«За цыгарэты абмяняеш усё, што трэба». Колькі грошай каштуе няволя палітвязня для яго сваякоў

У Беларусі амаль 1600 чалавек знаходязяцца ў няволі па палітычна матываваных справах. «Новы Час» паспрабаваў высветліць, як выкарыстаць магчымасці падтрымкі палітвязняў па максімуме і ў колькі гэта абыходзіцца іх родным.

img_2810_logo_1.jpg

Адвакат — «дарагі паштальён»

Калі чалавека затрымліваюць як падазраванага па крымінальнай справе, спачатку яго змяшчаюць у ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) да вызначэння далейшай меры стрымання. Гэты тэрмін можа быць да 10 сутак, пасля чаго чалавека альбо адпускаюць да прад'яўлення абвінавачання, альбо пераводзяць у следчы ізалятар (СІЗА).
Затрыманаму ў ІЧУ можна перадаваць перадачы, але калі гаворка ідзе пра палітычна матываваныя справы, то родным пра гэта можна забыцца — ужо два гады існуе негалоснае правіла для «палітычных» перадачы не прымаць (паводле афіцыйнай версіі — у сувязі з эпідэміяй каронавіруса). Адзінае, што прымаюць, — гэта лекі. Тут сума выдаткаў залежыць ад дыягназаў вашага роднага і прэпаратаў, але майце на ўвазе, што вітаміны і рознага кшталту БАДы ў вас не прымуць, а калі і прымуць, то чалавеку не перададуць.
Яшчэ можна паспрабаваць адправіць у ІЧУ адваката, але тут — таксама як пашанцуе, апошнім часам абаронцаў туды не пускаюць. Улічвайце, што адно наведванне адваката каштуе ў сярэднім 350 — 450 рублёў, а можа быць і больш.  
— Рэкамендаваныя Мінюстам кошты на адваката ад 350 да 600-800 рублёў за дзеянне (наведванне, скарга, дзень у судзе). Сённяшні наш адвакат бярэ па Мінску 450, Магілёў, Віцебск — 600, Гомель — 800 рублёў, — прыводзіць расцэнкі Таісія Балоціна, чый сын, палітвязень Максім Вінярскі, асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «ўдзел у масавых беспарадках», паспеў пабываць у СІЗА Мінска, Магілёва, Гомеля і цяпер адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі.

Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

Што праўда, усё ж кошты ў розных адвакатаў могуць адрознівацца. У сярэднім дзеянне (наведванне, прысутнасць на допыце) можа каштаваць 400 рублёў, дзень працы ў судзе — 700, напісанне і падача скаргі — 100.
Напачатку следства ўзятаму пад варту могуць прадаставіць дзяжурнага адваката. Ці варта карыстацца яго паслугамі? Тут кожны вырашае для сябе. Калі праца такога абаронцы вас задавальняе, то чаму не? Аднак дзяржаўны адвакат — не значыць бясплатны. Вам таксама давядзецца заключыць з ім дамову і аплочваць паслугі па ўсталяваных тарыфах, адно дзеянне будзе каштаваць ад 300 рублёў. Колькасць такіх дзеянняў прадказаць немагчыма.
— Калі следчы выклікае на допыт ці следчае дзеянне, вочную стаўку і г.д., то адвакат, бывае, сам-насам не пагаворыць з кліентам — толькі з ласкі следчага, які ў гэты час выйдзе і пачакае на лаўцы. Зразумела, пасля следчага дзеяння ці чагосьці такога варта сустрэцца з кліентам пагаварыць асобна. Калі прад'яўляюць абвінавачанне, у ім можа быць потым знойдзеная хіба. Калі хібу выправілі, прад'яўляюць абвінавачанне па новай. Кожнаму з фігурантаў справы. Жывы прыклад: нашым «падзельнікам» прад'яўлялі абвінавачанне чатыры разы. Змест не мяняўся. Адзін раз пераблыталі імя па бацьку аднаго з фігурантаў. Агулам 21 наведванне адвакатаў было аплочанае сваякамі марна толькі ў нашай справе і толькі з нагоды прад'яўлення абвінавачання, — дзеліцца досведам Таісія Кузьмінічна.
Хоць, як вядома, у палітычна матываваных справах адвакату складана паўплываць на прысуд, усё ж яго роля «дарагога паштальёна» вельмі важная як для самога вязня, так і для яго родных. Бо часта толькі праз адваката можна трымаць сувязь са сваяком за кратамі, дый для зняволенага яго наведванні — вельмі моцная маральная падтрымка.
Ну і ўсё ж юрыдычныя аспекты працы адваката ніхто не адмяняў. Хаця б дзеля будучыні.
— Хочаце фіксацыі беззаконня — трэба пісаць скаргі. На ўсё. Па ўсіх інстанцыях. Нешта Максім пісаў сам, нешта адвакат, — гаворыць маці палітвязня. — Схема падачы скаргі па наглядзе: адвакат піша скаргу, наведвае кліента, калі таго змест скаргі задавальняе — адвакат адсылае яе. Атрымліваецца аплата двух дзеянняў. Адвакат мае ордэрскую кніжку, на кожнае наведванне запаўняецца ордэр. Ордэрская кніжка здаецца ў калегію адвакатаў. Гэта значыць, колькасць наведванняў кантралюецца. Потым адвакат падае справаздачу — і па аплаце, і па наведваннях-скаргах, і г.д. То-бок, не можа адвакат з'ездзіць да кагосьці проста так — нехта мае заплаціць.

