Палітвязень: Цывілізаваныя людзі з тэрарыстамі ніякіх перамоў не вядуць, гэта базавы прынцып

Палітвязень, які выйшаў на волю, даслаў у «Н*шу Ніву» водгук на зварот групы сваякоў палітвязняў. Рэдакцыя паразмаўляла з гэтым чалавекам асабіста. З меркаванняў бяспекі ён папрасіў не называць яго імені.

valadarka_3.jpg


«Я, як былы палітвязень, які быў, размаўляў і суіснаваў працяглы час і ў СІЗА, і ў калоніі са шматлікімі палітвязнямі розных узростаў, прафесій і меркаванняў (было сярод іх і некалькі вядомых людзей), заяўляю, што любыя перамовы па вызваленні палітычных зняволеных у абмен на саступкі рэжыму Лукашэнкі абсалютна недапушчальныя ні ў якой форме. Гэта найперш плявок у бок саміх палітвязняў і таго, што мы зрабілі і за што мы селі за краты.

«Мы з 2020 года ў турмах абмяркоўвалі»

Мы не хацелі ў турму, і мы наогул не павінны былі там апынуцца. Але мы не хочам, каб гэты жудасны досвед аказаўся марны.
Не для таго мы прайшлі праз гэта, не для таго цярпелі нашы родныя, блізкія і сябры, не для таго нашы суайчыннікі ахвяравалі сваёй асабістай будучыняй, свабодай і нават жыццём, каб усё гэта рабілася разменнай манетай, якая дазволіць ацалець і застацца ва ўладзе нашаму галоўнаму кату Лукашэнку і яго памагатым.Не для таго паміралі Тарайкоўскі, Віхор, Шутаў, Бандарэнка, Ашурак, каб галоўная прычына іх трагічнага лёсу працягвала заставацца ва ўладзе.
Па яго загадзе нас мучылі і катавалі ў засценках кожны дзень рознымі спосабамі. Мы з 2020 года ў турмах дрыгатліва абмяркоўвалі адзін з адным гэтую будучую перамогу, што мы сваю справу ўжо зрабілі, а людзі на волі, як у эстафеце, перанялі наш сцяг і ідуць наперад. Нават калі на волі ўсё безнадзейна, мы ў асноўнай сваёй масе працягваем верыць і ўяўляць, як вы руйнуеце нашых ворагаў і аднаўляеце справядлівасць.Разам з гэтым я заўважаў, што мы кожны дзень там самі сабе ці адзін аднаму казалі: «Калі ж гэта, нарэшце, скончыцца»? І пад вось «гэтым» мы разумеем канец не толькі нашага крымінальнага тэрміну, які тамака можа быць вельмі лёгка падоўжаны, але і канец усяго абсурду і злачыннай, хлуслівай, чалавеканенавісніцкай сістэмы.
Зразумейце, што наш выхад на волю ўзамен на саступкі не быў бы сапраўдным вызваленнем. З улікам таго, што адбываецца, мы проста выходзім з зоны меншай у зону большую, дзе ўсё стала толькі горш, а нашая ахвяра ні да чога не прывяла. Гэта стала б глыбокай псіхалагічнай траўмай, якая ў дзясяткі разоў больш сур'ёзная за траўму ад трапляння і знаходжання ў турме.

«Масавасць рэпрэсій — доказ, што мы большасць»

Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары 2020 года і, каб утрымаць уладу, разгарнуў сапраўдны тэрор супраць уласнага народа.
Найлепшым доказам нашай перамогі і адначасова галоўнай памылкай рэжыму Лукашэнкі былі нават не крывавыя першыя дні пасля выбараў, а менавіта 16 жніўня. Гэта той дзень, калі яны нам не перашкодзілі ўбачыць адно аднаго ў рэальнасці, а не ў інтэрнэце ці на якіх-небудзь падпольных сходках. Мы беспрэцэдэнтна зліліся ў адзіны гіганцкі людскі акіян, поўны шчырага шчасця, энтузіязму і свабоды. Нават аднаго гэтага стала дастаткова, каб назаўжды ідэйна і фізічна зафіксаваць нашу большасць, якую ніколі не перасягне ніводны ябацінг (не дапамагла і арэнда ўсіх у краіне пасажырскіх аўтобусаў, цягнікоў і самалётаў для прывозу бюджэтнікаў, іх у сотні разоў менш). Менавіта гэтая думка аб'ядноўвала большасць палітвязняў у імкненні абгрунтаваць сваё знаходжанне ў турме. Большасць не можа прайграць, думалі яны.
І большасць не прайграла. Барацьба з рэжымам Лукашэнкі набыла зусім іншыя формы і адценні. Толькі дурань ці агент могуць казаць, што «мы прайгралі 2020 год». Калі б мы сапраўды прайгралі, то не было б патрэбы ў рэпрэсіях такога маштабу. Масавасць рэпрэсій — гэта прызнанне, што яны меншасць, якая змагаецца з большасцю.
Хоць яны і лічаць сябе пастухамі, а нас авечкамі, але яны баяцца нас дагэтуль, моцна баяцца помсты.

Майце самапавагу

Тыя, хто заклікае да перамоў з рэжымам, успомніце 2020 год. Майце самапавагу і будзьце паслядоўнымі ў сваіх прынцыпах.
Цывілізаваныя людзі з тэрарыстамі ніякіх перамоў не вядуць, гэта базавы прынцып.Калі вы гэта зробіце, то перакладзяце гэтую праблему на плечы і галовы вашых дзяцей, якія таксама ў будучыні апынуцца на Акрэсціна і ў іншых катавальнях».