«Захапляюся ўсімі, з кім мы разам праходзім гэтае пекла». Два гады таму выкралі Марыю Калеснікаву

7 верасня споўнілася роўна два гады, як сілавікі ў цэнтры Мінска выкралі Марыю Калеснікаву. Пра гэта нагадала і Святлана Ціханоўская. А Марыя здолела даслаць ліст з-за кратаў і абяцае «гучна смяяцца».

maryja_kalesnikava_1.jpg

7 верасня — роўна два гады, як Марыю Калеснікаву выкралі ў Мінску, паспрабавалі вывезці праз мяжу, дзе Марыя парвала свой пашпарт. Затым адбыўся суд, дзе ёй прызначылі 11 гадоў зняволення.

Марыя Калеснікава здолела з турмы перадаць пасланне, піша «Нямецкая хваля» ў сваім тэлеграме.

«За 2 гады многае змянілася — адбываецца катастрофа. Нас выкрадаюць адзін у аднаго, у нас выкрадаюць гісторыю і будучыню, у нас спрабуюць выкрасці краіну», — піша з-за кратаў Марыя Калеснікава.

«Нават у часы самага апраметнага жаху пачуццё ўласнай годнасці, свабоду, дабро і любоў выкрасці, забраць або забіць немагчыма. Я дзякую і захапляюся ўсімі: маімі роднымі, блізкімі і беларусамі, з якімі мы разам праходзім гэтае пекла».

Марыя кажа, што сёння будзе «гучна смяяцца і з велізарнай любоўю думаць пра тату, сястру і ўсіх блізкіх».


Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграме адзначыла, што «сёння, 7 верасня, роўна два гады з моманту, як у нас выкралі нашу любімую Машу».

Дарагая Маша, два гады таму мы разам пачалі гэты шлях. Цябе спрабуюць схаваць ад людзей, а людзей — схаваць ад цябе, каб ты пачала шкадаваць пра свой выбар. Але я ведаю, што ты не шкадуеш. Я ўпэўненая, што ты працягваеш усміхацца — нават тым, хто не заслугоўвае тваёй ўсмешкі. І я спадзяюся, у цябе там ёсць твая чырвоная памада. Усе гэтыя два гады ты — побач са мной, і я хачу верыць, што ты ведаеш — мы таксама з табой.


У Гомельскай жаночай калоніі Марыя Калеснікава працуе швачкай, ёй дазволена 15 хвілін у дзень чытаць і паўгадзіны — гуляць. Лісты да яе даходзяць дрэнна. У камеры 17 жанчын, але мець зносіны з Марыяй, мяркуючы па ўсім, ім забаронена.