Хронікі палітычных рэпрэсій за 7 верасня

Расказваем пра галоўныя падзеі, якія адбыліся сёння ў краіне.

v_belarusi_hotovjatsja_0_main.jpeg


Затрыманым учора пасля суду над анархістамі праваабаронцу Насце Лойка і Данілу Кашэўскаму прысудзілі 15 і 12 «сутак» адпаведна. Як паведамляюць праваабаронцы, хлопец затрыманы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». За што асуджаная Наста Лойка, невядома.
Палітзняволеная Марыя Калеснікава, якую роўна два гады таму выкралі з мінскіх вуліц і спрабавалі выціснуць з краіны, даслала ліст з-за кратаў. У ім яна нагадвае пра пачуццё ўласнай годнасці, свабоду і дабро і абяцае «гучна смяяцца» і «думаць з любоўю» пра блізкіх.
Мікалая Статкевічаперавялі ў «больш прасторную» камеру, паведамляе яго жонка Марына Адамовіч. Новая камера «на 7 сантыметраў шырэйшая».
Аляксандру Фядуту, асуджанаму па «справе аб змове» на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, дазволілі спатканне з жонкай. Як піша ў сваім фэйсбуку Марына Шыбко, палітзняволены трымаецца даволі бадзёра, нягледзячы на праблемы з зубамі. Гэта была іх першая сустрэча за 17 месяцаў.
7 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» атрымаў адміністратар суполкі «За адзіную дзяржаўную мову Беларусі» Уладзімір Буцькавец. Суполка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» была прызнаная «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Гродненскі абласны суд прысудзіў да 7 гадоў пазбаўлення волі 28-гадовую Марыну Санкевіч са Старых Дарог. Дзяўчыне былі прад'яўлены 4 артыкулы Крымінальнага кодэкса, падставай для абвінавачання сталі каментары ў ТГ-каналах.
ГУБАЗіК затрымаў дырэктара крамы «Sneakerhead» Сяргея Каляду і былога кіраўніка аддзела маркетынгу Уладзіміра Стасевіча. З імі знялі «пакаяльныя відэа», у якіх мужчыны прызнаюцца ў пераводзе грошай у фонд BySol.
Сайт і сацсеткі Беларускай рады культуры прызнаныя «экстрэмісцкімі». Таксама ў чэрвені МУС прызнаў саму раду «экстрэмісцкім фарміраваннем».
2,5 гады па «справе Зельцэра» атрымаў мінчук Цімур Хайрулін. Яго судзілі за «распальванне сацыяльнай варожасці» і «абразу прадстаўніка ўлады». Па гэтай жа справе 1 год і 8 месяцаў зняволення, а таксама штраф у 100 базавых велічынь атрымаў Мікалай Сергіеня.
Пазбаўленыя ліцэнзій яшчэ чатыры адвакаты, якія абаранялі палітвязняў. Пазачарговая атэстацыя адбылася ў Гомельскай вобласці. Генадзь Уласенка, Таццяна Саўчанка, Павел Кулажанка і Ганна Паўлюк больш не змогуць абараняць сваіх кліентаў.
На дадзены момант праваабаронцамі «Вясны» прызнаныя палітзняволенымі 1321 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1634 палітычных зняволеных, у тым ліку 197 жанчын і 8 непаўнагадовых.