Пабудавана паводле амерыканскага прынцыпу. Што з сябе ўяўляе вядомая Амерыканка?

Следчы ізалятар КДБ, вядомы ў народзе як Амерыканка, месціцца ў комплексе будынкаў КДБ і МУС у самым цэнтры Менску. Ён сумна вядомы яшчэ з 1930-х гадоў: тут трымалі беспадстаўна арыштаваных пісьменнікаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, палітычных вязняў. Што сабой уяўляе турма КДБ сёння, якія там умовы ўтрымання і парадкі? Пра гэта «Б*лсату» распавёў былы вязень Амерыканкі Алесь Міхалевіч, беларускі юрыст, кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе.

amerykanka.jpg

Камера як труна

Няма ніводнага месца з двара, адкуль можна пабачыць следчы ізалятар КДБ. На яго можна паглядзець толькі на мапах і здымках зверху. Назву Амерыканка будынак атрымаў за тое, што пабудаваны паводле амерыканскага прынцыпу: усе камеры размяшчаюцца па коле, іх дзверы выходзяць у адзін замкнёны калідор-галерэю.
«Будынак ізалятара круглы, праз гэта кожная камера мае выгляд труны: яна звужаецца да дзвярэй і пашыраецца да акна. [Памер камеры такі: шырыня ля дзвярэй — 1,2 метра, ля вакна — больш за два метры, даўжыня — 5 метраў, вышыня — 3,5 метра. Вокны закратаваныя, большасць з іх выходзяць на сцены суседніх пабудоваў. — Заўвага рэд.]. Злева і справа — двухпавярховыя нары і тумбачкі. Каля акна, якое крышку большае памерам за стандартную фортку, — маленькі стол і зэдлік. Калі б гэта ўсё добра адрамантаваць, укласці грошы, гэта быў бы нармальны ізалятар паводле ўсіх адпаведных стандартаў», — распавядае Алесь Міхалевіч.
Будынак ізалятара двухпавярховы, калідоры ўнутры даволі вузкія. На напалову склепавым паверсе — некалькі кабінетаў для допытаў, якія праводзяць супрацоўнікі КДБ. На першым паверсе размяшчаюцца душавы пакой, кухня, дапаможныя памяшканні. Вязняў утрымліваюць на другім паверсе, які мае 18 камераў. Камеры разлічаныя на розную колькасць асобаў, але максімум — 4 чалавекі. Агульная ўмяшчальнасць — 34 арыштанты. Ніжні і верхні паверхі злучае вузкая маленькая вінтавая лесвіца, па якой вельмі складана ісці, асабліва калі ў цябе звязаныя ззаду рукі.
«На мае часы там было некалькі камераў, дзе быў унітаз. Ува ўсіх астатніх камерах проста стаяла пластмасавае вядро. Вязняў з такіх камераў выводзілі дадаткова ў прыбіральню два разы на дзень — у памяшканне з дзвюма дзіркамі ў падлозе. Два чалавекі мусілі стаяць зусім побач, каб спраўляць свае натуральныя патрэбы», — каментуе Алесь Міхалевіч.

Ежа як у добрай студэнцкай сталовай, а з ацяпленнем – бяда

Цягам дня вязні ў камерах застаюцца пад заўсёдным наглядам двух назіральнікаў, якія ходзяць па калідоры і зазіраюць у вочкі дзвярэй. Абодва назіральнікі заўсёды адзін насупраць другога. Калі адзін з іх адчыняе камеру, другі бачыць, што адбываецца ўсярэдзіне, і пры неабходнасці можа націснуць кнопку трывогі. Пры яе націсканні выклікаецца група «Альфа», а электразамкі ўсіх дзвярэй турмы блакуюцца.


