За апошні год у Польшчы працаўладкаваліся каля 1000 беларускіх лекараў
«Сёння ў польскай сістэме аховы здароўя працуюць больш за дзве тысячы новых лекараў з-за мяжы — у асноўным гэта спецыялісты з Украіны і Беларусі», — заявіў у чацвер міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі.
Міністр прызнаў, што ў Польшчы маецца недахоп медыкаў, піша rynekzdrowia.pl.
«Гэта праблема, якую можна вырашыць у доўгатэрміновай перспектыве», — адзначыў Нядзельскі.
«Я кажу аб павелічэнні колькасці студэнтаў, якія вывучаюць
медыцыну, і мы бесперапынна рэалізуем гэты працэс з 2016
года. На дадзены момант гаворка ідзе аб павелічэнні колькасці студэнтаў на
тысячы чалавек», — падкрэсліў чыноўнік.
Паводле яго слоў, другім чыннікам, які павінен вырашыць кадравыя праблемы ў польскіх бальніцах, з'яўляецца рэгуляванне заработнай платы.
Гаворачы пра медыкаў-эмігрантаў, міністр сказаў, што іх 2000, пры гэтым «палова з іх — украінцы, іншая палова — беларусы».
Нагадаем, што ў 2020 годзе беларускія медыкі сталі адной з самых яскравых сацыяльных груп, што падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. У выніку рэжым Лукашэнкі падвергнуў лекараў рэпрэсіям — іх затрымлівалі, кідалі за краты, а потым масава звальнялі.
У выніку шмат медыкаў пакінулі краіну і з'ехалі працаваць за мяжу. А таго часу востры дэфіцыт медыцынскіх кадраў назіраецца ў беларускай сістэме аховы здароўя.