Хроніка рэпрэсій у Беларусі: 15 жніўня

Расказваем пра галоўнае, што адбылося ў палітычным жыцці краіны сёння, 15 жніўня.

Палітзняволены Дзяніс Івашын сёння ў гродзенскім судзе. Скрыншот reform.by

Палітзняволены Дзяніс Івашын сёння ў гродзенскім судзе. Скрыншот reform.by


У Гродне пачаўся суд над аўтарам «НЧ», журналістам Дзянісам Івашыным. Судовыя пасяджэнні зрабілі закрытымі — падчас працэсу «будуць разглядацца дзяржаўныя тайны». Палітвязню могуць прысудзіць да 15 гадоў зняволення.
За падпіску на «экстрэмісцкі» ТГ-канал у Мінску затрымалі менеджара «McDonald's» Дзяніса Ландзічэнку. У праўладных каналах яго абвінавацілі ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Праваабаронцы паведамілі пра вынесены прысуд жыхару Магілёва Сяргею Цыгібу — за «клас» пад відэа ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». За «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных даных», «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады» мужчыну прысудзілі 3 гады калоніі і 250 базавых штрафу.
4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму прысудзіў палітвязню Мікіту Палявонку суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў. Мужчыну абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Падставай названыя падпіска на «экстрэмісцкі ТГ-канал» і каментарыі «з абразамі сілавікоў і Лукашэнкі».
Мінінфарм заблакіравала сайт газеты «Народная Воля». Як пішуць самі супрацоўнікі «НВ», «блакіраванне настолькі глыбокае, што няма доступу нават да адмінкі сайта», ён не адкрываецца ні з Беларусі, ні з-за мяжы. Пасля забароны папяровага выдання і цяперашняй блакіроўкі сайта ў «Народнай Волі» застаецца толькі ТГ-канал і PDF-версія газеты.
Працягваецца разгляд «справы аб змове». На сённяшнім судовым пасяджэнні ў якасці доказу віны фігурантаў справы разглядаўся запіс відэаканферэнцыі, дзе гучала фраза «мачыць Луку». Юрась Зянковіч і Рыгор Кастусёў у сваіх паказаннях растлумачылі, што ўкладвалі ў яе палітычны сэнс. Нагадаем, па гэтай справе праходзяць пяць чалавек: Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. З іх сваю віну ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» не прызнаў толькі Кастусёў.
На волю выйшаў віцебскі ксёндз Андрэй Вашчук. Ён адседзеў за кратамі 30 «сутак»: за бчб-сцяг на фота ў Фэйсбуку і за падпіску на «экстрэмісцкі» ТГ-канал.