«Пуцін атрымаў свой білет у Гаагу» — 37 дзяржаў свету стварылі трыбунал па агрэсіі ў дачыненні да Украіны

37 дзяржаў свету прынялі рашэнне аб зацвярджэнні Пашыранага частковага пагаднення аб стварэнні Кіруючага камітэта Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Такім чынам, спецыяльны трыбунал для Пуціна стаў юрыдычнай рэальнасцю. Тым часам Украіна вызваляе тэрыторыі, а эканомікі Расіі і Беларусі не чакае нічога добрага. Ідуць 1542-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

699375879_1332844075695334_6818431619782272820_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 257 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 штурмаў расіян у раёнах Новага Шахава, Ніканораўкі, Радзінскага, Котліна, Новааляксандраўкі, Грышына, Сяргееўкі, Удачнага, Маладзецкага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яра, Тарэцкага, Кучэравага Яра, Навапаўлаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 25 атак у раёнах Новага Запарожжа, Злагоды, Гуляйполя, Святапятроўкі, Дабраполля, Аленаканстанцінаўкі, Чароўнага, Залізнічнага, Горкага, Гуляйпольскага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана 14 боесутыкненняў у раёнах Ваўчанскіх Хутароў, Ліману, Старыцы і ў бок Радзькаўкі і Ізбіцкага.

* * *

Сілы абароны Украіны выбілі расійцаў з населенага пункта Атраднае і яго наваколля ў Харкаўскай вобласці, паведамляе 129-я асобная цяжкая механізаваная брыгада УСУ.

«У выніку спланаванай аперацыі Сілы абароны Украіны ажыццявілі зачыстку населенага пункта Атраднае Двурэчанскага раёна Харкаўскай вобласці і вярнулі яго разам з прылеглай мясцовасцю пад свой кантроль», — гаворыцца ў заяве.

«Гэта прасоўванне стала вынікам мужнасці, вытрымкі і прафесіянальнай працы ўкраінскіх воінаў, якія штодня выконваюць баявыя задачы», — падкрэслілі ў 129 АЦМБр.

* * *

Упершыню за доўгі час Украіна вызваліла за месяц больш тэрыторый, чым захапіла Расія. Расійскае наступленне вычарпаецца, а перавага ў дронах дазваляе УСУ перахопліваць ініцыятыву, піша CNN.

Як паведаміла выданне, згодна з аналізам Інстытута вывучэння вайны (ISW), у мінулым месяцы Расія панесла чыстую страту тэрыторый. Гэта адбылося ўпершыню з моманту пачатку аперацыі УСУ ў Курскай вобласці ў жніўні 2024 года.

Афіцэр СБУ з пазыўным «Банкір» пацвердзіў, што на Запарожскім кірунку ўдалося аднавіць кантроль над тэрыторыямі, страчанымі месяцы таму.

Поспехі УСУ ў значнай ступені забяспечаны перавагай у беспілотніках. Украіна актывізавала ўдары сярэдняй далёкасці, цэлячыся ў расійскую лагістыку, склады боепрыпасаў і камандныя пункты. Лінія фронту настолькі насычана дронамі, што расійцы часцяком толькі ствараюць ілюзію наступлення, не маючы магчымасці ўтрымліваць пазіцыі.

Апошнім часам Украіна дэманструе значныя поспехі ў развіцці абароннага сектара і ўмацаванні міжнароднага аўтарытэту сваіх узброеных сіл. У прыватнасці, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё назваў УСУ магутнай арміяй Еўропы, адзначыўшы ўнікальны баявы вопыт украінскіх абаронцаў, адзначае CNN.

* * *

У ноч на 15 траўня Расія атакавала Украіну пяццю процірадыёлакацыйнымі ракетамі Х-31П, адной процікарабельнай ракетай Х-35, а таксама 141 ударным БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 1 процікарабельная ракета Х-35 і 130 БпЛА.

Расіяне нанеслі ўдар беспілотнікам па прыгарадным цягніку ў Запарожскай вобласці, двое пасажыраў, якія не паспелі эвакуіравацца, атрымалі асколачныя раненні.

15 траўня армія РФ атакавала прамысловы аб’ект у Запарожжы і пашкодзіла цыстэрну з паліўна-змазачнымі матэрыяламі; у выніку ўдару адзін чалавек загінуў, яшчэ трое мужчын атрымалі раненні.

