Маці спявачкі Дакоты ды «ўкраінскі шпіён». Хронікі рэпрэсій за 12 жніўня.

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Галоўнае за 12 жніўня з паведамленняў праваабаронцаў і СМІ.

Рыта Дакота з маці Святланай

Рыта Дакота з маці Святланай


Затрыманая маці спявачкі Рыты Дакоты Святлана Герасімовіч. Інфармацыя з'явілася ў адным з лукашысцкіх тэлеграм-каналаў. З суправаджальнага тэксту, вытрыманага ў звычайным для карных структур хамскім і абразлівым стылі, можна зразумець толькі тое, што абвінавачваецца жанчына ва ўдзеле ў пратэсных акцыях і ёй пагражае крымінальная справа.

Рыта Дакота — вядомая расійская і беларуская спявачка. У 2020 годзе падтрымала пратэсты і выпусціла песню «Уходи», якую адрасавала Лукашэнку.

За друкаванне налепак з арнаментам і Пагоняй затрымалі дырэктара студыі дызайну. Затрыманы — Аляксандр Васільеў, і яму 42 гады. Ён жыве ў Мінску і з'яўляецца дырэктарам дызайн-студыі «Мерлен», якая друкуе сувеніры на замову.

Сілавікі закідаюць яму «друкаванне пратэснай сімволікі» — на відэа і фота, якія яны публікуюць, магніты, налепкі і іншая прадукцыя з нацыянальным арнаментам і Пагоняй. Трэба адзначыць, што ніводзін з гэтых сімвалаў не быў забаронены, а да 2020 году яны былі ў свабодным продажы.

Палітзняволенаму Аляксандру Курганскамупрысудзілі 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Згодна з рашэннем суддзі Гродзенскага абласнога суда Аляксандра Козела, таксама ён мусіць выплаціць 50 базавых велічынь штрафу (1600 рублёў).

Падставай для затрымання Аляксандра стаў лайк, які мужчына паставіў на каментар іншага чалавека ў запісе пра абмеркаванне перастрэлкі паміж айцішнікам Андрэем Зельцэрам і супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком.

ГУБАЗіК затрымаў беларуса: у «пакаянным» відэа малады чалавек кажа, што ў 2019 годзе ўступіў ва ўкраінскае добраахвотніцкае фармаванне ў Марыупалі і служыў кулямётчыкам. Таксама ён заяўляе, што быў інфарматарам украінскіх спецслужбаў у Беларусі і дакладваў ім аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі ў краіне. Паводле звестак «Нашай Н*вы», маладога чалавека завуць Яраслаў Саковіч.

Пракуратура Гродзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальныя справы за распаўсюд персанальных звестак сілавікоў, супрацоўнікаў турмы № 1 і дзяржаўнага абвінаваўцы па справе Мікалая Аўтуховіча. Зліў звестак выявілі супрацоўнікі ўласнай бяспекі пракуратуры падчас «маніторынгу інфармацыі ў Інтэрнэце». «Пад названымі інфармацыямі іншыя карыстальнікі пакінулі каментары абразлівага характару», — паведамілі ў пракуратуры.

Краязнаўцы і журналіста Ігара Хмару затрымалі за размову на беларускай мове на вуліцы, паведамляюць Праваабаронцы. Хмара быў затрыманы 2 жніўня. Пра гэта стала вядома ад чалавека, які знаходзіўся з ім на Акрэсціна. Адзначаецца, што гэта не адзіны выпадак затрымання за беларускую мову.

Былога палітвязня Ігара Банцэра арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта паведаміў музыкант Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў на Акрэсціна з Банцэрам. Вызваліцца ці рок-музыкант праз 15 дзён, пакуль незразумела. «Я ведаю, што на яго 18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі і прывезлі з Гродна», — сказаў Жывалеўскі.


У Гомелі асудзілі дэпартаванага з Расіі жлобінца Віталя Гузава. Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме ў Гомельскім абласным судзе, суддзя — Мікалай Доля. Віталь Гузаў абвінавачваўся ва ўзбуджэнні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варожасці і абразе Лукашэнкі. Гузава прысудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Праўладныя Telegram-каналы паведамілі пра затрыманне 45-гадовага Андрэя Гіля. Па іх звестках жыхар Баранавічаў асуджаны да 15 сутак арышту па арт. 19.11 КПК («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Яны таксама сцвярджаюць, што ў дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») за абразу супрацоўніка міліцыі.

Суровы прысуд у дачыненні да 21-гадовага Аляксея Багдзея вынес суд Ленінскага раёна Гродна. Маладога чалавека прызналі вінаватым. Справу разглядаў суддзя Максім Галубовіч. Багдзей атрымаў шэсць год калоніі ўзмоцненага рэжыму за «заклікі да супраціву і гвалту».

З абвінаваўчага акту вынікае, што ў жніўні 2020 года Аляксей размясціў у Telegram-канале СМС-паведамленні, у якіх утрымліваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, пісаў аб вытворчасці кактэйляў Молатава, заклікаў да звяржэння дзейнай улады, прымяненню гвалту, перакрыцці дарог, супраціву прадстаўнікам улады.

Праўладныя Telegram-каналы паведамляюць, што Дзяржынскім РАСК распачатая крымінальная справа паводле арт.342 КК РБ у дачыненні да 34-гадовага Ігара Пастухова і 32-гадовага Юрыя Джэнжэры. Іх абвінавачваюць у перакрыцці руху ў Фаніпалі ў 2020 годзе, а менавіта ў тым, што яны ішлі па дарозе падчас акцыі пратэсту.

Мяркуючы з відэа, апублікаванага сілавікамі, сведчаннем «перакрыцця дарог» сталі «сторыз» аднаго з затрыманых у Instagram — на іх людзі ідуць па дарозе. Яны знаходзіліся ў архіве профілю і былі знойдзеныя, хутчэй за ўсё, супрацоўнікамі пасля «вывучэння» тэлефона мужчыны.

Жыхар Бараўлянаў Дзмітрый Латушкін затрыманы за ўдзел у поствыбарных пратэстах. Праўладныя Telegram-каналы паведамляюць, што 33-гадовы супрацоўнік Мінгаза нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту. За гэта яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

У Беларусі — 17 новых палітвязняў.