Трэшачок тыдня. Куды падзеліся са «справы змоўшчыкаў» 150 джыпаў з Літвы і склеп у Гомельскай вобласці?
Фігурантам справы аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» 5 верасня прызначылі касмічныя прысуды — да 11 гадоў пазбаўлення волі. Суд праходзіў адкрыта, пра паказанні абвінавачаных пісалі прапагандысты. Аднак самай дэтэктыўнай часткі галівудскага сюжэту шаноўная публіка так і не дачакалася.
У красавіку мінулага года, неўзабаве пасля затрымання групы «юрыста і пушкініста», дзяржаўныя медыя кінуліся «рваць эфір».
У адмысловым фільме з красамоўнай назвай «Забіць прэзідэнта» — тыповым расповедзе пра «ісціннае ліцо» апанентаў улады — чаго толькі не расказалі рыпучыя галасы прапаганды. Палітолаг Аляксандр Фядута з паважным Рыгорам Кастусёвым там былі намаляваныя так, што пазайздросцілі б баевікі з «Аль-Каіды».
Асабліва валасы ў тэлегледачоў варушыліся на моманце, калі аўтары выкрылі злачынныя намеры «змоўшчыкаў» з уварваннем з-за мяжы жудасных тэрарыстаў на аўтамабілях.
Паводле той леташняй агіткі, 150 джыпаў з буйнакалібернымі кулямётамі (!) мусілі ўехаць у Беларусь з Літвы, за тры гадзіны даляцець да Мінска, захапіць рэзідэнцыю Лукашэнкі і расстраляць яго самога. Паралель у фільме праводзілася наўпрост: маўляў, гэтак жа кепскія людзі «ганяліся па пустыні за Кадафі».
На якім з тых джыпаў павінна была ехаць Ціханоўская ў ролі Ганны-кулямётчыцы, не ўдакладнялася.
Даваў у тыя дні дыхту «юрыстам-пушкіністам» і асабіста Лукашэнка. Выступаючы перад набліжанымі журналістамі, ён з болем у голасе казаў пра знакаміты склеп, куды тэрарысты хацелі пасадзіць яго з сям’ёй, каб потым, відаць, пусціць у расход.
«У планах — захоп дзіцяці, аднаго, другога, як атрымаецца. "Пасадзім у склеп"... Дарэчы, у Гомельскай вобласці і склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу. Яны нас прывялі, паказалі, як яны гэта ўсё планавалі», — казаў Лукашэнка.
Ну і як жа без рукі шкоднага Захаду? За руку тую ўхапіўся таксама непасрэдна «прэзідэнтанароджаны», які прыдумляць такія тэмы любіць з часоў легендарных «Ніка і Майка», і нават раней.
«Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў. Хутчэй за ўсё, ЦРУ, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў», — сказаў Лукашэнка.
Праз больш чым год распачаўся судовы працэс. У адкрытым рэжыме, бо ўсе «змоўшчыкі» (акрамя Кастусёва) вымушана прызналі віну. Прыходзь ды слухай — раскажуць і пра джыпы з кулямётамі, і пра склеп для лукашэнкаўскай сям’і, і пра дэструктыўную ролю ЦРУ.
Аднак вось дзіва: нічога пра гэтыя «пужалкі» з залі суда не прагучала. Так і не даведаліся мы, як Лукашэнку з сынамі «злачынцы» хацелі вывезці на Гомельшчыну ў суправаджэнні пазадарожнікаў ды расправіцца там з імі ў лепшых традыцыях Ісламскай дзяржавы.
З таго, аб чым гаварылі падчас працэсу, увагі заслугоўвае хіба што зачытаная пракурорам з таемнага плана «Цішыня» ідэя стрэліць па картэжу Лукашэнкі з гранатамёта «Муха». Але і гэта прайшло ў судзе, так бы мовіць, па датычнай, і належнага працягу ў справе не займела.
Але калі была муха, то дзе слон? А нідзе. У беларускім крымінальным кодэксе дастаткова артыкулаў пра забойства і замах на забойства, але і тыя «змоўшчыкам» у выніку не прад’явілі.
