У Гарадзенскай турме пачаўся суд па «справе Аўтуховіча». Абвінавачаных трымаюць у жудасных клетках

Гарадзенскі абласны суд 18 траўня пачаў разгляд крымінальнай справы Мікалая Аўтуховіча і «тэрарыстычнай групоўкі», якіх абвінавачваюць па дзесяці крымінальных артыкулах.

3eec1c7c_488d_4dff_92bb_9014ee7a13e9_w1023_r1_s.jpg

Працэс будзе праходзіць на тэрыторыі Гарадзенскай турмы №1 і абвешчаны адкрытым. Аднак, каб трапіць на судовае пасяджэнне — трэба атрымаць дазвол начальніка турмы.

Справу разглядае суддзя Максім Філатаў.

Самога Мікалая Аўтуховіча і яшчэ некаторых фігурантаў трымаюць у асобных клетках-стаканах.

autuhovich_sud_1.jpg

Варта зазначыць, што ў такіх умовах не ўтрымліваліся нават асуджаныя па справе аб рэальным тэракце ў мінскім метро ў 2011 годзе Канавалаў і Кавалёў. У іх клеткі былі значна больш прасторныя.

531fb9704d951223b8c273aef1cbbfa1.jpg

Мікалая Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей, затрымалі яшчэ 1 снежня 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Усяго па «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх – Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць, 20 траўня 2021 года асуджаны па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апрача Мікалая Аўтуховіча, па справе праходзяць:

  • Сяргей Рэзановіч,
  • Любоў Рэзановіч,
  • Павел Рэзановіч,
  • Галіна Дзербыш,
  • Уладзімір Гундар,
  • Вольга Маёрава,
  • Ірына Гарачкіна,
  • Віктар Снегур,
  • Павел Сава,
  • Ірына Мельхер,
  • Антон Мельхер.

Яшчэ адзін з меркаваных удзельнікаў — Артур Папок — на дадзены час знаходзіцца ў вышуку.

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль Audi 80 і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і “іншыя сябры злачыннай арганізацыі " на тэрыторыі Гарадзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вул. Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль Skoda Octavia, які належаў супрацоўніку міліцыі.

Да новага затрымання Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зняволенні рэкордны для беларускіх палітвязняў тэрмін — 7 гадоў і 5 месяцаў.

Якія артыкулы інкрымінуе следства канкрэтна Мікалаю Аўтуховічу?

  • ч. 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй;
  • ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - здрада дзяржаве;
  • ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • ч. 1 арт. 290-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць;
  • ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго;
  • ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў;
  • ч. 3 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад;
  • ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, якое дзівіць дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.

У розных фігурантаў «справы Аўтуховіча» маюцца таксама і іншыя абвінавачванні: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342) і ўкрывальніцтва цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 Крымінальнага кодэкса).

БЕЛТА перадае, што галоўны фігурант крымінальнай справы, Мікалай Аўтуховіч, абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы, адзін са складаў прадугледжвае вышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі).