«Яшчэ прыйдзе час, калі ўсе людзі ўбачаць, хто такі Мікола Дзядок!»

800 дзён утрымліваецца за кратамі актывіст анархічнага руху, журналіст «Новага Часу», палітвязень Мікалай Дзядок. Мы паразмаўлялі з яго татам, спадаром Аляксандрам, у дзень, калі сын патэлефанаваў яму з турмы.

Мікола Дзядок. Фота з адкрытых крыніц

Мікола Дзядок. Фота з адкрытых крыніц


— Спадар Аляксандр, якія апошнія навіны ад Міколы? Ці ёсць магчымасць падтрымліваць сувязь?

— Пачну з таго, што сёння ў нас вялікая радасць — Мікола тэлефанаваў, яму дазволілі 5 хвілін размовы. Я пачуў яго голас, адчуў ягоны настрой. Хачу сказаць, Мікола ў нас проста вялікі чалавек! Нават у гэтых абставінах з ім застаецца пачуццё гумару. Размова была, як звычайна, даволі сумбурная, бо шмат што хочацца сказаць, але стараліся паспець вымавіць адно аднаму самае патрэбнае.

У Міколы ўсё добра. Праўда, нядаўна адсядзеў сем сутак у ШІЗА, пакуль не ведаю, за што. Але зараз усё ў парадку. Сядзіць ён у камеры, чытае кніжкі. Са здароўем крыху ёсць праблемы, але мы рыхтуем для яго медыцынскую перадачу, з мясцовым доктарам ён яе ўзгадніў.

— Раскажыце, як ён гучыць, пра што кажа?

— Вось пазаўчора я атрымаў ад Міколы два лісты, у якіх ён піша, што досвед няволі для яго — спосаб самаўдасканалення. Гэта не страчаны час, але час, які ёсць магчымасцю рабіць нешта карыснае для сябе. Мне прыемна, што ён пра гэта піша. Мікола ў нас вельмі моцны чалавек.

— А які гэты час для вас? Ці атрымліваецца весці нейкае нармальнае, звычайнае жыццё?

— Ведаеце, не атрымліваецца. Кожная хвіліна, кожны дзень праходзіць у думках пра яго. Гэта вельмі цяжка. Але для мяне найістотнейшае —– каб у яго ўсё было ў парадку.

Я раблю ўсё для таго, каб Мікола мог там знаходзіцца ў нармальным маральна-псіхалагічным стане.

Калі так — тады і ў нас усё будзе нармальна. Але цяжка, вельмі цяжка. Такія людзі, як Мікола, павінны быць на волі, ствараць нашую краіну. Такіх, як ён, вельмі мала. Але маем што маем.


— Ці дастаткова падтрымкі вы атрымліваеце з боку беларусаў, міжнароднай супольнасці?

— Шчыра кажучы, не атрымліваем. Ніякай. Я стараюся заўсёды быць у сацсетках, усё чытаць… Але пра Міколу даўно нічога не чытаў.

Пра матэрыяльную падтрымку не кажу, патроху самі спраўляемся, нам гэта не ў навінку. Але маральнай падтрымкі вельмі не хапае.

Мікалай з’яўляецца для нашай краіны чалавекам нумар адзін. Ведаеце, гэта так! Яшчэ прыйдзе час, калі ўсе людзі ўбачаць, хто такі Мікола Дзядок! Я ўпэўнены ў гэтым, адназначна.


Дарэчы, зараз стала крыху лепш з лістамі. Ліставанне стала часцейшым. Па-рознаму бывае, здараецца, што яго ліст ад 4 студзеня прыходзіць 18-га. Але на гэта ўжо не звяртаем увагі, таму што яны ідуць. Мы размаўляем з ім — гэта галоўнае. А калі Мікола сёння патэлефанаваў мне, пачуць яго голас было вельмі, вельмі, вельмі радасна!

Мікалай Дзядок і Аляксандр Дзядок

Мікалай Дзядок і Аляксандр Дзядок


— А пры што вы звычайна яму пішаце?

— Пра свае адчуванні ад яго лістоў, пра ўражанні ад кніжак, якія ён чытае. Аказваецца, у турэмнай бібліятэцы ёсць кніжкі такіх аўтараў, як, напрыклад, Васіль Аксёнаў. Для мяне гэта вельмі моцны пісьменнік.

Таксама ў лістах размаўляем пра тое, што мы робім тут, у доме. Мы з жонкай будуем дом удвох, зараз ужо жывем у ім. Для Міколы там ёсць асобны пакой. Для яго будуем, для сябе і для яго.
У лістах распавядаў пра гэта.

А яшчэ абмяркоўваем наша стаўленне да жыцця. Мы не можам і, мабыць, не павінны размаўляць у лістах пра нейкія палітычныя падзеі, бо гэта прывядзе да таго, што лісты да яго не трапяць. Стараемся размаўляць пра тое, што можа быць не крытычным для цэнзуры. Толькі каб нашыя лісты хадзілі адзін да аднаго. Гэта самае істотнае.

Ведаеце, я сёння сеў пісаць яму ліст. Напісаў дзве старонкі фармата А4, і гэта толькі трэцяя частка ліста. Бо я хачу расказаць усё, што думаю, усё, што адчуваю. Вось так.

— Спадар Аляксандр, па вашых адчуваннях, наколькі Мікола ў курсе таго, што адбываецца ў свеце?

— Ён мае інфармацыю толькі ад беларускага радыё. Але Мікалай разумны чалавек, ён усё бачыць, усё правільна аналізуе. Што самае галоўнае — ён хоча, каб людзі жылі ў міры, дабрыні і шчасці! Таму тое, што адбываецца, для Міколы адназначна непрымальна.

Нагадаем, крымінальная справа на Мікалая Дзядка была заведзеная ў лістападзе 2020-га. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі актывіста, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі.

10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла яму пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віну не прызнаў.

Падтрымаць Міколу можна лістамі і тэлеграмамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Дзядок Мікалай Аляксандравіч