«Выдаваць уласныя пашпарты». Павел Латушка — пра магчымае пазбаўленне грамадзянства палітэмігрантаў

Павел Латушка распавёў, што ў адказ на прапанову Аляксандра Лукашэнкі пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія выехалі за мяжу праз рэпрэсіі, дэмакратычныя сілы могуць пачаць выдаваць уласныя пашпарты Рэспублікі Беларусь. Пра паведамляе «Л*стэрка» са спасылкай на «Е*рарадыё».

5129f7b7db20b836ad8b63efac23028e.png

Акрамя іншых пытанняў, палітык закрануў тэму прапановы Лукашэнкі аб пазбаўленні грамадзянства беларусаў, якія апынуліся за мяжой праз пераслед уладаў.

Латушка адзначыў, што ў Аб'яднаным пераходным кабінеце, створаным Святланай Ціханоўскай, гэтае пытанне абмяркоўвалася. Калі пазбаўленне грамадзянства апанентаў Лукашэнкі ўсё ж пачнецца, гэта закране вялікую колькасць беларусаў, заявіў ён. І ў дэмсілаў, такім чынам, ёсць права пачаць выдаваць уласныя пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь і дамагацца прызнання гэтых дакументаў за мяжой.

Павел Латушка дадаў, што стратэгіяй ААН з'яўляецца прыкладаць усе намаганні, каб колькасць людзей без грамадзянства ў свеце памяншалася. І, калі Лукашэнка будзе парушаць прынцыпы ААН, павялічваючы сваімі неабдуманымі рашэннямі колькасць людзей без пашпартоў, яго апаненты маюць права ставіць гэтае пытанне. Спачатку, сказаў палітык, трэба абмеркаваць праблему ўнутры пераходнага кабінета, затым — з партнёрамі.

Кіраўнік НАУ удакладніў, што агучвае не афіцыйную пазіцыю Аб'яднанага пераходнага кабінета, а сваё асабістае меркаванне.

Нагадаем, што падчас нарады 6 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба разгледзець законапраект аб пазбаўленні грамадзянства тых, хто выехаў за мяжу і «дзейнічае на шкоду дзяржаве і народу, здзяйсняючы злачынствы».