Украінскую мяжу з Беларуссю ператварылі ў магутную лінію абароны
Украінскае Аператыўнае камандаванне «Захад» адсправаздачылася, што цалкам гатова стрымаць магчымую атаку з боку Беларусі. ЗША зноў не падоўжылі адмену санкцый на расійскую нафту, але гэта нічога не азначае. Украіна ж зноў ужыла «дальнабойныя санкцыі» супраць РФ. Ідуць 1544-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 234 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмы расіян у раёнах Вольнага, Кучарава Яру, Залатога Калодзежу, Новага Шахава, Біліцкага, Грышына, Васільеўкі, Радзінскага, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 24 атакі ў раёнах Дабраполля, Верхняй Тэрсы, Злагоды, Горкага, Крынічнага, Стараўкраінкі, Гуляйпольскага.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 17 баявых сутыкненняў.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак поблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі і Сцяпанаўкі.
На Ліманскім кірунку адбіта дзевяць спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Стэпавага, Новага Міру, Ставак, Дробышава, Ямпалю, Ліману і Азёрнага.
* * *
У ноч на 17 траўня Расія атакавала Украіну 287 БПЛА розных тыпаў. 279 дронаў былі прызнаныя Паветранымі сіламі Украіны збітымі або задушанымі. Паветраныя сілы папярэджваюць, што атака працягваецца — ва Украіну заляцелі новыя групы БПЛА.
Расійскія войскі ў ноч на 17 траўня нанеслі ўдар беспілотнікамі па Дняпры. У выніку атакі трое чалавек пацярпелі.
Расійская армія нанесла ўдар па аўтазаправачнай станцыі ў Запарожскім раёне, раненні атрымала 25-гадовая жанчына.
Дроны атакавалі Маскву і Маскоўскую вобласць у ноч на 17 траўня. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра вялікую колькасць выбухаў, адзін з пажараў узнік у тэхнапарку «Элма». Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці электроннай тэхнікі, выпуску кантрольна-вымяральных прыбораў, аптычнай тэхнікі, апрацоўцы розных матэрыялаў. Таксама пад удар мог патрапіць і маскоўскі НПЗ.
У аэрапортах Унукава, Дамадзедава, Раменскае (Жукоўскі), а таксама Шарамецьева часова абмежавалі магчымасць прымаць і выпускаць рэйсы.
* * *
* * *
Адміністрацыя Трампа не працягнула ліцэнзію, якая дазваляла часова купляць расійскую нафту. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што вайна з Іранам узмацняе небяспеку па пастаўках нафты і росце цэн на паліва, піша Bloomberg.
Заканчэнне тэрміну ліцэнзіі фактычна завяршае перыяд, на працягу якога ЗША аслабілі санкцыі ў дачыненні да некаторых відаў нафты з РФ, дазволіўшы закупкі. Першае выключэнне адміністрацыя Трампа выпусціла ў сакавіку, а другое — пасля заканчэння першага тэрміну дзеяння ў красавіку. Абедзве ліцэнзіі тычыліся толькі часткі расійскай нафты, якая ўжо была пагружана на танкеры.
Bloomberg адзначае, што адмена санкцый выклікала спрэчкі, асабліва сярод еўрапейскіх саюзнікаў, якія лічаць санкцыі неабходнымі для тое, каб пазбавіць Расію даходаў ад нафты і фінансавання вайны супраць Украіны. Але некаторыя краіны, уключаючы Індыю і Інданезію, лабіравалі адміністрацыю Трампа працягнуць тэрмін дзеяння адмены санкцый, бо вайна з Іранам і амаль поўнае закрыццё Армузскага праліва пазбаўляюць сусветныя рынкі мільёнаў барэляў нафты штодня.
* * *
Кіраўнік МЗС Кітая Ван І заявіў, што КНР і ЗША спадзяюцца на найхутчэйшае завяршэнне вайны ва Украіне. Абодва бакі гатовыя згуляць «канструктыўную ролю» ў гэтым пытанні, паведамляе Сіньхуа.
«Што тычыцца ўкраінскага крызісу, то і Кітай, і Злучаныя Штаты спадзяюцца на найхутчэйшае ўрэгуляванне канфлікту і прыклалі значныя намаганні для прасоўвання мірных перамоў, кожны па-свойму», — сказаў Ван І.
Ён адзначыў, што складаныя пытанні не маюць простых рашэнняў, таму мірныя перамовы не могуць прывесці да нейкага рашэння ў адзін момант. У той жа час, абедзве краіны гатовыя дапамагчы: «І Кітай, і Злучаныя Штаты гатовыя падтрымліваць дыялог і адыгрываць канструктыўную ролю ў палітычным вырашэнні канфлікту».
Гэта заяву міністр замежных спраў КНР зрабіў пасля таго, як 14 траўня паміж кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прайшла сустрэча ў Пекіне.
* * *
Кангрэс ЗША не плануе зацвярджаць новыя буйныя фінансавыя пакеты дапамогі Украіне. Пра гэта заявіў кіраўнік камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША Браян Маст в інтэрв’ю Радыё Свабода. Прычынай гэтага ён назваў тое, што вайна, пачатая Расіяй, працягваецца на еўрапейскім кантыненце.
Маст адзначыў, што Украіне не варта чакаць фінансавай падтрымкі ў аб’ёмах «ні ў $60 мільярдаў, ні ў $6 мільярдаў або іншай значнай сумы». Ён падкрэсліў, што еўрапейскія дзяржавы павінны адыгрываць ключавую ролю ў аказанні дапамогі Кіеву, бо вайна адбываецца непасрэдна «на парозе Еўропы».
«Мы гатовыя быць пасярэднікамі міру. Еўропа павінна абараняць уласны двор», — адзначыў палітык.
У то жа час кангрэсмен падкрэсліў, што ЗША працягнуць прадаваць зброю Украіне, даваць разведвальную інфармацыю і падтрымліваць санкцыйны ціск на Расію. Аднак ён адзначыў, што санкцыі павінны наносіць больш сур’ёзныя страты праціўнікам Амерыкі і прыносіць больш выгады самім Злучаным Штатам і іх саюзнікам.
* * *
Украінскую мяжу з Беларуссю ператварылі ў магутную і непрыступную абарончую лінію. Сілы абароны Украіны знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці да любых магчымых правакацый з боку РБ, паведамляе Аператыўнае камандаванне «Захад».
Як адзначаюць вайскоўцы, нягледзячы на зманлівую цішыню з боку Беларусі, украінскія вайскоўцы не губляюць пільнасці, паколькі суседняя дзяржава застаецца сатэлітам Крамля і патэнцыйным плацдармам для ворага. Паўночныя рубяжы краіны ператвораны ў крэпасць: на прыгранічных участках узведзены кіламетры палявых фартыфікацый, уладкаваны сотні капаніраў для тэхнікі і доўгатэрміновых агнявых пунктаў.
Магутная сістэма мінных палёў, равоў і загарод дадаткова ўзмацняецца складаным прыродным рэльефам Палесся — непраходнымі лясамі, балотамі і рэкамі. Воіны-памежнікі ў складзе групоўкі войскаў «Захад» знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці да імгненнага рэагавання на любыя варожыя дзеянні, адзначылі ў камандаванні.