Перадачы — не проста ежа

Яшчэ адным значным пунктам выдаткаў для родных палітвязняў становяцца перадачы — спачатку ў СІЗА, потым, у залежнасці ад прысуда, у калонію.
Пералік дазволенага і забароненага для перадач у кожным СІЗА можа адрознівацца. Адразу трэба перадаваць сродкі гігіены, зменныя адзенне і бялізну, абутак. Усё гэта мусіць адпавядаць патрабаванням СІЗА, іначай не прымуць або адправяць на склад.
— Праблемай першых дзён для нас стала набыццё абутку — нельга абутак з супінатарам. У сына адабралі яго туфлі, выдалі кардонныя тапкі — а гэта быў канец студзеня. Затое цяпер я ведаю, як пазнаць, ці ёсцека супінатар, не пытаючыся ў прадавачак (мала хто з іх ведае). Хаджу ў краму з магнітам: калі ліпне да падэшвы, значыць, ёсць сталёвы супінатар. Прыёмшчыца правярае металашукальнікам, — распавядае пра лайфхакі Таісія Балоціна.


Для паляпшэння побыту роднага ў СІЗА можна перадаваць вентылятар, тэлевізар. Але тут таксама ёсць свае нюансы.
— У магілёўскай следчай турме бралі тэлевізар толькі тады, калі ў камеры не было. Бралі толькі новы, з пашпартам, запакаваны. Папярэджвалі, што выламаюць USB-порт. Не пытайцеся, дзе логіка: у перадачах флэшкі не прымаюць, а ці можа тэлепрыёмнік лавіць вай-фай на дрот, які ўсё адно вязням няма дзе ўзяць... Мо' на лыжку яны вай-фай ловяць, не ведаю. Але ў рэчы на гарантыі выламаюць порт, а калі раптам вязня пераселяць у камеру, дзе тэлек ёсць — адбяруць на склад. Калі вязня этапуюць у іншае месца, сваякі маюць выпатрашаны прыёмнік забраць. Ці возьмуць прыёмнік з выламаным портам у іншае СІЗА? Мы гэтым не займаліся.
Таксама Таісія Кузьмінічна зазначае, што на добрую суму цягнуць цыгарэты. Прычым непалёнцам іх таксама трэба дасылаць.
— Бо пасля прысуду адразу абмежаванне па грашах. Вось наш мог траціць на атаварку на месяц 5 базавых — а цяпер толькі дзве. А гэта 64 рублі. За цыгарэты ж купіш-абмяняеш усё, што трэба. Чатыры пачкі «Вінстан« каштавала пашытая калегам кепка, а «Вінстан« моцны — гэта 4,65 за пачак, 46.50 блок. Дасылаем 6-7 блокаў, дарагіх і танных — як атрымаецца, бо сам не паліць. Колькі трэба палёнцу, які смаліў на волі пачак на дзень…
Што да ежы, то вязні, рацыён якіх не надта багаты на вітаміны, вельмі просяць дасылаць свежыя садавіну, гародніну, зяленіва. Спіс дазволенага для перадач і пасылак тут таксама абмежаваны.
