Палітвязень Аляксандр Фядута будзе пісаць у няволі кінасцэнарый
Палітзняволены палітолаг і публіцыст Аляксандр Фядута нядаўна выйшаў з турэмнай бальніцы. У яго планах, паведамляе «Народная Воля», напісанне кінасцэнарыя.
![1065578106_0_160_3072_1888_600x0_80_0_0_4148293d41e4ff1070a2620611417e80_gnreq.jpg 1065578106_0_160_3072_1888_600x0_80_0_0_4148293d41e4ff1070a2620611417e80_gnreq.jpg](/img/v1/images/1065578106_0_160_3072_1888_600x0_80_0_0_4148293d41e4ff1070a2620611417e80_gnreq.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадаем, у мінулым годзе ў Мінскім абласным судзе быў
вынесены прысуд па справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
На лаве падсудных знаходзіліся палітолаг, журналіст і
літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст
Юрый Зянковіч, супрацоўніца яго мінскага офіса Вольга Галубовіч, актывіст і
дальнабойшчык Дзяніс Краўчук.
У выніку Юрый Зянковіч атрымаў 11 гадоў зняволення,
Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў — па 10 гадоў, Дзяніс Краўчук і Вольга
Галубовіч — па 2,5 гады пазбаўлення волі.
Аляксандр Фядута быў накіраваны адбываць пакаранне ў магілёўскую калонію, але патрапіў у турэмную бальніцу амаль адразу пасля
пераводу ў папраўчую ўстанову: абвастрыліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі.
«Днямі муж мне і патэлефанаваў, і ліст ад яго прыйшоў у
мінулую пятніцу, — распавяла Марына Шыбко, жонка Аляксандра
Фядуты. — Па тэлефоне пагаварылі ўсяго тры хвіліны, таму нічога важнага не
абмяркоўвалі. Шчыра кажучы, я нават асабліва і не спадзявалася на гэты
тэлефонны званок, усё было абсалютна нечакана.
Аляксандр паведаміў, што ўжо выйшаў з турэмнай бальніцы.
Падлячылі яго там, крыху здароўе аднавілі…
Таксама прыйшоў і ліст. Саша напісаў, што збіраецца пісаць
кінасцэнарый, а для працы над ім будзе замаўляць пэўныя кнігі. Галоўнае — каб
здароўе не падводзіла».
![Куды падзеліся са «справы змоўшчыкаў» 150 джыпаў з Літвы і склеп у Гомельскай вобласці? Трэшачок тыдня. Куды падзеліся са «справы змоўшчыкаў» 150 джыпаў з Літвы і склеп у Гомельскай вобласці?](/img/v1/images/gtttrstrtr.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Са справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» рэжым сфабрыкаваў цэлы дэтэктыў. У аснове сюжэта было і забойства Лукашэнкі, і выкраданне ягоных дзяцей з наступным утрыманнем іх у легендарным склепе на Гомельшчыне, і 150 джыпаў з боку Літвы з аўтаматчыкамі. У байнэце з гэтых пужалак карыстальнікі кпілі, а эксперты называлі справу «змовай юрыста і пушкініста».
Насамрэч вельмі падобна на тое, што справа была калі не цалкам інспіраванай сілавікамі, то моцна імі раздзьмутай, і ў гэтую пастку трапілі яе наіўныя фігуранты. Пры гэтым Рыгора Кастусёва ўвогуле асудзілі на касмічны тэрмін за ўдзел у адным толькі стрыме, дзе нічога крамольнага палітык не сказаў.