Амністыя як «імпартазамяшчэнне»: упіхнуць неўпіханае
Апошнім часам кіраўнік дзяржавы проста фантануе ідэямі. Відаць, надакучыла яму ездзіць па палях і сенажацях, душа просіць нечага больш глабальнага. Але жаданне гэтага глабальнага сутыкаецца з сур'ёзнымі разумовымі забабонамі.
Два гады мінула са жніўня 2020-га. За гэты час можна было і «перагарнуць старонку», і пераканаць каго заўгодна ў чым заўгодна, і прадэманстраваць «моцную ўладу». Але старонка не перагортваецца, «пераканалка» не спрацоўвае, моц улады — пад сумневам менавіта дзякуючы таму, што псіхалагічная траўма, нанесеная падзеямі двухгадовай даўніны, свярбіць і чэшацца.
Сапраўды моцную ўладу прадэманстраваў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Ён узяў — і абвясціў амністыю тым, хто ўдзельнічаў у зімовым паўстанні гэтага года, паказаўшы тым самым, што не баіцца паўтору тых падзей. А тыя падзеі, нагадаем, былі зусім не мірнай беларускай рэвалюцыяй, калі сілавікам кветачкі дарылі. Там штурмавалі і спальвалі адміністрацыйныя будынкі і паліцэйскія пастарункі, і, каб улагодзіць сітуацыю, давялося нават увесці міратворчыя сілы АДКБ. Хай гэтыя сілы прабылі на тэрыторыі Казахстана ўсяго тры дні, але што было — тое было.
І вось Такаеў кажа, што «тыя, хто ўдзельнічаў у страйку — таксама нашыя грамадзяне». І адпускае іх на волю. І зразумела, што гэты крок Такаева выклікаў у грамадстве (не толькі казахскім) тое, што на слэнгу міленіялаў называецца «рэспект і ўважуха».
Давайце параўнаем дзве цытаты.
Такаеў: «Дзяржава знізіла пакаранне тым грамадзянам, што ўдзельнічалі ў студзеньскім інцыдэнце, але не здзейснілі цяжкага злачынства. Некаторыя з тых, хто парушыў закон, усвядомілі сваю віну і раскаяліся ў сваіх мінулых учынках. Я думаю, што лепш ставіцца да іх з паразуменнем. Таму я прыняў рашэнне абвясціць аднаразовую амністыю ўдзельнікам студзеньскіх падзей». І ўдакладніў, што амністыя не закране дзеячаў, датычных да беспарадкаў, абвінавачаных у дзяржздрадзе і спробе гвалтоўнай змены ўлады.
Лукашэнка: «За апошнія два гады ўсе паразумнелі... Калі гэтыя людзі пакаяліся, усталі на шлях выпраўлення, цалкам загладзілі сваю віну, да іх можна праявіць паблажку. Прапаную абмеркаваць кола асоб, на якіх варта распаўсюдзіць амністыю». І дадаў, што «хто павінен сядзець у турме, павінен сядзець. Але яшчэ раз падкрэсліваю, ёсць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова. Паслабленні дапушчальныя толькі ў дачыненні да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае. Гэта значыць, у аснове павінна быць справядлівасць. Бандыты і экстрэмісты не з гэтай серыі!»
Па сутнасці і сэнсе, абодва кажуць адное і тое ж (што, дарэчы, і дазваляе казаць пра «імпартазамяшчэнне» беларускай амністыі). Аднак калі моцны Такаеў «прыняў рашэнне абвясціць амністыю», то Лукашэнка «прапануе абмеркаваць кола асоб». Калі Такаеў вызваляе вязняў, лукашэнкаўскія сілавікі зрабілі вызваленне па амністыі «палітычных» практычна немагчымым.
Кіраўнік міліцыі Кубракоў сказаў, што да кандыдатаў на амністыю «не павінна быць пытанняў з боку адміністрацыі калоній». Між іншым, ці не на кожнага палітвязня аўтаматам вешаецца метка «схільнага да экстрэмізму», прычым у некаторых выпадках — ужо ў следчым ізалятары (то-бок да суда і да вызначэння яго віны, што ставіць пад сумнеў наяўнасць у краіне прэзумпцыі невінаватасці). Зразумела, такі цэтлік — ужо «пытанне» з боку адміністрацыі папраўчай установы.