— Шукаем на зніжках каву, гарбату, шакалад, сухія пюрэ, шматкі крупаў, цукеркі. Во, купіла «галаву» сыра — у казённым рацыёне малавата бялковай ежы, — працягвае Таісія Балоціна. — Сыр па 24 рублі, вядома, раскоша, галава — спадзяюся,што паляжыць даўжэй за невядома калі пафасаваныя кавалкі (прадукты ў перадачы трэба рэзаць або ламаць і фармаваць па празрыстых цэлафанавых пакетах. — НЧ) — пацягнула 102 рублі, яна амаль 5 кіло. Вітаецца сушанае мяса, рыба, але тут я не ў тэме, дасылаю салёнае сала.
Вядома ж, апроч «базавага» набору прадуктаў хочацца парадаваць свайго зняволенага блізкага чымсьці смачненькім, бо ежа ў перадачах і пасылках — больш, чым проста ежа: гэта і прывітанне, і знак увагі. І тут ужо даступныя (зноў жа, са сваімі абмежаваннямі) самыя розныя харчы: арэхі і сухафрукты, слодычы, мяса, рыба, хлебабулачныя вырабы… Так што кожны арыентуецца выключна на ўласны густ і кашалёк. Ну і правілы месца зняволення, вядома.
Паўсюль перадачы маюць ліміт не толькі па наборы рэчаў ці прадуктаў, але і па вазе. Так, у СІЗА-1 можна перадаваць 30 кілаграмаў цягам месяца. Дарэчы, калі чалавека бяруць пад варту ў сярэдзіне ці напрыканцы каляндарнага месяца, то яму можна перадаць 30 кіло да 1 чысла наступнага месяца. Калі ж напачатку, то гэтую вагу трэба расцягнуць, зноў жа, да 1 чысла. І яшчэ: вага пасылак і бандэроляў у агульную вагу перадач не ўваходзіць, можна слаць хоць па 50 кг штодня. Праўда, патрэбы ў гэтым няма: у камерах няма дзе захоўваць прадукты, а пры пераводзе ў іншую камеру вязень мусіць сам цягаць сваё дабро.


Колькасць перадач у калоніях адрозніваецца ад рэжыму пакарання. Так, агульны рэжым — самы лёгкі — прадугледжвае 4 перадачы да 50 кілаграмаў (рэчы, прадукты), 2 бандэролі, 6 базавых на «атаварку» цягам года. Перадачы ці пасылкі да 50 кг (рэчы + прадукты) на ўзмоцненым рэжыме дазволеныя 3 разы на год, да іх яшчэ — 2 бандэролі на год вагой да 2 кг, гэта звычайна 10 блокаў цыгарэт.
— Перадапошняя перадача — каля 35 кг — была ў красавіку і пацягнула блізу 700 рублёў. Апошняя пацягнула каля 1000 рублёў, але яна і па вазе ўжо пад 50 кг, — успамінае маці Максіма Вінярскага апошнія выдаткі на падтрымку сына ў калоніі.