«У Амерыканцы няма непаспяховых людзей. Тут сядзяць буйныя бізнесоўцы, дырэктары прадпрыемстваў, чыноўнікі, начальнікі, сілавікі — з усімі сваімі рэгаліямі і званнямі. Са мною, напрыклад, сядзела кіраўніцтва Камітэту дзяржкантролю, адзін з кіраўнікоў АБЭЗ.
Нас, кандыдатаў на прэзідэнта, кіраўнікоў штабоў, раскідвалі дадатковымі людзьмі ў розныя камеры на дадатковыя нары, скалочаныя з дошак. Для мяне не было праблемаю спаць на нарах, тым больш даваўся матрац, чыстая белая бялізна. Паколькі Амерыканка ўтрымліваецца за бюджэт КДБ і мае добрае фінансаванне, харчаванне там у разы лепшае, чымся ў следчым ізалятары МУС на Валадарскага. На ўзроўні вельмі добрай студэнцкай сталовай», — згадвае Алесь Міхалевіч.
Сярод ежы — салаты з гародніны, бульба, кашы, мяса, селядзец. Да таго ж у ізалятары прымалі даволі вялікія перадачы з рознымі прысмакамі ад родных вязняў. Таму ў арыштантаў заўсёды было што паесці, але ў прынцыпе хапала і ўнутранага харчавання.
А вось з ацяпленнем у ізалятары бяда: сістэма вельмі старая і кепская. Паколькі памяшканне круглае, цяпло да самых аддаленых камераў ужо не даходзіць.
«Я аднойчы трапіў у такую аддаленую камеру. Там на сценах была сіне-зялёная цвіль таўшчынёй з палову пальца. Мы сваімі рукамі гэта ўсё адскрабалі. На шчасце, супрацоўнікі аховы далі нам анучы і мыйны сродак. У маёй камеры была нізкая тэмпература, бо мы ніколі не зачынялі форткі. Бо як толькі яе зачынялі, вярталася цвіль. Мы выбралі жыццё пры нізкай тэмпературы (часам у камеры было градусаў 5) замест перспектывы захварэць на сухоты», — кажа Алесь Міхалевіч.

«Я быў у палоне ў «Талібану»: да людзей там ставяцца нашмат лепей»

