Пётр Рудкоўскі: «Лукашэнка хоча вынайсці мадэль, якая была б абсалютнай манархіяй і дэмакратыяй адначасова»
Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі разважае пра псіхалагічныя аспекты заяў Лукашэнкі наконт адмены наўпроставых выбараў прэзідэнта ды іншых яго ідэй кшталту стварэння «моцных партый».
— У свой дзень нараджэння Лукашэнка выказаў шкадаванне: у Канстытуцыю не запісалі норму, па якой прэзідэнта мусіць абіраць УНС. Што перашкодзіла адмовіцца ад прамых выбараў кіраўніка дзяржавы падчас рэферэндуму?
— На этапе падрыхтоўкі новага праекта Канстытуцыі Лукашэнку і ягонай Камісіі трэба было вырашыць дылему: захаваць бачнасць электаральнага працэсу і пры гэтым перастрахавацца на выпадак, калі працэс выйдзе з-пад кантролю. Вось дзеля гэтага і быў прыдуманы «вышэйшы прадстаўнічы орган» у выглядзе УНС.
Заставалася пытанне пра прэзідэнта — выводзіць ці не выводзіць з-пад уплыву электаральных механізмаў.
Выводзіць — гэта значыць прызнаць, што 2020 год моцна напалохаў. Апроч таго, кантраст з акаляючым светам будзе вельмі моцны. Відаць, на момант прыняцця канчатковага рашэння (канец снежня 2021 года), Лукашэнка, пасля доўгага вагання, спыніўся на гэтым варыянце: прэзідэнт будзе прывязаны да электаральных механізмаў, але для падстрахоўкі ствараем УНС. Яго выказванне-экспрэсія сведчыць: ваганні засталіся, і па-ранейшаму ён не перакананы, што гэта было добрае рашэнне.
— На вашу думку, гэта прагаворванне патаемных жаданняў ці канкрэтны план, які будзе рэалізоўвацца? Нездарма ж ён сказаў, што пры неабходнасці да ідэі можна вярнуцца.
— Гэта прагаворванне ваганняў, якія былі і застаюцца. Лукашэнка хоча вынайсці такую мадэль, якая была б абсалютнай манархіяй і дэмакратыяй адначасова. А тое немагчыма. Тэолагі кажуць, што нават Гасподзь Бог не можа адмяніць закон несупярэчнасці. Такім чынам, Лукашэнка можа прагаворваць свае ваганні, можа спадзявацца «вярнуцца да гэтай ідэі», але ён нікуды не ўцячэ ад неабходнасці зрабіць выбар: або поўная ліквідацыя электаральных механізмаў (а гэта можа мець пабочныя негатыўныя эфекты), або іх захаванне (што таксама мае пабочныя негатыўныя эфекты). Мяркую, што з гэтымі ваганнямі ён і закончыць сваю кіраўнічую кар’еру.
— Прэзідэнт, вакол якога ў цяжкія часы гуртуецца народ; УНС, які выпрацоўвае «генеральную лінію»; прафсаюзы, кампартыя, БРСМ, піянерыя, саюз жанчын, аб’яднанне ветэранаў і партыі, якія мусяць прытрымлівацца генеральнай лініі. Якую дзяржаўную сістэму спрабуе выбудаваць Лукашэнка?
— Уся гэта «канстытуцыйная рэформа» была завязана на адной ключавой задачы: якім чынам мінімалізаваць уплыў электаральных механізмаў, не ліквідуючы іх цалкам. 2020 год паказаў, што нават адшліфаваная за дваццаць гадоў сістэма маніпуляцый-фальсіфікацый можа не спрацоўваць.
Якія тут былі варыянты?
Першы, самы просты: устанавіць абсалютную манархію.
Другі, менш просты, але таксама зразумелы: стварыць партыю, узначаліць яе і аб’явіць, што краінай кіруе партыя.
