Сілавікі, турэмнікі, пракурорскія работнікі і суддзя па «справе Аўтуховіча» пакрыўдзіліся
Па «справе Аўтуховіча» распачатыя крымінальныя справы за абразу пракурорскіх работнікаў і суддзі. Пра гэта сёння, 12 жніўня, паведамілі пракуратура і дзяржаўныя СМІ.

Распачатыя крымінальныя справы — «за публічную абразу пракурорскіх работнікаў і іншых прадстаўнікоў улады» і за распаўсюд асабістых звестак.
Паведамляецца, што Упраўленне ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры падчас «маніторынгу інфармацыі ў інтэрнэце» нібыта знайшло звесткі наконт супрацоўнікаў праваахоўных органаў і работнікаў Турмы №1, суддзі і яго сваякоў. Пад гэтымі звесткамі, нібыта, яшчэ і былі каментары «абразлівага характару».

Паведамляецца, што «пракуратура ўстанавіла факты незаконнага распаўсюджвання ў дэструктыўных Telegram-каналах персанальных дадзеных намесніка начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці, памочніка пракурора Савецкага раёна Мінска, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і турмы №1, суддзі Гродзенскага абласнога суда і іх блізкіх сваякоў, а таксама звестак аб іх прыватным жыцці. Гэта звязана з выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, а менавіта — разглядам судом Гродзенскай вобласці крымінальнай справы па абвінавачанні Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы».
Расследаваць гэтыя крымінальныя справы будзе Следчы камітэт.


Нагадаем, як пісаў НЧ, суд па «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе суддзя Гродзенскага абласнога суду Максім Філатаў.
Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Разам з ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржаўных СМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча». Гэта Сяргей, Любоў і Павал Разановічы, Галіна Дзербыш, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Снягур, Павал Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяцца ў віну розныя склады злачынстваў.

На знак пратэсту 11 ліпеня Аўтуховіч пачаў сухую галадоўку. Вязню не перадавалі ніякіх лістоў, нават ад старой маці. З 1 жніўня ён пачаў піць, а затым і ёсць дзіцячае харчаванне. Але самаадчуванне вязня пасля галадоўкі кепскае.
У Еўрасаюзе адрэагавалі на апошнія навіны пра Мікалая Аўтуховіча. Пітэр Стана, прадстаўнік Еўрапейскай знешнепалітычнай службы, назваў дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да Аўтуховіча «бесчалавечным абыходжаннем».