Калі параўнаць з велізарнаю структураю, малохам Валадаркі, Акрэсціна ці Жодзіна, Амерыканка – мікратурма, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, таму і ўзаеміны паміж усімі адпаведныя.
«Старажылы звярталіся да ахоўнікаў на імя альбо на імя па бацьку, прыкладам: «Пятровіч, дай мне, калі ласка, яшчэ адну таблетку». Увесь штат — некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў, уключаючы доктара. Вертухаі ўсіх добра ведаюць. У мяне сярод іх была мянушка «танцор», бо падчас прагулак я танцаваў. Для мяне гэта была своеасаблівая фізуха, якая дапамагала мне захоўваць правільны настрой», – кажа Алесь Міхалевіч.
Паводле былога вязня, умовы ўтрымання ў Амерыканцы лепшыя, чымся ў іншых ізалятарах, аднак ізаляцыя і нагляд нашмат больш жорсткія. Гэта месца, дзе камунікацыя з вонкавым светам цалкам спыняецца. Адзіны сродак камунікацыі — гэта адвакат. Сустрэчы з адвакатамі адбываюцца ў асобных пакоях, дзе суразмоўцы аддзеленыя дзвюма шыбамі з маленькімі адтулінамі.
«Галоўнае правіла камеры — жыць паводле законаў камеры. Калі я, напрыклад, чысціў зубы, мне сказалі, каб я прыбіраў губку з ракавіны, каб на яе не трапляла паста. Гэта цалкам рацыянальна, такія правілы патрэбныя для арганізацыі супольнага жыцця на абмежаванай прасторы. Блатная сістэма тут не працуе, гэта цалкам цывільная ўстанова, дзе поўны кантроль над працэсам і людзьмі трымае адміністрацыя. Тут няма маляваў — перадаць паведамленне з адной камеры ў іншую немагчыма, як і перамаўляцца паміж прагулачнымі дварамі — падчас шпацыраў уключаецца гучная музыка», — кажа Алесь Міхалевіч.
Для шпацыраў, якія доўжацца гадзіну альбо дзве, прызначаныя 5 унутраных дворыкаў, угары зацягнутыя кратамі, адкуль за арыштантамі назірае наглядальнік. Самы маленькі дворык памерам каля 5 квадратных метраў. Фонам падчас шпацыру ўключаюць беларускае радыё. Але часам ставяць і адмысловую музыку.
«Быў адзін вельмі класны супрацоўнік, які любіў Шаўчука, а я вельмі люблю «ДДТ». Ён ставіў адзін з апошніх альбомаў гурта, але перамотваў песню «У гасцях у генерала ФСБ». Аднойчы гэтую касету паставіў іншы вертухай, які не ведаў, што гэта за песня. Гэта быў вельмі вясёлы дзень», — згадвае палітык.
Яшчэ адзін з законаў камеры — нікому не псаваць настрою іншым.
«Мы ўвесь час смяяліся, рагаталі, вельмі па-добраму падколвалі новенькіх. Я таксама прайшоў праз розыгрыш. Я ўвесь час адціскаўся, танцаваў на шпацырах, займаўся фізухаю, таму адзін са старажылаў запытаў: маўляў, ведаеш, чаму Амерыканка называецца Амерыканкаю? Кажу, так, бо пабудаваная паводле амерыканскага праекта. Ён: ведаеш, што тут ёсць спартзала? Кажу, не, а што, можна туды запісацца? Ён адказвае: так, можна, замест прагулкі. Пытаю: то, можа, там добрая трэнажорка? Ён: ды не, якая трэнажорка, некалькі гіраў і маты ляжаць. На наступны дзень я быў дзяжурны, справаздачыўся аб камеры, выносіў вядро. На пытанне, ці ёсць заўвагі і прапановы, папрасіў запісаць мяне ў спартзалу. З рэакцыі камеры, якая ледзь стрымлівала смех, разумею, што мяне разыгралі. Мне суха адказалі: не, нельга. Я тады кажу: ну хоць гіру з яе дайце. Мая камера ўзрываецца смехам.
Пасля, калі прыйшла ахова прэзідэнта, нас усёю камераю завялі ў «спартзалу». Там нас прымушалі распранацца да гала, адціскацца, ставілі нас на расцяжку — практычна на поўны шпагат. Калі мы вярнуліся ў камеру, вертухаі пачалі падслухоўваць, што ў нас адбываецца. Раней падобнага тут не было, значыць, гэтыя здзекі звязаныя з намі, з палітычнымі, а рабілася ўсё для таго, каб пасварыць нас з іншымі. Той дзядзька, які прапаноўваў мне запісацца ў спартзалу, найстарэйшы ў камеры, спрабуе хвіліны дзве аддыхацца, прыходзіць у сябе і кажа: маўляў, я ж табе, Міхалевіч, казаў у спартзалу запісацца, вось ты і запісаўся. Па камеры пайшоў рогат. Праз дзве хвіліны адчыняюцца дзверы камеры: Міхалевіч, з рэчамі на выхад. Мяне перакінулі ў іншую камеру. Мэтай усяго гэтага было тое, каб мяне ўзненавідзелі ў камеры. Яна не была дасягнутая, мае сукамернікі ўсё цудоўна разумелі», — распавядае Алесь Міхалевіч.
Былы вязень згадвае, як у адной з камераў сядзеў разам з афганцам, які меў беларускі від на жыхарства:
«Трымалі яго практычна ні за што. Афіцыйна яму інкрымінавалі тое, што ён стварыў злачынную групу, якая перакідвала людзей праз мяжу. На практыцы да яго з Расеі прыехалі некалькі сяброў, якія не мелі беларускай візы, толькі расейскую, а злачынная група складалася з яго і дзвюх жанчын, якія здалі ім кватэры. Мы сядзелі ў камеры на трох, і беларускі хлопец, наш сукамернік, сказаў неяк: з нас тут здзекуюцца, нас катуюць, але ўсё ж тут лепш, чымся ў палоне ў «Талібану». На што гэты афганец саскочыў з верхняй шконкі і кажа: «Я быў у палоне ў «Талібану». Там няма такой мадэрнізацыі (паказвае на белую чыстую пасцель), але да людзей там ставяцца нашмат лепей».

