Мікалая Статкевіча на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру плошчай у тры квадратныя метры

Палітзняволенага Мікалай Статкевіча, які адбывае пакаранне, 5 жніўня на шэсць месяцаў перавялі ў адзіночную камеру, паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.

statkevicz_logo_1_1.jpg

«З 5 жніўня ён на паўгода быў змешчаны ў якасці пакарання ў «адзіночку» памерам каля трох квадратных  метраў, шырынёй у метр, з прышпіленымі да сцяны нарамі. Пакаранне, аналагічнае ПКТ у «звычайнай» калоніі, дзе вязні — у казармах і могуць выходзіць на вуліцу. У калоніі асаблівага рэжыму, дзе ён і так у камеры, можна пакараць хіба памерамі і паўпадвальным памяшканнем. Ну і адсутнасцю званкоў і прагулак», — напісалаМарына Адамовіч у фэйсбуку.

Нагадаем, Мікалая Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу.
У снежні мінулага года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (18 гадоў калоніі), блогера Ігара Лосіка (15 гадоў), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары Арцёма Сакава (16 гадоў), мадэратара сацсетак праекта «Краіна для жыцця» Дзмітрыя Папова (16 гадоў) і блогера Уладзіміра Цыгановіча (15 гадоў калоніі).