Асноўным артыкулам у абвінавачанні быў 357-мы. Гэта тая самая «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Каб зразумець, наколькі гэта можа быць далёка ад членашкодніцтва, варта ўзгадаць, што тое ж самае беларускія следчыя і пракуроры нафабрыкавалі Марыі Калесніквай і Максіму Знаку. Ці журналістцы Ксеніі Луцкінай. І яшчэ шмат каму, у кім Лукашэнка ўбачыў пагрозу свайму абсалютызму.
З усяго вынікае, што пра Фядуту і яго паплечнікаў Лукашэнка і яго верныя прапагандысты проста схлусілі. Так, канечне, гэтая падрабязнасць не дае нам новых ведаў пра рэжым і яго служкаў — хлусяць яны штодзённа ў межах кожнага працоўнага дня. Але ўсё ж гэты канкрэтны выпадак адметны сваёй асобнай сутнасцю.
Няма сумневаў, што фільм «Забіць прэзідэнта» рэдагаваў сам Лукашэнка. Бо замах на сябе — стрэмка ў яго падсвядомасці.
Не трэба быць Чалым, каб ведаць, што не проста так былы старшыня калгаса «Гарадзец» часта ўзгадвае пра лёс Кадафі, Хусейна і Мілошавіча. Адсюль і джыпы з кулямётамі, якія прыдумаў галоўны рэжысёр з 28-гадовым стажам.
Не трэба быць псіхолагам, каб здагадацца, што склеп для сям’і — адсылка да апошняга рускага цара, якога разам з дзецьмі сто гадоў таму расстралялі бальшавікі. То і гэты сюжэт падграблі ў кіно, каб мала «змоўшчыкам» не падалося.
Ну а ЦРУ — гэта ўвогуле класіка. Каб змову арганізаваў нейкі там Фядута з яго знешнасцю прафесара гуманітарнага ВНУ… Не, гэта несур’ёзна. Там без амерыканцаў не абышлося. Тых самых, што адсочвалі перамяшчэнні лукашэнкаўскага верталёта са свайго цэнтра пад Варшавай. А потым прызналі: так, кіраўнік Беларусі — вельмі моцны арэшак.
Гэта ўсё дзеля самалюбства і адчування сябе ў цэнтры сусвету. Дзе Пуцін і Зяленскі — «Валодзі», якіх усемагутнаму мне трэба памірыць. Дзе расійскім ФСБ кіруе «Саша Бортнікаў». Дзе нямецкі канцлер Шольц — «пацан», які нічога не разумее ў палітыцы.
Пасля лютага 2022-га ты ў дадатак яшчэ і суагрэсар і крамлёўская марыянетка, якога ніхто не ўспрымае ўсур’ёз. Ну хіба толькі губернатары расійскіх рэгіёнаў, якія зноў пачалі наязджаць у Мінск для абмеркавання дробных пытанняў.
А тут яшчэ і падзеі ва Украіне імкліва паварочваюцца ў неспадзяванае рэчышча. І ўжо не скажаш, што мы тут з «Валодзем» за тры дні возьмем Кіеў і пойдзем на Ла-Манш.
Ідэаліст Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова, а ў моцным апошнім слове перад прысудам адзначыў: «Легітымная ўлада не праводзіць таемна ад народа інаўгурацыю, а законна абраны прэзідэнт не бегае з аўтаматам без ражка. Лукашэнка баіцца настолькі, што нават у год, які ён сам абвясціў “годам нацыянальнага адзінства”, толькі раскручвае махавік рэпрэсій».
Уласна, у гэтых словах і палягае ўся «змова» супраць Лукашэнкі. У ёй удзельнічаюць мільёны беларусаў, якіх рэжым ужо два гады няспынна кідае ў турмы. Аднойчы гэтае кола спыніцца і пачне зваротную хаду. І для гэтага не спатрэбяцца ні літоўскія джыпы, ні варшаўскія кулямёты, ні грошы амерыканскіх лялькаводаў.