Андрэй Саннікаў не супраць яшчэ раз балатавацца ў прэзідэнты Беларусі

Кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў не супраць паспрабаваць ізноў стаць кіраўніком Беларусі — але толькі пасля звяржэння рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта ён заявіў у эфіры ўкраінскага ютуб-канала «Фабрыка навін».

sannikau08042013.jpg


Адказваючы на пытанне вядучай Анастасіі Фёдар, ці гатовы ён яшчэ раз прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах, Саннікаў прызнаўся, што ўсё залежыць ад рашэння яго каманды.

«Вы ведаеце, я ў любым выпадку ўдзельнічаў бы і ўдзельнічаю да гэтага часу ў палітычным жыцці Беларусі. Безумоўна, уся каманда, касцяк маёй каманды захаваўся. Каманда ў нас прымае калектыўнае рашэнне. І калектыўнае рашэнне было аб вылучэнні маёй кандыдатуры ў 2010 годзе. Калі мне акажуць гонар і вылучаць маю кандыдатуру пасля звяржэння Лукашэнкі — безумоўна, я буду балатавацца», — сказаў Саннікаў.

Андрэй Саннікаў — экс-намеснік міністра замежных спраў Беларусі, мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла. У 1992-1995 гадах узначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраенні, працаваў дарадчыкам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі. У 1995-1996 гадах — намеснік міністра замежных спраў Беларусі.

Падаў у адстаўку ў лістападзе 1996 года на знак пратэсту супраць рэферэндума Лукашэнкі па змене Канстытуцыі. У 1997 годзе быў адным з ініцыятараў «Хартыі’97». У 2008 годзе разам з Віктарам Івашкевічам, Міхаілам Марынічам і іншымі палітыкамі стаў ініцыятарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць сваёй мэтай уступленне Беларусі ў ЕС.

Кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе. Нават паводле экзітполу ад праўладнага «аналітычнага цэнтра» ECOOM рэйтынг Саннікава на дзень выбараў склаў 6,33% (другі пасля Лукашэнкі), але ЦВК РБ намалявала яму 2,43%.

Затрыманы разам з жонкай Ірынай Халіп у ноч з 19 на 20 снежня 2010 года пасля разгону ўладамі мітынгу супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.


14 траўня 2011 года суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў Саннікава вінаватым у арганізацыі беспарадкаў і даў яму 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 23 снежня 2011 года Саннікаў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, і 14 красавіка 2012 года быў датэрмінова вызвалены з папраўчай калоніі.

У кастрычніку 2012 года атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, жыве ў Польшчы.

У час падзей 2020 года крытыкаваў Святлану Ціханоўскую.