалі, а ў той момант, калі яны выйшлі з дома і пайшлі на акцыю. Яны не думалі альбо не хацелі думаць, што ім за гэта пагражае, і, натуральна, не былі гатовыя да наступстваў. Адсюль выснова: перад тым, як нешта рабіць, падумай добра, ці гатовы ты прыняць на сябе ўсю адказнасць? Падумай, пад які артыкул КК трапляюць твае дзеянні, і ці гатовы ты адсядзець за іх у выпадку няўдачы?
Таму асноўная выснова: кожны мусіць цвяроза ацэньваць свае сілы і разумець, чым ён гатовы ахвяраваць. Няхай кожны робіць тое, на што хапае ягонага ўнутранага рэсурсу.
Гэта не значыць, што трэба баяцца любога парушэння закона, тым больш закон пабудаваны так, што, каб не парушаць яго, трэба ўвогуле не рабіць нічога. Проста ў нейкі момант трэба цвяроза (і, можа быць, цынічна) вырашыць: «Вучобай і працай бацькоў я яшчэ гатовы ахвяраваць. А вось свабодай — не». Альбо: «3–5 гадоў я гатовы адсядзець. А больш — не». І проста не ўлазіць туды, дзе рызыка перавышае акрэсленыя межы».
Гады ў турме – страчаныя?
«Нядаўна падлічыў, што ў мяне набегла сумарна ўжо 6,5 гадоў у няволі. Гэта 1/5 усяго жыцця.
Многія чамусьці лічаць, што гады ў турме — гэта "страчаныя гады", "упушчаны час" і г. д. Паклаўшы руку на сэрца, я наогул не лічу гэтыя гады для сябе страчанымі. Яшчэ на першым тэрміне я вырашыў ніводнага дня ў няволі не праводзіць марна. І гэта не абавязкова вучоба і трэніроўкі. Разважанні, медытацыі, мары — усё гэта таксама ідзе на карысць, калі жывеш свядома.
Хай не заўсёды маё жыццё камфортнае, але яно заўсёды напоўненае сэнсам» (З ліста Міколы Дзядка з-за кратаў у ліпені 2022 года).
Пра тое, што дапамагае трымацца за кратамі
«Разуменне гістарычнасці і асэнсаванасці за ўсё, што з табой адбываецца. Сістэма робіць усё, каб кожны з нас адчуваў сябе толькі целам у робе ў чатырох сценах.
У рэальнасці ж кожны з нас распачаў усвядомленыя намаганні і пайшоў на рызыку дзеля змены свету, а гэта вялікая справа.
Таму кожны з'яўляецца часткай грандыёзнага вызвольнага руху, які працягнуўся скрозь стагоддзі і кантыненты. Ад сікарыяў да ліёнскіх ткачоў, ад паўстанцаў Спартака да санкюлотаў мы звязаны адзінай ніткай і прымаем удзел у лёсе чалавецтва. Таму мы не можам быць самотнымі, і кожная хвіліна нашага знаходжання ў няволі напоўнена сэнсам. Варта памятаць пра гэта.
«…» Кожны можа сутыкнуцца з перыядам чорнай дэпрэсіі, апатыі і нежаданнем змагацца. У гэтым выпадку самае правільнае — успомніць, што было напісана на кальцы цара Саламона: «Усё пройдзе. І гэта таксама». (З ліста Міколы Дзядка з-за кратаў у лютым 2022 года)
Пра псіхалагічную падрыхтоўку
«Для таго, каб падрыхтавацца да допыту, трэба памятаць шэраг рэчаў і няспынна працаваць са сваёй воляй. Нейкія пагрозы могуць быць рэалізаваныя, а некаторыя — не. Але гэта настолькі ўмоўна, што я не рызыкну вам сёння сказаць: «Гэта і гэта яны ніколі не зробяць». Сітуацыя можа змяніцца ў любы момант, і, тэарэтычна, яны могуць усё. Бяспройгрышны ход — адразу настройвацца на турму, на максімальны тэрмін. Парадокс, але гэта робіць вас значна больш свабодным. Вы вызваляеце свой мозг ад бясконцай гонкі страхаў і хваляванняў і загружаеце яго больш практычнымі рэчамі: як правесці час з карысцю, як захаваць здароўе.
Распытвайце сукамернікаў пра турмы, лагеры, пра сістэму. Слухайце іх гісторыі, успрымайце, асэнсоўвайце. Як сказаў у адным са сваіх лістоў Аліневіч — у турме жыццё не заканчваецца, яно проста цячэ па-іншаму» (З артыкула «Практычныя парады: псіхалогія допыту»).
«Мы мусім умацоўваць давер між сабой»
«Усе дзеянні карнікаў накіраваны ў бліжняй перспектыве — каб запалохаць, а ў далёкай — каб падарваць давер між людзьмі. У турме, якая з'яўляецца копіяй грамадства ў мініяцюры, гэта асабліва заўважна.
