ЗША, Еўрасаюз і АБСЕ асудзілі выракі Марфе Рабковай і яшчэ 9 палітвязням

Міжнародная рэакцыя на вырак 10 беларускім палітвязням, якіх 6 верасня агулам пакаралі на 94 гады турмы, не прымусіла сябе чакаць.

glavnaya_17_1_1.jpg


Як гаворыцца ў паведамленні амбасады ЗША ў Беларусі ў твітары, «ЗША асуджаюць ганебны прысуд праваабаронцы Марфе Рабковай і 9 іншым палітвязням. Мы аб’ядналіся з нашымі партнёрамі з ЕС і народам Беларусі, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за гэтыя абуральныя парушэнні правоў і годнасці чалавека», — адзначаецца ў паведамленні.

У падтрымку асуджаных палітвязняў таксама выступіў спецпрадстаўнік Еўрасаюза па правах чалавека Эйман Гілмар:

«Валанцёраў @viasna96 Марфу Рабкову (27), Андрэя Чапюка (26) і яшчэ 8 палітвязняў у закрытым судовым працэсе асудзілі на 94 гады пазбаўлення волі. ЕС заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх больш чым 1300 палітычных зняволеных», — напісаў ён.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ назвала прысуды Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку новым сведчаннем рэпрэсій супраць праваабаронцаў у Беларусі:

«Прастора, у якой праваабаронцы ў Беларусі могуць выконваць сваю важную працу, працягвае звужацца, — заявіў дырэктар бюро Матэа Мекачы. — Гэтыя прысуды з’яўляюцца яшчэ адным сведчаннем арганізаваных рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў, якія скоўваюць усіх, хто актыўна змагаецца з парушэннямі правоў чалавека і адстойвае асноўныя свабоды ў краіне».

Мекачы падкрэсліў, што БДІПЧ АБСЕ па-ранейшаму гатова дапамагчы Беларусі прывесці яе ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і забяспечыць абарону правоў чалавека для ўсіх.

«У гэтым кантэксце БДІПЧ глыбока занепакоена парушэннямі права на справядлівы судовы разбор, уключаючы закрытыя судовыя разборы, а таксама неабгрунтаванымі і празмернымі выракамі, вынесенымі праваабаронцам», — гаворыцца ў паведамленні.

Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяння» супраць дзесяцёх палітзняволеных цягнуўся больш за 4 месяцы.

Праваабаронцу Марфу Рабкову, валанцёра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.

6 верасня суддзя Сяргей Хрыпачпрысудзіў палітвязням наступныя тэрміны:

Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 долараў);

Акіхіра Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 долараў);

Марфе Рабковай — 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 долараў);

Аляксею Галаўко — 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 долараў);

Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 долараў);

Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 долараў).