«Тыя, хто ўдзельнічаў у страйку — нашы грамадзяне». Такаеў абвясціў амністыю ўдзельнікам студзеньскіх падзей

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў абвясціў амністыю ўдзельнікам студзеньскіх падзей. Гэта прагучала падчас яго выступу з пасланнем на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента.

kazahstan_maradzery__1.jpg


Нагадаем, у студзені гэтага года ў Казахстане пачаліся пратэсты праз рост коштаў паліва. У Алматы і іншых буйных гарадах адбыліся сутыкненні.

«Тыя, хто ўдзельнічаў у страйку, і супрацоўнікі сілавых структур — нашы грамадзяне. Яны спадзяюцца не толькі на тое, што суд будзе справядлівым, але і на тое, што грамадства будзе паблажлівым. Дзяржава знізіла пакаранне грамадзянам, якія ўдзельнічалі ў студзеньскіх інцыдэнтах, але не здзейсніў цяжкага злачынства. Некаторыя з тых, хто парушылі закон, усвядомілі сваю віну і раскаяліся ў сваіх мінулых учынках. Я думаю, што лепш ставіцца да іх з прабачэннем. Таму я прыняў рашэнне абвясціць аднаразовую амністыю ўдзельнікам студзеньскіх падзеяў», — сказаў Такаеў.

Ён удакладніў, што амністыя не закране асноўных датычных да беспарадкаў дзеячаў, абвінавачаных у дзяржздрадзе і спробе гвалтоўнай змены ўлады.


Падчас выступу Такаеў таксама прапанаваў змяніць тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. На думку Такаева, яго мэтазгодна павялічыць да сямі гадоў, але пры гэтым абмежаваць магчымасць знаходжання адной і той жа асобы на пасадзе адным тэрмінам.

«Прапаную ўсталяваць абмежаванне мандату прэзідэнта ў адзін тэрмін працягласцю 7 гадоў без права пераабрання. На чым грунтуецца гэтая ініцыятыва: з аднаго боку, 7 гадоў — дастатковы перыяд для рэалізацыі любой амбіцыйнай праграмы. З іншага — абмежаванне прэзідэнцкага мандату адным тэрмінам забяспечыць максімальную нацэленасць кіраўніка дзяржавы на вырашэнне стратэгічных задач агульнанацыянальнага развіцця», — растлумачыў ён.

У асноўным законе Казахстана прапісана, што прэзідэнт абіраецца на 5 гадоў, колькасць кадэнцый для адной асобы абмежавана двума тэрмінамі.

Трэба адзначыць, што Касым-Жамарт Такаеў стаў прэзідэнтам Казахстана ў 2019 годзе, пасля сыходу ў адстаўку Нурсултана Назарбаева. Такім чынам ён займае прэзідэнцкую пасаду ўжо тры гады. Калі ўвосень будуць праведзеныя пазачарговыя выбары, а тэрмін паўнамоцтваў павялічаць да 7 гадоў і на іх пераможа Такаеў, то ён прабудзе на пасадзе да 2029 года, або 10 гадоў, гэта значыць столькі ж, колькі ў адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй.