«Акт тэрарызму», «здрада дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі»

У Магілёўскім абласным судзе сёння, 23 студзеня, у закрытым рэжыме распачаўся суд над «рэйкавымі партызанамі» Дзмітрыем Клімавым, Уладзімірам Аўрамцавым, Яўгенам Мінкевічам з Бабруйска.

Дзмітрый Клімаў

Дзмітрый Клімаў

Іх затрымалі ў ноч на 30 сакавіка 2022 года. Паводле версіі абвінавачання, яны датычныя да знішчэння дзвюх рэлейных шаф сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі.
Справу разглядае суддзя Ігар Шведаў. Палітвязням пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны, за кратамі яны ўтрымліваюцца 10 месяцаў.
У чым абвінавачваюць палітвязняў?Ім інкрымінуюцца адразу пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
ч. 3 арт. 289 — «Акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай»;ч. 2 арт. 290-4 — «Удзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці»;ч. 1 арт. 356 — «Здрада дзяржаве»;ч. 4 арт. 309 — «Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін»;ч. 2 арт. 406 — «Неданясенне аб злачынстве».
Раней па артыкуле за «ўдзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці» судзілі толькі фігурантаў «справы АГСБ». Бабруйскіх партызанаў судзяць за сувязь з «ByP*L» і планам «Перамога». Паколькі суд праходзіць у закрытым рэжыме, то падрабязнасці справы невядомыя.


Што адметна, «рэйкавых партызанаў» не ўнеслі яшчэ ні ў «Спіс экстрэмістаў», ні ў «Спіс тэрарыстаў».
Нагадаем, у ноч на 30 сакавіка 2022 года пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманы трое «рэйкавых партызанаў» з Бабруйска. Пра гэта 6 красавіка паведаміла МУС. На аператыўнай здымцы ў аднаго з іх перабінтаваныя калені, і ён з цяжкасцю адказвае на пытанні аператыўнікаў, у другога кроў на твары, а трэці моцна напалоханы. Па інфармацыі ведамства, «падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы». Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне.
Адзін з затрыманых быў паранены і нейкі час знаходзіўся ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы. Як вынікае з аператыўнага відэа, пры затрыманні быў паранены Дзмітрый Клімаў. На відэа затрымання ў яго перавязаны калені, а ў ізалятары ён кульгае.

Што вядома пра палітвязняў?

partyzany_3.jpg

28-гадовы Дзмітрый Клімаў у мінулым працаваў кіроўцам у некалькіх арганізацыях і таксістам. Таксама ён працаваў у калінкавіцкім Дэпартаменце аховы з пачатку 2017 года да траўня 2018-га, а затым прапаршчыкам міліцыі да звальнення ў жніўні. Дзмітрый жанаты, у яго ёсць чатырохгадовая дачка.
27-гадовы Уладзімір Аўрамцаў вучыўся ў Бабруйскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і ў БДАТУ. Ён займаўся барацьбой і выступаў на спаборніцтвах па грэплінгу ў чэмпіянаце Беларусі і ADCC Belarus Open. Уладзімір працаваў трэнерам у Бабруйскім фітнес-цэнтры «Ева».
28-гадовы Яўген Мінкевіч, як і Уладзімір Аўрамцаў, скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву, пасля адвучыўся ў МДПУ імя Шамякіна на факультэце фізічнай культуры. Ён працаваў санітарам на хуткай дапамозе ў Бабруйску, а таксама таксістам у розных сэрвісах.
Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, пасылкамі і грашовымі пераводамі: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А (Яўгену Віктаравічу Мінкевічу, Дзмітрыю Аляксандравічу Клімаву, Уладзіміру Аляксандравічу Аўрамцаву).