«Каця, трымайся!» Лідар «ДДТ» падтрымаў Кацярыну Андрэеву
Нядаўна палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева ў гомельскім СІЗА атрымала вестачку ад лідара гурта «ДДТ» Юрыя Шаўчука.
Пра гэта распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку муж зняволенай журналісткі Ігар Ільяш.
Кацярына Андрэева прызнаецца ў лісце з-за кратаў, што была вельмі кранутая гэтым мілым аўтарскім шаржам і словамі падтрымкі — «нават слёзы на вачах выступілі».
«Падтрымка ад лепшага, на мой погляд, сучаснага рускага паэта і любімага выканаўцы, годнага чалавека і грамадзяніна — гэта тое, што неверагодна ўмацоўвае дух. Раскрыю маленькі сакрэт: з таго моманту, як я пазбавілася магчымасці слухаць свой плэйліст, падборка любімых песень перамясцілася ў маю памяць, і на самых крутых паваротах маршруту ў галаве заўсёды гралі «ДДТ». Часцей за ўсё «Свобода», «Мёртвый город», «Капитан Калесников», «Это всё», а пасля таго, як мяне асудзілі за «дзяржздраду» на 8 з лішнім гадоў (хоць лішнія — усе) — вядома ж, «Родина»... І вялікі дзякуй за антываенную пазіцыю. Я веру, што «Господь нас уважает».
Нагадаем, журналістак «Б*ЛСАТА» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі за прамы эфір з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы Перамен» у Мінску 15 лістапада. Іх прызналі вінаватымі ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады» і прысудзілі ім па два гады калоніі агульнага рэжыму. На Кацярыну Андрэеву пазней завялі яшчэ адну крымінальную справу і прысудзілі дадаткова 8 гадоў пазбаўлення волі за «здраду дзяржаве». Дар'я Чульцова ж 3 верасня выйшла на волю, бо цалкам адбыла свой тэрмін.