Правы чалавека? Забудзьце! Дзяржава ўзялася за прымусовае лячэнне і ЛПП

Улады сабраліся ўносіць змены ў законы аб прымусовым лячэнні і медыка-сацыяльнай адаптацыі. Выкарыстоўваць ЛПП і псіхлякарні цяпер будзе яшчэ прасцей.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар


Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль існуе сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў, накіраваная нібыта на дапамогу тым, хто мае алкагольную залежнасць. Па факце ж гэта працяг рэпрэсіўнай машыны дзяржавы, якая, да таго ж, выкарыстоўвае фактычна рабскую працу.

Дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў ініцыююць змены ў законы, якія рэгулююць працэс накіравання і ўтрымання людзей у ЛПП і псіхіятрычных лякарнях. Называючы гэта «ўдасканаленнем», яны, па факце, паступова выводзяць з прававога поля гэтую частку дзейнасці дзяржавы і робяць яе яшчэ больш зручнай для барацьбы не толькі з хворымі на алкагольную і наркатычную залежнасць, але з і палітычнымі апанентамі рэжыму (нагадаем, на дадзены момант, паводле звестак ініцыятывы «Dissidentby», 13 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне).


Як піша дзяржаўнае агенцтва «БелТА», новаўвядзенні дапамогуць «паскорыць накіраванне асобаў у ЛПП з улікам правапрымяняльнай практыкі, якая склалася». Калі прапанаваныя дэпутатамі змены ў законапраекты будуць прынятыя (а ў гэтым няма аніякіх сумневаў), больш не спатрэбяцца аніякія камісіі і агляды, дастаткова будзе толькі адной даведкі — дзе «вызначаецца наяўнасць сіндрому залежнасці або захворвання, якое перашкаджае накіраванню ў ЛПП». З гэтага вынікае, што адсутнасць такой даведкі аўтаматычна дазваляе накіраваць чалавека на прымусовае лячэнне, прычым псіхіятры, якія працуюць у гэтых установах, павінны будуць займацца дыспансерным назіраннем (для гэтага зменяць закон аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі). І вішанька на торце — уводзіцца адказнасць для асобаў, якіх накіроўваюць у ЛПП. Што гэта азначае і якія санкцыі прадугледжаныя, пакуль невядома, але зразумела, што нічога добрага чакаць не выпадае.

Наколькі эфектыўная сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў у дачыненні да тых, хто рэальна пакутуе ад алкагалізму, расказвала ў інтэрв'ю «Новаму Часу» праваабаронца Наста Лойка, якую зараз трымаюць за кратамі:

«Па ўсіх стандартах гэта прымусовая праца. Жанчыны, з якімі я сядзела і якія былі і ў ЛПП, і ў калоніях, гаварылі, што ЛПП горш за калонію. Па-першае, па бессэнсоўнасці: ты атрымліваеш пратакол за распіццё, цябе адвозяць у ЛПП, дзе нібыта хочуць навучыць працы, але яны працавітыя дзяўчыны, яны і так умеюць працаваць, проста ім штосьці ў жыцці замінае часам гэта рабіць. Па-другое, стаўленне: увесь гэты ахоўны персанал настолькі агрэсіўна да іх ставіцца, што людзі, якія былі з неўраўнаважанай псіхікай, мне падаецца, яшчэ больш яе траўмавалі, яшчэ больш співаліся потым. Таму што людзі часта п’юць ад таго, што ў іх было кепскае дзяцінства, увагі не хапіла, яшчэ ад нечага. Атрымліваецца, што ў ЛПП працягваюць гэтак жа з імі абыходзіцца, плюс дзяржава на іх нажываецца. Ёсць яшчэ шмат людзей, якія працаваць у прынцыпе не могуць па стане здароўя, нягледзячы на ўсе гэтыя медкамісіі, якія не могуць для іх падабраць працу. Таму гэта бессэнсоўны механізм, які існуе для таго, каб проста забяспечваць працоўныя месцы людзям з "дзяржаўнага электарату". Іншага тлумачэння ў мяне няма». 

А цяпер, гледзячы па ўсім, гэта цалкам сабе можа быць чарговым інструментам рэпрэсій.