Ці варта чакаць амністыі для палітычных зняволеных?

Што стаіць за заявамі пра «тых, хто раскаяўся і стаў на шлях выпраўлення», разбіралася «Deutsche Welle».

1662454055.jpg


«Калі яны пакаяліся, ўсталі на шлях выпраўлення і цалкам загладзілі віну, да іх можна праявіць паблажку», — такія ўмовы амністыі для палітвязняў, асуджаных за ўдзел у пратэстах, абазначыў на нарадзе 6 верасня Аляксандр Лукашэнка. Прымеркаваць яе плануюць да Дня народнага адзінства, які 17 верасня з ініцыятывы ўладаў будзе другі раз адзначацца ў Беларусі. Адпаведны законапраект ужо знаходзіцца ў распрацоўцы.
Адначасова з амністыяй удзельнікі нарады абмяркоўвалі, «ці вартыя заставацца грамадзянамі Беларусі» палітэмігранты, «калі яны збеглі з роднай краіны». Што азначаюць ініцыятывы ўладаў і ці варта чакаць выхаду на свабоду палітвязняў, высвятляла «DW».

Амністыя ў Беларусі закране больш за 8 тысяч чалавек

Ініцыятыва аб амністыі ўзнікла «ў сувязі з заклапочанасцю многіх грамадзян краіны», патлумачыў Лукашэнка: бо «часам і перагібы дапускаюцца з боку нашых прыхільнікаў». Разам з тым, ён заявіў, што нельга «налева і направа адпускаць усіх». «Паслабленні дапушчальныя толькі ў дачыненні да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае. Гэта значыць, у аснове павінна быць справядлівасць. Бандыты і экстрэмісты не з гэтай серыі», — сказаў Лукашэнка.
З каментароў генеральнага пракурора Андрэя Шведа і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова можна зрабіць выснову, што пад амністыю могуць патрапіць 8-8,5 тысяч чалавек. Яна закране асоб, якія ўчынілі злачынствы ў непаўнагадовым узросце, якія асуджаныя за карупцыйныя злачынствы і пагасілі шкоду, а таксама інвалідаў і шматдзетных і адзінокіх маці.


Што тычыцца амністыі па «пратэсных» артыкулах, рашэнне ў кожным індывідуальным выпадку будзе прымаць Лукашэнка праз інстытут памілавання, патлумачыў Швед. Пры гэтым генеральны пракурор фактычна выступіў апанентам Лукашэнкі, заявіўшы пра «прынцыповую пазіцыю» свайго ведамства, якая заключаецца ў тым, што «акт амністыі не павінен распаўсюджвацца на тых асоб, якія замахнуліся на суверэнітэт, незалежнасць, канстытуцыйны лад нашай краіны ў 2020-2021 гадах».

Спроба зняць напружанне ў грамадстве?

Аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR) і экс-дыпламат Павел Слюнькін кажа, што рабіць высновы з заявы Лукашэнкі складана, бо пакуль не ясна, колькі палітвязняў трапяць пад амністыю.
«Можа, гэта імкненне пачаць нейкі дыялог, зняць сацыяльнае напружанне, а можа, і нічым не адметная спроба абараніць сябе. Цалкам верагодна, што яны вызваляць пару палітвязняў, а астатняя амністыя закране тых, хто ніяк з палітыкай не звязаны», — разважае палітолаг. Ён таксама падкрэслівае, што амністыя — гэта не заўсёды вызваленне, бо часцяком зняволеным проста мяняюць меру стрымання або скарачаюць тэрмін у турме.
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, у сваю чаргу, звязвае планы амністыі з жаданнем уладаў аслабіць ціск на праваахоўную і пенітэнцыярную сістэму. «Акрамя таго, пакаранне па "пратэстных" артыкулах не прыносіць дадатковых плюсаў у грамадскай думцы. Большасць ўспрымаюць гэта як неправамерную практыку», — лічыць палітолаг.

Палітычных апанентаў Лукашэнкі амністыя не закране


Казакевіч таксама падкрэслівае, што амністыю плануецца распаўсюдзіць на шырокія пласты насельніцтва: «Могуць выйсці бізнесмены, што злёгку палепшыць фон у бізнес-асяроддзі. Могуць выпусціць асуджаных па "наркатычных" артыкулах, што таксама стварала напружанне ў грамадстве». Не ў апошнюю чаргу, паводле слоў палітолага, гэта можа быць звязана з адтокам працаздольнага насельніцтва з Беларусі: «Што б улады ні гаварылі, але адток людзей значны. Магчыма, з дапамогай амністыі яны думаюць запоўніць рынак працы».


Аднак чакаць вызвалення вядомых палітвязняў накшталт Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага не варта, упэўнены Слюнькін: «Можна зыходзіць са слоў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што сярод палітвязняў амністыі заслугоўваюць толькі тыя, хто "раскаяўся", хто "не бандыт". Палітычных апанентаў Лукашэнкі амністыя не закране».

Амністыя можа быць сведчаннем дзейснасці санкцый

Аналітык Арцём Шрайбман у сваім тэлеграм-канале піша, што амністыя можа быць сігналам Захаду. Разам з тым, ён падкрэслівае, што калі амністыя палітвязняў будзе абмежаванай, то чакаць размарозкі адносін з ЕС не варта: «Але Лукашэнка хоча апратэставаць гэтае пытанне, рызыкуючы пакінуць сілавікоў незадаволенымі. А, значыць, узровень болю ад санкцый такі, што Мінск, як і некалькі разоў раней у сваёй гісторыі, вырашае пайсці на саступкі без таго, каб Захад міргнуў першым».


Павел Слюнькін, у сваю чаргу, не лічыць заяву Лукашэнкі сігналам Захаду, бо паралельна было прапанавана пазбаўляць грамадзянства палітэмігрантаў (гаворка ідзе нават пра тых, хто атрымаў грамадзянства па нараджэнні. — Заўв. рэд.). «Пакуль што складана аналізаваць, сігналам павінны быць дзеянні, а не рыторыка. Калі яны вызваляць палову палітвязняў, у тым ліку тых, хто не пісаў прашэнне аб памілаванні, — гэта адна выснова, а калі толькі 20-30 чалавек — то які тут сігнал Захаду? Акрамя таго, хіба можна назваць крокам насустрач Захаду, калі яны абвяшчаюць амністыю, але пры гэтым пазбаўляюць грамадзянства?» — кажа аналітык.
Ініцыятыву з пазбаўленнем грамадзянства Андрэй Казакевіч называе сімвалічна-палітычным ходам, мэта якога — аказаць ціск на тых, хто з'ехаў. Таксама палітолаг мяркуе, што Лукашэнка такім чынам хоча змяніць структуру грамадзян Беларусі — забраць грамадзянства ў «экстрэмістаў» раздаць яго жыхарам Украіны і краін Балтыі, якія мюць прарасійскія погляды. Казакевіч, зрэшты, упэўнены, што «наўрад ці гэта закране вялікую колькасць людзей, таму з сацыяльна-дэмаграфічнага пункту гледжання гэты крок мала на што паўплывае».