Палітвязню Алегу Канавалаву прысудзілі пяць гадоў калоніі

У Гомельскім абласным судзе 7 верасня вынеслі прысуд 27-гадоваму палітзняволенаму гамельчуку Алегу Канавалаву, паведамляюць праваабаронцы.

kanavalau_aleg_3.jpg

Справу разглядаў суддзя Алег Харошка. Палітвязня абвінавацілі адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»); ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»); арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»); ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розніцы»).

Алега Канавалава ў выніку асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 3200 рублёў і кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта 5000 рублёў.

Канавалаў — уладальнік ютуб-канала «Третий регион Беларусь». Хлопца затрымалі, калі ён вярнуўся ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года.

Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну працягваў «размяшчаць у сацсетцы інфармацыю антыдзяржаўнага кшталту, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады». Алег Канавалаў публікаваў у сваім канале ў тым ліку і відэа з акцый салідарнасці беларусаў у Кіеве. Таксама яму ў віну паставілі «цынічныя каментарыі» пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу прэзідэнта.