«Ціснулі людзі звонку, і супрацоўнікам гэта не падабалася»

У Амерыканцы ёсць начальнік і намеснік аператыўнай часткі — «кум», які мусіць «спрыяць» таму, каб следчыя атрымалі ад вязня больш інфармацыі. Начальнік у тэорыі проста кіруе працэсам.
Справамі кухні займаюцца так званыя пераседжаныя: вязні, у якіх вельмі добрыя стасункі з адміністрацыяй (яны, напрыклад, супрацоўнічалі са следствам, давалі паказанні), таму іх пакідаюць у Амерыканцы, дзе яны адбываюць свой тэрмін турэмнага зняволення і адначасова працуюць на кухні. Таксама адміністрацыя пакідае пераседжаных, якія «ламаюць» новенькіх: пераконваюць даваць паказанні.
«Шараговыя супрацоўнікі ізалятару ставяцца да сваёй працы як да выканання службовых абавязкаў. Яны выконваюць іх згодна з інструкцыямі, загадамі. Я не пабачыў там ніводнага садыста: не было тых, каму б дастаўляла задавальненне здзекавацца з людзей. Маглі быць нейкія абразлівыя звароты, але гэта такі звычайны стыль камунікацыі гэтых людзей. Я не заўважыў да нас нейкага спецыфічнага негатыўнага стаўлення. Трэба разумець, што там часта сядзяць людзі, якіх «бяруць» з высокай афіцэрскай пасады, сілавых структураў, якія могуць у іх вярнуцца.
Начальнікі — гэта, вядома, іншая рэч, яны атрымліваюць свае загады зверху. Калі мяне катавалі, як я лічу, работнікі аховы прэзідэнта, нікога з супрацоўнікаў турмы побач не было, яны рабілі выгляд, нібыта зніклі. Супрацоўнікі ізалятару адказвалі за нас, увесь ціск аказвалі людзі звонку, і супрацоўнікам гэта не падабалася: хтосьці можа здзекавацца, а адграбаць за ўсё будзеш ты. Трэба разумець, што КДБ і ізалятар КДБ — структуры інстытуцыялізаваныя, яны існуюць доўга, і ніхто ў іх не хоча рабіць штосьці празмернае. Большасць шараговых супрацоўнікаў цікавіць тое, каб спакойна даслужыць там да пенсіі», — адзначае Алесь Міхалевіч.

Вядомыя вязні Амерыканкі

У розны час за краты Амерыканкі траплялі розныя вядомыя грамадска-палітычныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, прадстаўнікі інтэлігенцыі, публіцысты і пісьменнікі, удзельнікі антысавецкага руху. Напрыклад, менавіта тут утрымліваліся беларускія дзеячы, расстраляныя 29–30 кастрычніка 1937 года: Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Анатоль Вольны, Масей Кульбак ды іншыя. Сядзелі тут і польскія грамадзяне, арыштаваныя савецкімі ўладамі пасля савецкага ўварвання ў 1939 годзе.


За часоў Лукашэнкі праз СІЗА КДБ прайшло шмат апанентаў рэжыму: Славамір Адамовіч, Дзмітрый Бандарэнка, Наста Дашкевіч (Палажанка), Андрэй Дзмітрыеў, Андрэй Саннікаў, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Наталля Радзіна, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп. Пабываў тут і вядомы расейскі топ-менеджар Уладзіслаў Баўмгертнер.
Пасля падзеяў 2020 года ў Амерыканку трапілі беларускі і амерыканскі палітычны кансультант, палітычны тэхнолаг Віталь Шкляраў (быў вызвалены і з’ехаў у ЗША), фігуранты «справы змоўнікаў» (палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, работніца менскага офісу Зянковіча – Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юрый Зянковіч), чатыры працаўнікі прадпрыемства «Горадня Азот», якіх вінавацілі ў нібыта здрадзе радзімы, былы ваўкавыскі прадпрымальнік і актывіст Мікалай Аўтуховіч ды іншыя.