Хронікі рэпрэсій за 23 студзеня

Дайджэст беларускіх будняў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Сёння ў Магілёўскім абласны судзе пачаўся разгляд справы «рэйкавых партызанаў» Дзмітрыя Клімава, Уладзіміра Аўрамцава і Яўгена Мінкевіча. Іх абвінавачваюць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай» (ч.3 арт.289 КК), «Удзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці» (ч.2 арт.290-4), «Здрада дзяржаве» (ч.1 арт.356), «Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (ч.4 арт.309), «Неданясенне аб злачынстве» (ч.2 арт.406). «Рэйкавых партызанаў» яшчэ не ўнеслі ні ў «спіс экстрэмістаў», ні ў «спіс тэрарыстаў».

Стала вядома пра затрыманні некалькіх карыстальнікаў «Чат-рулеткі». Былі затрыманыя Вадзім Шафранскі і Віталь Лобач, якія размаўлялі з правакатарам Юрыем Комарам — той прадставіўся ўкраінцам. Затрыманыя выказалі падтрымку Украіне і ўкраінцам, а таксама прадказалі паразу Расіі ў вайне. Гэты ж правакатар паспрыяў затрыманню 18-гадовага студэнта Інстытута бізнесу БДУ Данііла Гомана. У «Чат-рулетцы» хлопец нібыта сказаў, што яго прадзед спальваў Хатынь.

Праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага Віктара Бабарыку паставілі на ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, праяў агрэсіі і нападу на адміністрацыю» — за тое, што ён наразаў сала і пакінуў на падаконні драпіны. Пра гэта паведаміў былы вязень калоніі: «За Бабарыкам заўсёды ўзмоцнены кантроль. Як правіла, дзе ён працуе, там ставяць вельмі шмат камер — для таго, каб ён не пакідаў працоўнае месца не па раскладзе. Таксама на Бабарыку павесілі прафілактычны ўлік ..., бо ён ножыкам пакінуў драпіны на падаконніку, калі рэзаў сала. Гэта ўбачылі пазаштатныя супрацоўнікі адміністрацыі, пабеглі ў штаб і далажылі пра гэта операм (супрацоўнікам адміністрацыі калоніі)».

Таксама былы вязень Наваполацкай папраўчай калоніі №1 расказаў пра ўдзел у збіцці і катаваннях начальніка ўстановы Аляксандра Пальчыка. Ён заяўляе, што начальнік калоніі не толькі аддае загады наконт здзекаў і ціску на зняволеных, але і асабіста ўжывае фізічны гвалт да іх: «Вядома, што начальнік калоніі Аляксандр Пальчык асабіста збіваў асуджаных, ставіў іх на расцяжку — ледзь не на шпагат». Пры такіх расцяжках у зняволеных ірвуцца мышцы ног і звязкі, «вылятаюць» каленныя суставы. 

ГУБАЗіК затрымаў першага намесніка генеральнага дырэктара — галоўнага інжынера РУП «Магілёўэнерга» Аляксандра Шышова — нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Інтэрнэце». Зараз мужчына знаходзіцца ў ІЧУ.

Стала вядома, што 21 студзеня быў затрыманы аператар Павел Падабед — верагодней за ўсё, за прафесійную дзейнасць. Што канкрэтна інкрымінуецца журналісту, пакуль невядома.

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у краіне налічваецца 1438 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1703 чалавек. Сярод іх — 192 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 13 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.