Кіраўнік пракурораў Андрэй Швед дадаў, што «палітычныя» павінны не толькі раскаяцца, але і звярнуцца да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні.
І як тут не згадаць цалкам заслужана забытага Юрыя Васкрасенскага з ягоным «Круглым сталом дэмакратычных сіл», які складаў спісы на амністыю і настойліва, нават навязліва прасіў «палітычных» напісаць тое самае прашэнне да Лукашэнкі.
«Мэтавая аўдыторыя» паставілася да гэтай ініцыятывы, мякка кажучы, без энтузіязму. І цалкам зразумела, чаму. Таму што практыка «перазатрыманняў» і «давешвання тэрмінаў» ужо трывала ўкаранілася ў нашай нібыта «выпраўленчай» сістэме. І ніякая «амністыя» не з'яўляецца гарантыяй, што назаўтра да цябе не прыйдуць прагныя да прэмій і «зорачак» супрацоўнікі Следчага камітэта з новым абвінавачваннем.
Дый як верыць у «амністыю», калі адначасова з яе абвяшчэннем улада навешвае чарговыя шалёныя тэрміны. Так званай «групе Рабковай», ці ўдзельнікам ініцыятывы «Рэвалюцыйнае дзеянне» далі на ўсіх 94 гады зняволення. Прычым — невядома за што, таму што працэс быў закрыты. А закрыты ён быў таму, што, як мы цяпер даведваемся з апублікаваных апошніх слоў фігурантаў гэтай справы, гэтыя фігуранты нічога не зрабілі. Прынамсі, Марфа Рабкова ў апошнім слове адзначыла, што следства актыўна выкарыстоўвала артыкул 13 Крымінальнага кодэкса, так званы «намер». То-бок, Рабкова атрымала 15 гадоў за «думказлачынства».
Амністыя — гэта чарговая спроба Лукашэнкі абняць неабдымнае і ўпіхнуць неўпіханае. З амністыяй, як з прэзідэнцкімі выбарамі: з аднаго боку, Лукашэнку хочацца быць «усенароднаабраным», з другога, не хочацца абірацца, бо народ не абярэ. Па трапным выразе Пятра Рудкоўскага, «Лукашэнка хоча вынайсці мадэль, якая была б абсалютнай манархіяй і дэмакратыяй адначасова».
Але, цытуючы таго ж Рудкоўскага, «нават Гасподзь Бог не можа адмяніць закон несупярэчнасці».
З аднаго боку, нешта здарылася, што ён задумаўся пра амністыю. А з іншага боку, яму боязна адпускаць палітвязняў, бо гэта азначае пасварыцца з сілавікамі, якія атрымалі шмат уплыву. Багата структур (проста наўскідку: АМАП, «Алмаз», ГУБАЗіК, Следчы камітэт, пракуратура) проста «кормяцца» з раскручанага махавіка рэпрэсій, атрымліваючы надбаўкі і прэміі, павышэнні ў рангах і званнях. Махавік рэпрэсій — гэта ўжо «кармушка», ад якой некаторым вельмі цяжка адарвацца. Спыні яго, і ўзровень дабрабыту сілавікоў упадзе ў разы толькі за кошт адсутнасці прэмій за «цяжкія ўмовы працы» і «небяспечную працу з экстрэмістамі і тэрарыстамі».
А яшчэ адна дылема ў тым, што колькасць «экстрэмістаў» у краіне — велічыня ўсё ж гранічная. А смачна есці хочацца заўсёды і рэгулярна, асабліва калі ты да гэтага звык. Вось і ўзнікаюць ініцыятывы барацьбы са «збеглымі», якія былі агучаны на той жа нарадзе. З імі змагацца таксама «пачэсна», але ў той жа момант — абсалютна небяспечна. Нават суды над імі можна праводзіць і без адвакатаў, і без іх прысутнасці. Селі, гарбаты папілі, вырашылі…
Але самая цікавая загадка сезона ў іншым. Лукашэнка сабаку з’еў на гандлі палітычнымі зняволенымі. За 20 гадоў ён ведае, каго, каму, калі можна «прадаць» і на што памяняць. Што змусіла яго гэтым разам гаварыць пра амністыю? Не толькі ж прыклад Касыма-Жамарта Такаева?
Нешта здарылася. Пытанне — што?