Аляксей Лявончык: «Пашпарт не робіць чалавека беларусам, вашая ідэнтычнасць не вызначаецца пашпартам»

Планы Лукашэнкі пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, выклікала багата разважанняў. Сярод іншага ўзнікла ідэя рабіць «альтэрнатыўныя» беларускія пашпарты ад імя ўрада ў выгнанні.

liavonchyk_3xsz2_1.jpg


Такія рэчы, між іншым, ужо ажыццяўляюцца энтузіястамі — але гэта, хутчэй, маральны крок. Напрыклад, актывісты беларускай дыяспары ў Германіі пачалі выдаваць у Берліне, побач з афіцыйным пасольствам РБ у ФРГ, сімвалічныя пашпарты «свабоднай дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь».

Ці можа беларускі ўрад у выгнанні выдаць пашпарт і ці можа такі пашпарт быць прызнаны ў Еўропе? Пра гэта ў інтэрв’ю Е*рарадыё разважаў Аляксей Лявончык.

— За беларускім пашпартам рэпутацыі краіны не стаіць, але ж гэты пашпарт адпавядае стандартам бяспекі. Ён адпавядае стандартам Міжнароднай асацыяцыі грамадзянскай авіяцыі, і ён адпавядае агульным стандартам друку, то бок, ён абаронены ад падробак. І ў тэхнічным сэнсе ніхто ў лукашэнкаўскага ўрада не будзе забіраць права друкаваць беларускія пашпарты. Таму што гэта азначае трансфер манаполіі, на якую іншыя ўрады не гатовыя

Калі яны на гэта пойдуць, то каталонскі або баскскі ўрад таксама захоча друкаваць свае пашпарты.

Лявончык таксама прыводзіць прыклад Бірмы, дзе ўжо колькі гадоў доўжыцца латэнтная грамадзянская вайна і дзе амаль 50 гадоў існаваў дыктатарскі рэжым.

— Колькі было дэмакратычных актывістаў у выгнанні, а колькі іх пратэрмінаваных пашпартоў потым прызналі? Іх ніколі не прызналі, бо там нават спробы не было. Яны, як сядзелі нелегаламі ў Тайландзе, так і сядзелі.

Або Польшча — прыводзіць яшчэ адзін прыклад актывіст. — Існаваў урад у выгнанні, які выехаў з краіны, калі ён яшчэ мог друкаваць пашпарты другой польскай рэспублікі. Але ці прызнавалі гэтыя польскія пашпарты? Не, не прызнавалі.

Да таго ж, па словах Лявончыка, друк пашпартоў — вельмі дарагая штука. З усімі тэхнічнымі сродкамі абароны, каб не было падробак. Ніякая нефармальная групоўка (а Ціханоўская пакуль з’яўляецца хутчэй такой групоўкай, бо ў яе няма доступа да дзяржаўных рэсурсаў, каб друкаваць пашпарты) не можа гэтага рабіць. Да таго ж гэта папросту дорага.


Лявончык падкрэслівае:

— Ты можаш надрукаваць нават самаабаронены пашпарт, але ўзнікне пытанне, наколькі абароненая гэтая тэхналогія або наколькі абароненая праверка асобы, якой выдаецца гэты пашпарт. Бо ўрад Ціханоўскай не мае рэсурсаў для таго, каб гэта праверыць.

Возьмем, напрыклад, Туркменістан і Эрытрэю, самыя закрытыя краіны свету пасля Паўночнай Карэі. Што нехта адмаўляўся прызнаваць туркменскія або эрытрэйскія пашпарты? Не.

Наконт пагрозы з боку беларускіх уладаў пазбавіць грамадзянства дэмакратычных актывістаў, што знаходзяцца за мяжой, Лявончык кажа, што нават, калі ў яго адбяруць беларуская грамадзянства, гэта не будзе азначаць, што ён згубіў беларускую ідэнтычнасць.

— Пашпарт не робіць чалавека беларусам, то бок вашая ідэнтычнасць не вызначаецца пашпартам. Да таго ж я ўпэўнены, што Лукашэнку засталося нядоўга, і ў выніку мы ўсе свае грамадзянствы сабе вернем. Чаму я так у гэтым упэўнены?

Самае галоўнае ў тым, што ў 2020 годзе адбыўся злом сацыяльнага кантракта. Што вяртанне да «зарплата ў 500 долараў і адсутнасць выбару» больш не будзе. Так, апазіцыя не прыйшла да ўлады, а пад апазіцыяй я разумею большасць насельніцтва. Але ж у людзей ужо няма пераканання, што шкварка вартая свабодных выбараў.

Плюс, — нагадвае Лявончык, — Пуцін увязаўся ў аванцюру ва Украіне, якая можа каштаваць яму праз нейкі час фатэля. Я не ведаю як, але гэта можа здарыцца хутка. І адзінае, на чым трымаецца Лукашэнка — гэта на пуцінскіх гарантыях.

Як толькі Пуцін знікае, то ў сілавікоў ізноў пачнуць трымцець рукі, і яны будуць шукаць каму здацца. Зараз яны ведаюць, каму здацца, бо ёсць Азараў і Сахашчык, а ў 2020 годзе ім было няма каму пазваніць.