Тым не менш, ні на адзін з гэтых варыянтаў Лукашэнка не наважыўся пайсці. Усё ж такі ХХІ стагоддзе і амаль цэнтр Еўропы. Ад гэтага не ўцячэш. Празмерны кантраст з усімі астатнімі сістэмамі ў Еўропе — таксама фактар нестабільнасці. Бо адна справа аргументаваць «У нас свая дэмакратыя» (пры размытасці паняцця дэмакратыі гэты аргумент можа спрацоўваць), а іншая справа — прызнаць, што ў нас дэмакратыі няма і даказваць, што яе адсутнасць — гэта добра. У выніку Лукашэнка і яго атачэнне сышліся на крайне складанай сістэме з трыма прадстаўнічымі органамі (Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і УНС), да гэтага, хутчэй за ўсё, дадасца яшчэ партыя ўлады, з моцным прэзідэнтам і моцным Саветам Бяспекі. Гэта вельмі грувасткая сістэма, дзе працэс прыняцця рашэнняў будзе яшчэ больш складаным і непразрыстым, але поле і магчымасці для кулуарнай барацьбы значна пашырацца.
— Што чакае існуючыя палітычныя партыі, якія збольшага не ўпісваюцца ў мартыцу палітычнай сістэмы Лукашэнкі?
— Заява Гайдукевіча (29-га жніўня), мяркую, адлюстроўвае прыблізныя планы рэжыму: спрашчэнне партыйнага ландшафту шляхам стварэння трох-чатырох адносна вялікіх партый. То-бок большасць існуючых арганізацый будуць пастаўлены перад выбарам: або далучыцца да «вялікіх», або цалкам знікнуць.
На першы погляд, гэта як бы спрашчае працэс кантролю над партыямі. Але на практыцы можа прывесці да яшчэ большай непрадказальнасці.
Адна справа, калі апазіцыйная група аформлена ў асобную партыю і ты як на далоні яе бачыш: вось гэта партыя А, дзе тусуюцца нашы апаненты. Яны ідэнтыфікавальныя, яны не хаваюць сваёй пазіцыі, мы ведаем, дзе яны, якая іх колькасць, патэнцыял і гэтак далей.
Зусім іншая справа, калі паўстаюць супер-партыі і апазіцыйныя элементы інкарпаруюцца туды. У перыяд стабільнасці ў рэжыму ёсць шанец асіміляваць гэтыя элементы. Але ў часы крызісу не факт, што супер-партыі не пачнуць змяняцца пад уплывам крыпта-апазіцыянераў. З той, аднак, розніцай, што аператыўна ідэнтыфікаваць і нейтралізаваць такія элементы нашмат складаней.
— Лукашэнка ўвесь час спасылаецца на «капітал, які нам дастаўся ад Савецкага Саюза». СССР сапраўды для яго з’яўляецца ўзорам дзяржаўнага будаўніцтва ці ён проста прыкрывае настальгіяй сваю прагу да ўлады?
— Звычкі і нормы, засвоеныя ў юнацтве, вельмі ўстойлівыя, асабліва калі большая частка твайго дарослага жыцця пазначана культываваннем гэтых звычак. Так, Лукашэнка псіхалагічна моцна звязаны з савецкай мінуўшчынай, яму не дадзена было пазнаёміцца з альтэрнатывай такому жыццю, ён ментальна моцна прырос да савецкасці. Такім чынам, СССР — гэта для яго і ўзор, і настальгія.
— 2020 год нанёс моцную душэўную рану, што відаць па кожным публічным выступе. Ці правёў ён работу над памылкамі?
— Шанцы на тое, што ён кардынальна перагледзіць свае кіраўнічыя манеры, сваю філасофію кіравання — мінімальныя, магчыма, нулявыя. Было б яму 30 ці 35 гадоў, можа быць, зрабіў бы такую работу. Цяпер, на сёмым дзясятку жыцця, наўрад ці. Яго сённяшняя рэакцыя на крытычны выступ студэнта біяфака (маўляў, я вось пацікаўлюся ў рэктара, як ты трапіў на гэты факультэт!) паказвае, наколькі ўсё сур’ёзна. Многія цары-аўтакраты ў такіх выпадках любілі паказаць сваю адкрытасць крытыцы, прадэманстраваць сваю маральную сілу, вялікадушнасць у дачыненні да тых, хто яму апаніруе. Лукашэнка ўжо і на гэта няздольны. Магчыма, з-за таго, што пачуваецца няўпэўнена, магчыма, не стае яму псіхалагічных сіл, каб проста прытварыцца адкрытым для крытыкі. Не зменіцца ён ужо.
Паводле СНплюс