Як на волі, так і ў турме праз аператыўную працу між людзьмі сеюцца спрэчкі, інтрыгі, недавер, каб кожны падазраваў у кожным правакатара ці цынічнага эскапіста. З гэтага вынікае, што мы мусім умацоўваць давер між сабой, бо вялікія групы людзей, якія давяраюць адно аднаму і здольныя артыкуляваць свае інтарэсы — гэта смяротная небяспека для сістэмы». (З інтэрв’ю Міколы Дзядка з-за кратаў у сакавіку 2021 года).
«Выкрываць злачынствы — маральны абавязак кожнага чалавека»
«Улады баяліся і баяцца агалоскі ўсяго, што робіцца ў карных установах, адмыслова робячы іх настолькі закрытымі, наколькі гэта магчыма. Гэта значыць, што агалоска можа нанесці ім рэпутацыйную і маральную шкоду.
І калі магчымасць нанесці такую шкоду ў нас ёсць, мы павінны яе выкарыстоўваць. Кожны злодзей імкнецца схаваць свае агідныя дзеянні ці, калі не атрымалася, апраўдаць іх чым заўгодна: законам, правам моцнага, «рэвалюцыйнай неабходнасцю», мараллю...
Казаць жа праўду і выкрываць злачынствы — гэта імператыў, маральны абавязак кожнага чалавека». (З кнігі Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага сусвету»)
«Я абавязаны турме многім»
«Ці шкадую я аб тым, што адбылося? Сёння, як мінуў час, можна адказаць на гэта пытанне адназначна: не. Я ні аб чым не шкадую. І калі б можна было павярнуць час назад, тады, на першых допытах, дзе вызначыўся мой лёс, я зрабіў бы ўсё гэтаксама.
Я абавязаны турме многім. Для тых, хто ставіць перад сабой мэту самаўдасканалення, турма — сапраўдная школа барацьбы са сваімі слабасцямі, школа разумення чалавечай псіхалогіі, школа пазнання межаў сваіх магчымасцей, прасцей кажучы — школа жыцця. Такой яна стала і для мяне.
Да таго ж, калі быць шчырым, сядзець у турме і трываць пакуты няцяжка, калі ведаеш, чаму і навошта ты сядзіш. Не за тое, каб прывесці да ўлады новага прэзідэнта, а потым скардзіцца, што ён здрадзіў народу, не за тое, каб дзяржава змяніла прарасейскую бюракратыю на празаходнюю, не за тое, каб працоўныя беларускіх прадпрыемстваў змянілі гаспадара з дзяржаўнага на прыватнага, і не за тое, каб справаводства ў карных установах КДБ і МУС замест рускамоўнага стала беларускамоўным, а дзеля таго, каб унесці свой, хай і мізэрна малы, унёсак у пабудову грамадства, у якім адна чалавечая асоба ніколі не будзе пазбаўляць волі, правоў і чалавечай годнасці іншую». (З кнігі Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага сусвету»)
«Будзьма моцнымі!»
«Калі мы не можам паўплываць на ўзровень рэпрэсій, выйсце можа быць толькі адно: падрыхтаваць сябе да іх. А гэта значыць, прыняць як данасць тое, што калі ты змагаешся, ты можаш быць за гэта пакараны. Калі ты атакуеш дзяржаву — яна контратакуе цябе. Гэта не трагедыя і не эксцэс, гэта нармальная з’ява, шараговы эпізод нашага супрацьстаяння. А гэта значыць, што для таго, каб годна сустрэць такі паварот у сваім жыцці, трэба няспынна працаваць над сабой, зжываць у сабе любыя слабасці, якія могуць быць скарыстаныя карнікамі, весці ў сваім сэрцы барацьбу супраць страху і жаданняў, якія цягнуць цябе ўніз.
Тыя, хто спрабуе нас знішчыць, працуюць за костку, кінутую з барскага стала. У іх няма чыстых ідэй, сваіх думак, годнасці, гонару і пачуцця справядлівасці. Мы ж усё, што мы робім, робім па поклічы сваёй душы. Можа быць, эканамічна і палітычна яны ўзялі верх, але маральная перамога на нашым баку ўжо зараз. Няхай разуменне гэтага грэе вас у цяжкую хвіліну. Будзьма моцнымі!»(З артыкула «Практычныя парады: псіхалогія допыту»).
«Мы ўсё роўна будзем ісці наперад»
«Мы ведаем, хто мы. І мы ведаем, чаго хочам. Няхай марыянеткі ва ўладзе прыдумляюць новыя метады барацьбы з «экстрэмізмам» і думаюць, што б яшчэ забараніць, няхай чэкісты піляць дзяржбюджэт, закупляючы новую апаратуру для кантролю за намі, няхай мянты запалохваюць нас сваімі вадамётамі, газавымі гранатамі і спецназамі, няхай ліюць бруд на нас з экранаў замбаскрыні — мы ўсё роўна будзем ісці наперад, трымаючы за рукі ўсіх тых, хто ішоў па гэтым шляху да нас». (З кнігі Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага сусвету»)
Рэдакцыя «Новага Часу» шчыра віншуе Міколу з народзінамі! Зычым здароўя, свабоды і найхутчэйшай сустрэчы з роднымі.