«Праз пару гадоў мы ўбачым новыя формы рэпрэсій»

Даследчыца «Цэнтра новых ідэй» Леся Руднік у інтэрв'ю «Позірку» выказвае сваё бачанне сённяшняй сітуацыі ў Беларусі і аналізуе магчымасці для спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар


— Я б не пагадзілася, што ўлады дэкларуюць, што яны перамаглі. Таму што пры прапановах вярнуцца дадому і адказаць за свае ўчынкі яны працягваюць далей раскручваць машыну рэпрэсій, — кажа даследчыца ў інтэрв'ю каналу «Позірк». — Мне здаецца, такім чынам мы чуем меседж, што рэпрэсіі будуць працягвацца.

Калі мы ўспомнім, як выглядалі гэтыя заклікі вяртацца дадому, то гэта не жэст добрай волі, а досыць пагрозлівыя меседжы. Па сутнасці, прапануюць вярнуцца і сесці ў турму. Гэта гаворыць нам, што рэпрэсіі не спыняцца, а, хутчэй, будуць раскручвацца далей.

У 2020 годзе адбылося пашырэнне ад вузкага палітычнага актывізму да шырокага палітычнага грамадзянскага поля, калі мішэнямі сталі не толькі палітыкі, журналісты і эксперты, але і звычайныя грамадзяне. Наступным крокам, я думаю, будзе нейкая новая хваля і крэатыўнасць.

У будучыні, напэўна, нас чакаюць практыкі стукацтва і заахвочванне даносаў. У бліжэйшыя пару гадоў можа быць зачышчана не толькі медыйнае поле, але і будзе стварацца ілжывы наратыў.

Руднік адзначае: у Беларусі амаль не засталося тых, хто публічна выступае з крытыкай і пры гэтым не трапляе пад рэпрэсіі.

— Зусім свежы прыклад — з Андрэем Дзмітрыевым. Здавалася б, чалавек дастаткова доўга прыстасоўваўся і навучыўся выжываць у гэтай сістэме, пры гэтым рабіць цікавыя і важныя рэчы, але ён усё роўна трапіў пад рэпрэсіі.

Такім чынам уладзе ўвесь час нагадваюць, што ў яе ёсць сілавая перамога, але пры гэтым імкнуцца данесці, што барацьба працягваецца. Яны даюць адкрыта зразумець, што поля, каб выказваць свае думкі, няма. Сітуацыя яшчэ не дайшла да піку сваёй эскалацыі.

Думаю, нам варта чакаць таго, што мы яшчэ не бачылі. 2020 год многія называлі годам беспрэцэдэнтных рэпрэсій, хоць, па факце, формы гэтых рэпрэсій ужо былі ў гісторыі незалежнай Беларусі. Праз пару гадоў, я думаю, мы ўбачым новыя формы рэпрэсій. Ды яны ўжо ёсць: напрыклад, прапанова айцішнікам выкупляць сваю бяспеку.

Даследчыца Цэнтра новых ідэй адзначае, што Аляксандр Лукашэнка і яго асяроддзе дагэтуль знаходзяцца ў страху. Калі б гэтага не было, то ў Беларусі ўжо пачалася б хваля лібералізацыі.

— Была б адпушчаная частка палітвязняў, вёўся б нейкі рэальны дыялог. Але сёння ўлады да гэтага не гатовыя, бо не гатовыя зноў змагацца. Не думаю, што сёння ва ўладзе ёсць рэсурс на вялікую бітву на роўных умовах.

Хай сёння большасць беларусаў не прымае актыўнага ўдзелу ў палітычных падзеях і не выказвае сваю пазіцыю, але для іх у 2020 годзе агалілася карцінка зла, якую вельмі складана аспрэчыць і змяніць.

Таксама Руднік звяртае ўвагу на ініцыятыву сваякоў палітычных зняволеных, якія дапусцілі магчымасці кантактаў з рэжымам для вызвалення блізкіх.

— Мы пакуль не можам сказаць, ці будзе гэта мець нейкі вынік. Фактаў, што неўзабаве мы пачуем навіны пра нейкія перамовы, — няма. Магчыма, гэта стане дадатковым стымулам для актараў, якія маюць інструменты ўплыву на магчымы працэс перамоў.

Гэты крок з'яўляецца дылемай. Ці хочам мы гаварыць з рэжымам, каб вызваліць частку палітвязняў? Што азначае, што мы крыху здаліся. Бо мы хочам, каб выйшлі ўсе палітвязні, а не толькі частка.

Калі мы вырашаем дапамагчы частцы палітвязняў, то нібы ахвяруем іншай часткай, а таксама сваімі мэтамі і ідэаламі. У 2020-м мы ставілі на мэце вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Калі падчас перамоў вызваліцца 10 або 100 палітвязняў, гэта вельмі мала.

Нягледзячы на тое, што гэта высакародны крок, гэта можа раззлаваць і расчараваць частку іншых сваякоў, гэта можа не спадабацца людзям, якія адстойваюць больш жорсткія мэты — напрыклад, не весці ніякіх перамоў з рэжымам Лукашэнкі.

Тут важна зразумець, хто можа быць актарам, які можа размаўляць з рэжымам. Мне здаецца, дэмакратычныя сілы такім актарам быць не могуць, таму што сцяна, якая была пабудаваная паміж імі і рэжымам, ужо настолькі высокая, што яе ўжо не пераскочыць і не пераляцець. Гэта ўжо абсалютна зачыненыя бетонныя дзверы, і там няма праходу. Можа быць, гэтымі актарамі могуць быць чыноўнікі заходніх краін.