Завершана пошукава-ратавальная аперацыя на месцы разбуранага расійскай ракетай пад’езда дома ў Дарніцкім раёне Кіева — ратавальнікі разабралі больш за 3 тысячы кубічных метраў разбуранай канструкцыі будынка. У выніку атакі 14 траўня загінулі 24 чалавекі, з якіх 3 — дзеці. 48 чалавек атрымалі траўмы.

Ноччу 15 траўня ў Разані прагрымела серыя магутных выбухаў на фоне атакі беспілотнікаў. На тэрыторыі Разанскага НПЗ — аднаго з найбуйнейшых у Расіі — успыхнуў маштабны пажар. Праектная магутнасць Разанскага НПЗ — 17,1 млн тон нафты ў год, што складае каля 5% агульнай нафтаперапрацоўкі Расіі.

* * *

698536617_1333582908954784_8268660871383232175_n.jfif

* * *

На пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы 15 траўня было прынята ключавое рашэнне ў межах працэдуры стварэння Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі з боку Расіі, паведамляе Міністэрства замежных спраў Украіны.

«Падчас пасяджэння 37 дзяржаў свету прынялі рашэнне аб зацвярджэнні Пашыранага частковага пагаднення аб стварэнні Кіруючага камітэта Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны — трэцяга ўстаноўчага дакумента Спецыяльнага трыбунала», — гаворыцца ў паведамленні МЗС Украіны.

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга адзначыў, што ў гэты дзень «была пройдзена кропка незвароту — Спецыяльны трыбунал стаў юрыдычнай рэальнасцю», але дадаў, што гэта толькі пачатак на шляху да справядлівасці.

«Пуцін заўсёды хацеў увайсці ў гісторыю. І гэты Трыбунал дапаможа яму гэтага дасягнуць. Ён увойдзе ў гісторыю, як злачынца. І не толькі ён. Пуцін, Шойгу, Герасімаў, Бортнікаў, Золатаў, Мядзведзеў, Патрушаў, Лукашэнка і іншыя. Сёння ўсе яны атрымалі свой білет у Гаагу», — адзначыў міністр замежных спраў Украіны.

* * *

У пятніцу, 15 траўня, Украіна і Расія правялі абмен палоннымі, падчас якога ўдалося вярнуць 205 украінскіх грамадзян, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Гэта першы этап абмену «1000 на 1000» у межах «дамоўленасцяў 9 траўня» з Дональдам Трампам. Практычна ўсе вызваленыя вайскоўцы правялі ў палоне 4 гады. Большасць з іх былі ўзятыя ў палон падчас абароны Марыупаля. Менавіта працягласць знаходжання ў палоне з’яўляецца ключавым прынцыпам фарміравання спісаў абмену «1000 на 1000».

* * *

Эканоміка Расіі скарацілася на 0,3% па выніках першага квартала 2026 года, Беларусі — на 0,4%. Абедзве краіны ішлі ў год з аптымістычнымі прагнозамі росту, але вынік аказаўся процілеглым, канстатуе Служба знешняй разведкі Украіны.

Паколькі Беларусь трывала прывязана да расійскага рынку, крызіс яна адчувае разам з суседам — і без уласных інструментаў выхаду з яго, адзначаюць у СЗР.

Амбіцыйны беларускі пяцігадовы план росту на 15% цяпер выглядае як фікцыя. Замест гэтага краіне пагражае стагфляцыя: эканоміка падае, цэны растуць.

За мінулы год польскі прадуктовы кошык каштаваў толькі на 8% даражэй за беларускі — тады як некалькі гадоў таму разрыў дасягаў 30%. Калі тэндэнцыя захаваецца, беларускія крамы могуць стаць даражэйшымі за польскія.

Нават завяршэнне вайны не дасць Расіі хуткага аднаўлення — занадта глыбокія структурныя праблемы. Для Беларусі наступствы могуць аказацца яшчэ больш балючымі: пакуль Расія падтрымлівае беларускую эканоміку падчас вайны, пасля яе яна будзе шукаць кампенсацыі — перш за ўсё чалавечы капітал і долю беларускага рынку, выцясняючы мясцовы бізнес на карысць расійскага.