Мікалая Статкевіча перавялі ў «больш прасторную» камеру. Яна на 7 сантыметраў шырэйшая, чым папярэдняя

«Галоўная навіна — перавялі ў камеру паверхам вышэй. Яна на сантыметраў 7 шырэйшая, і гэтага хапіла, каб прасунуцца паўз тумбачку да сценкі, супрацьлеглай дзвярам», — напісаў палітвязень Мікалай Статкевіч у лісце да жонкі Марыны Адамовіч.

_dsc1601_logo_1.jpg


«У выніку цяпер, хоць і “зігзагам”, але можна прайсці па камеры пяць крокаў. Што зрабіла мае “прагулкі” больш “інтэнсіўнымі”. А ў прагулачных дворыках сапраўды вырашылі памяняць дызайн. Толькі не ландшафту, а кратаў — арматура чымсьці не задаволіла. Калі гэта скончыцца — не кажуць», — піша Статкевіч.

Палітыка не выводзяць на прагулку ўжо больш за месяц, матывуючы гэта «рамонтам прагулачных дворыкаў», адзначае Марына Адамовіч. «Вось так, раптам, УСЕ дворыкі “рамантуюць”. Улічваючы маштаб і час, я ў лісце запыталася, ці не ландшафтны дызайн там перарабляюць», — тлумачыць словы Статкевіча спадарыня Марына.

«... Зараз гэтая камера сухая, але, мяркуючы па счарнелых столі і сценах у адным з кутоў, так было не заўсёды. Кажуць, што дах рамантавалі — восень пакажа.

... Паступова павялічваю нагрузкі падчас заняткаў фізкультурай. Днём у мяне тры “прагулкі” па камеры па 30-40 хвілін і адна вечарам на 20-30 хвілін. Падчас дзённых “прагулак” раблю фізічныя практыкаванні. З-за памераў камеры прыйшлося ўводзіць практыкаванні з “гантэллю”, у якасці якой скарыстоўваю ПЭТ-бутэльку 1,5 літра. Праўда, з-за невялікай вагі мушу цягаць гэтую “гантэль” па разоў 800 за дзень. І з часам прыйдзецца гэтую колькасць яшчэ павялічваць», — піша Мікалай Статкевіч.

Нагадаем, палітзняволенага Мікалая Статкевіча, які адбывае пакаранне, 5 жніўня на шэсць месяцаў перавялі ў адзіночную камеру плошчай у тры квадратныя метры.


Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу.

У снежні мінулага года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (18 гадоў калоніі), блогера Ігара Лосіка (15 гадоў), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары Арцёма Сакава (16 гадоў), мадэратара сацсетак праекта «Краіна для жыцця» Дзмітрыя Папова (16 гадоў) і блогера Уладзіміра Цыгановіча (15 гадоў калоніі).

Адрас для лістоў: ПК № 13. 211791, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205. Статкевіч Мікалай Віктаравіч.