«Харошыя рускія». Разважанні пасля дня «яднання Беларусі і Расеі»
Днямі пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжымы святкавалі чарговую гадавіну так званага «дня яднання Беларусі і Расеі». Збіраліся святочныя канцэрты, ладзіліся розныя імпрэзы, на якіх сагнаныя бюджэтнікі мусілі шчыра выказваць сваю падтрымку і свой «васторг адвечнаму братэрству народаў». Выглядала гэта ўсё вельмі штучна і смутна.

Але там усё зразумела. Саўковы афіцыёз, прамым нашчадкам якога з’яўляецца лукашэнкаўская прапагандысцкая машына, ніколі не намагаўся выглядаць па-сапраўднаму праўдзіва. Галоўнай задачай заўжды было зрабіць прыгожую карцінку для начальнікаў.
Іншая справа — беларусы ў замежжы. Тут ў мяне ёсць пытанні. Апошнім часам усё больш з’яўляецца сярод беларусаў слоў у падтрымку так званых «харошых рускіх». Не, я не маю нічога супраць расейцаў як людзей. Сярод іх ёсць сапраўды неблагія людзі, я і сам такіх маю трошкі. Але адная справа асабістыя стасункі, іншая — медыйная падтрымка.
Занадта часта яны пачалі з’яўляцца ў беларускай медыйнай прасторы. Але ў расейцаў існуюць свае СМІ і свае медыя, значна больш багатыя і шмат у чым нават больш прафесійныя за беларускія. Так навошта ім гэтыя беларусы? Адказ тут толькі адзін — каб хоць трошкі адмазацца ад свайго бруду, лепш прымазацца да кагосьці чыстага. Зразумела, што іх украінцы не прымуць, таму будзем спрабаваць прымазацца да беларусаў. Адсюль і ўсе гэтыя спробы выпусаць відэа на беларускай мове ад расейцаў.
Аднак ці трэба гэта нам, беларусам? Мы і самі замазаныя ўдзелам Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны так, што яшчэ сто гадоў трэба будзе адмывацца.
Але пытанне нават не ў гэтым. Можна была б і альтруістычна падставіць плячо «братам па няшчасці». У мяне пытанне іншае: ці ёсць там на самой справе, дарагія суайчыннікі, каму яго падстаўляць?
У беларусаў ёсць даўно аформленая і зразумелая нацыянальная ідэалогія, якая стала будуецца вакол трох кітоў: незалежнасць, мова, культура. Ёсць змагарная традыцыя ў формах БНР, Слуцкага збройнага чыну і змагароў за незалежнасць падчас і пасля Другой сусветнай вайны. Кастусь Езавітаў, Вацлаў Іваноўскі ці Вінцэнт Гадлеўскі загінулі ў імя нашай будучай незалежнасці. Калі для кагосьці гэтыя прозвішча выглядаюць не вельмі адназначна, то нагадаю, што менавіта за карціну пасляваеннага партызана Яўгена Жыхара загінуў у лукашэнкаўскай турме Алесь Пушкін. То-бок беларусы добра разумеюць, чаго яны хочуць і за што змагаюцца. За сваю незалежную рэспубліку. Незалежную ў першую чаргу менавіта ад Расеі.

Алесь Пушкін
А што ў расейцаў? Нейкі мікс з усяго добрага супраць усяго дрэннага і інфантыльнага пацыфізму. Асобныя прадстаўнікі расейскай апазіцыі нібы ў імя міру і чалавекалюбства адкрыта прапануюць Украіне ці то пазбавіцца часткі терыторыі, ці то здацца зусім. Самы яскравы прыклад — колішняя гуру расейскіх лібералаў спадарыня Юлія Латыніна, якая на нашых вачах ператварылася ў зацятую пуціністку.
Але ці ператварылася? Напрыклад, я яшчэ 10 гадоў таму даказваў усім маім знаёмым, што яна на самой справе менавіта тая, кім яна цяпер і з’яўляецца. Сёння яна толькі паказала свой сапраўдны твар.
Дый ўвогуле, што такое сучасная расейская апазіцыя? Калі прыглядзецца пільна, то гэта на самой справе зусім не палітычная плынь. Вось вы ведаеце, як называюць расейцы нябожчыка Аляксея Навальнага? Ён у іх «Лёха». Разумееце, «Лёха».
У тым і праблема. Так званая антыпуцінская апазіцыя — гэта на самой справе толькі тусоўка. Блогерска-влогерская і фэйсбучна-інстаграмная тусоўка. Усе гэтыя Дудзі, Варламавы, Эйдэльманы (а менавіта яны фарміруюць апазіцыйнае расейскае меркаванне), — гэта зусім не пра палітыку. Тама няма палітычных партый, ёсць толькі нейкія незразумелыя рухі з незразумелай пазіцыяй. Нават іх фармальная лідарка, удава Аляксея Навальнага Юлія — гэта, прабачце, дрэнны касплэй Ціханоўскай, не больш.

