Прафесар Чыкагскага ўніверсітэта: Расія паспрабуе замяніць Лукашэнку на таго, хто ўступіць у вайну
Прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Канстанцін Сонін на канале «Лямпа» разважае над адказам на пытанне, ці ўступіць Беларусь у вайну, праводзіць гістарычныя паралелі і кажа, што Беларусь будзе жыць не горш, чым Польшча ці краіны Балтыі.
— Ёсць гістарычныя прыклады: тая ж Венгрыя ўступіла ў вайну на баку Германіі ў 1944 годзе, калі было ўжо абсалютна зразумела, што Германія прайграе, а саюзнікі выйграюць. Гэта было зусім самагубства, і Венгрыя за гэта потым доўга расплачвалася.
Але пакуль там быў нацыянальны ўрад, хай і дыктатура, яны супраціўляліся, хоць і неяк дапамагалі Гітлеру. Тады фашысты зладзілі пераварот і ўсталявалі там такі ўрад, які ўступіў у вайну на іх баку.
Тое ж самае фашысты зрабілі да гэтага з італьянскім урадам. Адпаведна, мне падаецца, што ў нейкі момант Расія паспрабуе замяніць Лукашэнку на таго, хто ўступіць у вайну. Ці ён сам уступіць. Такі варыянт не выключаны.
Улічваючы гістарычныя паралелі, Сонін не выключае і таго, што расійскі і беларускі дыктатары будуць вымушаны сысці.
— У 1914 годзе ніхто не верыў, што Мікалай ІІ можа сысці, а ў 1917-м гэта нібы ўжо было само па сабе зразумела. Яго не адгаворвалі нават тыя людзі, якія былі за манархію.
Думаю, што мы цяпер проста знаходзімся ў раёне 1915 года, а не ў раёне 1917-га. Магчыма, што і Пуцін будзе вымушаны сысці. Вядома, ён гэтага ніколі не зробіць добраахвотна. Але яго могуць прымусіць. У гісторыі з Лукашэнкам тое ж самае.
Мы бачылі шмат прыкладаў, калі лідары краін мянялі свае перакананні ў той момант, калі гэта станавілася больш выгадна. Думаю, што Лукашэнку нават не трэба дзейнічаць у інтарэсах Беларусі, каб здрадзіць Пуціну, яму гэта трэба будзе рабіць у інтарэсах самога сябе.
Прафесар выказвае сваю версію прычыны правалу беларускай рэвалюцыі ў 2020 годзе і разважае, як у выпадку перамогі мог бы скласціся далейшы лёс краін у рэгіёне.
— Для мяне ёсць загадка ў тым, што ўкраінцам удалося вырвацца з дыктатуры, а расійцам і беларусам — не. Таму што гістарычна былі прыклады краін, у якіх няма паспяховых гісторый дэмакратыі, але якія, аднак, даволі хутка пераходзілі да ўстойлівай дэмакратыі.
Напрыклад, Іспанія, дзе да 1975 года не было ніколі паспяховай гісторыі дэмакратыі. Але яны перайшлі не проста да дэмакратыі, а да дэмакратыі настолькі канкурэнтнай і ўстойлівай, што нікому і ў галаву не прыйдзе, што 45 гадоў таму яны былі ваеннай дыктатурай.
Я бачыў адно з тлумачэнняў гэтаму, якое грунтавалася на блізкасці да Еўропы. Яна адыгрывае вялікую ролю, таму тут нават не трэба быць гістарычнай Польшчай, краінай з сярэднявечнымі традыцыямі дэмакратыі. У Польшчы гэтыя традыцыі былі даўжэйшымі, чым у Францыі і Англіі. Таму выбар палякаў не дзіўны. Але вось Іспанія — добры прыклад.
Гэты момант быў у 2020 годзе. Калі б тады не было расійскай дапамогі, расійскіх сілавікоў і грошай, можа, і стаў бы Лукашэнка проста эпізодам, некаторым недэмакратычным мінулым.
Чаго не хапіла беларусам для перамогі? Скажам, у 1985 годзе на Філіпінах, калі мясцовы дыктатар абвясціў сябе пераможцам на выбарах, пачаліся пратэсты. Не такія маштабныя, як у Беларусі, але таксама вялікія.
І ў нейкі момант ваеннае кіраўніцтва вырашыла, што хопіць падманваць народ, што трэба паглядзець, як усё-ткі былі палічаны галасы, і аддаць уладу тым, каго абраў народ.
Нядаўна мы бачылі, як бразільскія ваенныя, большасць з якіх падтрымліваюць папярэдняга прэзідэнта, змірыліся з паражэннем і аддалі перавагу не сваім інтарэсам, а лаяльнасці бразільскаму народу і канстытуцыі. Таму што ў іх дэмакратыя. Вось у Беларусі такіх сілавікоў не знайшлося.
Не выключаю такога варыянту развіцця падзей. Але вайне Расіі з Украінай гэта дакладна перашкодзіла б. Было б цяжэй атакаваць Украіну, калі б Расія была ўцягнута ў нейкі канфлікт з Беларуссю. Яна б проста не змагла так лёгка напасці на Украіну.
Сонін лічыць, што ў нашай краіны былі і застаюцца ўсе гістарычныя перадумовы для таго, каб стаць дэмакратычнай краінай.
— Наконт Расіі ў мяне даволі песімістычны погляд. Я магу сабе ўявіць, што ў Расіі правядуць выбары, на іх хтосьці пераможа, але дэмакратыя пры гэтым не ўсталюецца.
Яны не перамаглі, але было відавочна, што большасць беларусаў лічаць дэмакратыю, свой голас прынцыпова важнай каштоўнасцю.
Я не ўпэўнены, што расійцы таксама гатовы выходзіць на мітынгі, калі іх голас не ўлічаць.
А праз 10 гадоў, я думаю, ва Украіне будзе значна лепш, чым у Расіі. А ў Беларусі ёсць усе шанцы быць новай Польшчай або любой краінай Балтыі. Нішто не перашкаджае ёй жыць лепш, чым цяпер, і лепш, чым Расіі, — сказаў на заканчэнне прафесар.