Кола гісторыі. Чаму польскі досвед 80-х мусіць абнадзейваць беларусаў

У замежнай прэсе цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі часцяком параўноўваюць з сітуацыяй у Польшчы пасля разгрому «Салідарнасці» напрыканцы 1982-га. І гэты факт, як не дзіўна, выклікае аптымізм.

full_okragly_stol_forum_770_1.jpg

«Да выбараў у беларускай апазіцыі нічога не было. Яна не мела ўлады ў дзяржавы, мясцовых органаў улады і войска. Сёння падаецца, што шанцаў у яе тым больш няма. Таксама як палякам падавалася, што ў Польшчы ў 1983 годзе пасля расфарміравання «Салідарнасці» не будзе шанцаў», — напісаў адзін з польскіх левых публіцыстаў Славамір Сіракоўкіў артыкуле, прысвечаным другой гадавіне падзей у жніўні 2020-га.
Сапраўды, некаторыя паралелі паміж Польшчай 1980-х і Беларуссю 2020-х кідаюцца ў вочы нават не надта дасведчаным у гісторыі. Перш за ўсё — маштабы рэпрэсій. Пасля ўвядзення за Бугам вайсковага становішча ў снежні 1982-га адбылася татальная зачыстка ўсяго апазіцыйнага поля, што, безумоўна, нагадвае нядаўнія і цяперашнія працэсы ў Сінявокай.
Таксама ёсць падабенства і ў грамадскіх настроях. Велізарны энтузіязм у польскім грамадстве падчас паўстання руху «Салідарнасць» пасля путчу змяніўся прыступам калектыўнай апатыі. Тады многія змірыліся з думкай, што на змены варта забыцца як мінімум на бліжэйшыя пару дзясяткаў гадоў. Людзі былі перакананы, што краіна надоўга застанецца шэрай аўтакратыяй, якую вонкава патрануе Масква. Напэўна, падобныя меркаванні ўласцівы і шмат каму ў цяперашняй РБ.  
Як ні парадаксальна, аднак гэтыя не вельмі вясёлыя аналогіі наадварот мусяць узняць тонус у беларускіх прыхільнікаў перамен. Польскі досвед 80-х выразна сведчыць, што моцны ціск на грамадства нават у кароткатэрміновай перспектыве не мае шанцаў на перамогу. Больш за тое, арганізатары «хапуна» рызыкуюць хутка стаць палітычнымі лузерамі.


Прынамсі, у Польшчы пасля перавароту хутка стала відавочна фіяска ідэі вайсковага становішча. Прычым сярод першых гэта прызналі якраз тыя палякі, якія ў снежні 1982-га падтрымалі пераварот. Іх, дарэчы, было не так і мала, паколькі «Карнавал салідарнасці» (уздым апазіцыі і разбурэнне сістэмы ў 1980-1982-м) парушаў працу дзяржаўнага апарата і эканамічную лагістыку. Апошняе, адпаведна, выклікала ў шмат каго запыт на навядзенне парадку. Тым больш дзяржаўная прапаганда дасылала выразны мэсэдж: лаяльны да рэжыму паляк атрымае бонусы ад вайсковага становішча, перш за ўсё матэрыяльныя.
Аднак аказалася, што патэнцыялу для эканамічных прарываў у хунты няма. Яшчэ з часоў кадэнцыі папярэдняга генсека Эдварда Герэка, які набраў шмат крэдытаў, Польшча была банкрутам. Таму знайсці грошы на знешнім рынку камандзе Ярузельскага было цяжка. Заставалася, праўда, надзея на дапамогу з СССР. Але ў савецкіх калег у гэты час хапала сваіх эканамічных праблем. У тым ліку праз новы этап гонкі ўзбраенняў, якая патрабавала бясконцых інвестыцый у ВПК, што па сваёй прыродзе не прыносіць гешэфтаў.
Адсутнасць крэдытных ліній шмат у чым абумовіла правал спроб эканамічнай лібералізацыі, якія лабіраваў тагачасны прэм'ер Мячыслаў Ракоўскі. Анансаваныя грандыёзныя пакеты рэформаў, якія мусілі гальванізаваць гаспадарку за кошт унутранага рэсурсу, асаблівага эфекту не мелі. Адпаведна лозунг пра тое, што польскі сацыялізм набудзе дзякуючы перавароту новы сэнс і імпульс, ужо не выклікаў энтузіязму.  
Адмоўна паўплываў на стан рэжыму Ярузельскага такі незвычайны чыннік, як «генсекамор». Літаральна за пару гадоў дыктары цэнтральнага савецкага ТБ аж тры разы з сумнымі тварамі інфармавалі аўдыторыю пра тое, што «савецкі народ панёс цяжкую страту». Бясконцы каскад некралогаў з Крамля спрыяў паступовай дэстабілізацыі сітуацыі ў краінах сацыялістычнага блока і перш за ўсё ў Польшчы.
Нарэшце, менавіта ў гэты час адбыліся генерацыйныя змены ў польскай партыйнай наменклатуры. Пасады ветэранаў-камуністаў пачалі займаць больш маладыя функцыянеры, накшталт Аляксандра Кваснеўскага або Лешака Мілера. Прадстаўнікі гэтага пакалення мелі іншыя каштоўнасці, чым іх папярэднікі. Як асобы яны сфарміраваліся ў ліберальныя і адносна заможныя 60-я і не бачылі магчымасці рэалізаваць сябе ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы з планавай гаспадаркай. Як іранізаваў адзін польскі гісторык, «гэта былі камуністы, якія не збіраліся паміраць за камунізм».
У падобных умовах татальнага расчаравання вынікам вайсковага становішча стала адраджэнне «міфа Салідарнасці». Вяртанне апазіцыі ў легальнае палітычнае поле разглядалася большасцю насельніцтва як асноўнае патрабаванне да ўлады, умова для якога-небудзь прагрэсу.  
З часам нават кіраўнічая кліка была вымушана падпарадкавацца агульным настроям. Бліжэй да 1988-га ў дзяржаўнай прэсе адбыўся выразны падзел лагера апанентаў на фракцыю палітыкаў, з якімі можна весці дыялог (група Валенсы-Міхніка), і людзей, з якімі лепш не звязвацца (кшталту Анджэя Гвязды з «Салідарнасці ваюючай»). У хуткім часе падобныя фармулёўкі і сталі грунтам для праекта «круглага стала», дзе ўлада і памяркоўная апазіцыя мусілі абмеркаваць будучыню краіны. Хто б мог паверыць пяць гадоў таму, што такое можа адбыцца!
Які з пералічаных чыннікаў спрацуе ў Беларусі, каб пачалася трансфармацыя? Ці з'явіцца нейкі іншы фактар, які зрушыць сітуацыю? Пакуль цяжка сказаць. Галоўнае тут тое, што своеасаблівае «знаходжанне беларусаў у польскім 1983-м» — гэта часова.