Юлія Навальная
Цяпер іншы іх лідар Ілля Яшын спрабуе стварыць там нейкую партыю. Але ці варта верыць чалавеку, які працаваў у свой час у расейскім ваенкамаце? Пытанне, я лічу, рытарычнае.
Усе гэтыя людзі так грызуцца паміж сабою, што любыя сваркі ўнутры беларускага дэмакратычнага руху выглядаюць дзіцячым садком.
Ну і самае галоўнае. На каго накіраваныя іх намаганні? Які працэнт людзей гатовы іх падтрымаць? Калі верыць Вікіпедыі, то найбуйнейшы мітынг расейскай апазіцыі на Балотнай плошчы ў Маскве сабраў нешта каля 150 000 чалавек. Гэта прыблізна 1% ад насельніцтва расейскай сталіцы. Колькасць людзей на мітынгах у Менску шмат хто бачыў сам, можаце параўноўваць. Таму ўсе іх высілкі будуць дарэмныя апрыёры.
Расея — гэта не краіна, увага якой накіраваная ў сябе, яе ўвага заўжды будзе накіраваная вонку. Галоўнае, што там у «хахлоў». А вось ці то захапілі гэтыя «хахлы» кавалак Курскай вобласці, ці то Прыгожын ідзе маршам на Маскву, гэта мала каму цікава. Ніхто нават не пачасаўся. Таму спадзявацца на нейкую суб’ектнасць расейскага народу я б хіба не раіў.
Па сутнасці яны настолькі розныя, што апынуўшыся па-за сваёй дзяржавай, раствараюцца хутчэй за ўсіх астатніх. Нічога іх не аб'ядноўвае па факце, акрамя дзяржаўнай дубіны.
Сапраўдныя дысідэнты ў Расеі заўжды антырусскія. Аднак яны ніколі не ўваходзілі і па-сапраўднаму ніколі не ўвойдуць ва ўладу — таму што гістарычна яны заўсёды ў Расеі былі інструментам нечых сіл, несамастойныя, несуб'ектныя. Мізэрная колькасць іх сканцэнтраваная ў буйных гарадах, моцна адарваная ад жаданняў свайго народа і часта існуе абсалютна ў іншай рэчаіснасці. Ім нечага, ды яны і самі не вельмі хочуць, прапанаваць свайму народу.
Усе гэтыя праблемы яны прывезлі з сабою і ў эміграцыю. Гэта ж не першая такая хваля ў іх гісторыі. Аднак нешта я не прыгадаю ў іх структур нават узроўню Рады БНР. Таму што там ніколі не было, ды і зараз няма, аніякага сапраўднага падмурку, адныя летуценні.
Аднак у іх ёсць грошы. І яны гатовыя гэтыя грошы плаціць за сваё «адмыванне». Але тут, хутчэй, не яны адмыюцца, а мы замажамся. Не яны перайдуць на нашыя пазіцыі. Аніякі расеец ніколі не будзе размаўляць па-беларуску і не адмовіцца ад Дастеўскага, гэта немагчыма. А вось для беларусаў, якія і так перважана расейскамоўныя і з творчасцю Дастаеўскага знаёмыя лепш за расейцаў, гэта будзе толькі чарговая сцежка да русіфікацыі. Калі беларусы адмовяцца ад сваіх трох кітоў, сваёй пэўнай русафобіі нават (страху перад Расеяй) на карысць нейкіх абстрактных ідэй расейцаў, то я лічу, што 2 красавіка можна будзе спакойна абвяшчаць святам і дэмакратычнай Беларусі. Гэта шлях у пустэчу.
Магчыма, гэты мой тэкст выйшаў занадта эмацыйным, магчыма, што я занадта згусціў фарбы. Але нагадаю, што некалі шмат хто лічыў РФ больш дэмакратычнай дзяржавай ў параўнанні з Беларуссю. Пуціна ж тады лічылі ліберальным палітыкам, які з цягам часу мусіць станоўча паўплываць на аўтарытарнага Лукашэнку.
Да чаго яно прыйшло, мы ўсе бачым. І я не бачу падстаў, каб нешта ў гэтым плане змянілася.