Пасылкі, бандэролі і іншыя паштовыя выдаткі

Родныя палітвязняў папярэджваюць: калі дасылаеце пасылку поштай, нельга дзяліць вагу пасылкі на 2 — пройдзе толькі 1. Таму калі спакавалі 50 кг у 2 скрыні — зматайце іх міжсобку скотчам.
— Калі добры сваяк паслаў не ў час 5 кіло замест 50 — даслаць наступную пасылку можна толькі ў наступны раз. 45 кіло згарэла, — тлумачыць Таісія Кузьмінічна. — 50 кг добра вытрымліваюць мяшкі для будаўнічага смецця — не рвуцца. Бо калі пасылка разваліцца пры транспарціроўцы — усе часткі, апроч адной выпадкова абранай, будуць вернутыя адпраўніку. Калі ёсць забароненыя ўкладанні — у смецце можа пайсці ўся пасылка ці бандэроль.
У пасылкі і бандэролі трэба ўкладваць спіс таго, што перадаяце. Можна пісаць у форме заявы, паставіўшы напрыканцы дату, подпіс.
— Медыцынская бандэроль — асаблівы выпадак. Калі вязень хворы, па яго заяве і з дазволу санітарнай часткі яму дазваляецца медыцынская бандэроль у любы час, незалежна ад іншых пасылак-бандэроляў. Так, Максу шлем кантактныя лінзы і вадкасць для іх, штучную слязу. Гэтаксама можна слаць таблеткі-мазі-іншае і вітаміны. Парадак такі: вязень піша заяву на атрыманне медыцынскай бандэролі (дазволенае пазначанае ў ягонай асабістай картцы), начальнік падпісвае заяву, тады бандэроль аддаюць. Калі бандэроль прыйшла, а заява не падпісаная, бандэроль ляжыць у прыёмшчыка, ніхто яе не аддасць. Нашы лінзы амаль месяц ляжалі.
Апроч пасылак і бандэроляў нямала цягнуць, здавалася б, дробныя выдаткі для падтрымання сувяз з палітзняволеным сваяком: канверты, папера, паштоўкі, маркі, тэлеграмы каштуюць капейкі, але дасылаюцца часта, што выліваецца ў прыстойныя сумы.
А вось яшчэ адзін пункт, які, хоць і тычыцца непасрэдна грошай, але, напэўна, самы невялікі па выдатках — грашовыя пераводы. Зноў жа, у залежнасці ад месца і рэжыму зняволення, на іх ёсць пэўныя абмежаванні. Але да вынясення прысуда вязню, які ўтрымліваецца ў СІЗА, можна дасылаць колькі заўгодна грошай ад каго заўгодна. Іншая справа, што выдаткоўваць іх асабліва няма на што. На той жа «Валадарцы» «атаварка» — магчымасць набыць нешта ў турэмнай краме — бывае двойчы на месяц, і асартымент там не дужа багаты.
«Атаварка» на ўзмоцненым рэжыме ў калоніі — 5 базавых на месяц, у краму вязні ходзяць 2 разы на месяц, калі ў гэты дзень не хварэюць, не сядзяць у ШІЗА, не прыцягнутыя да дадатковых работ (гэта тычыцца «экстрэмістаў», бо праца — асноўны сродак «перавыхавання»). За парушэнні колькасць грошай скарачаюць, могуць пазбавіць доўгатэрміновага спаткання (Максім Вінярскі пазбаўлены ў траўні аж да кастрычніка) ці кароткага, перадачаў ці бандэроляў.
На грашовыя пераводы сума не абмяжоўваецца. Што праўда, у калонію дасылаць грошы (як і перадаваць перадачы) могуць ужо толькі сваякі. Ёсць хітрык, які прымушае ўважліва чытаць інфармацыю на пошце: да прыкладу, за перасылку грошай на суму 300 рублёў дзейнічае адзін тарыф, на суму 300 рублёў і 1 капейка — іншы, таннейшы, то-бок, лепей слаць вялікімі сумамі радзей, чым штодня па дробязі.
Пераводы не ад пазначаных у справе сваякоў вязня могуць не прыняць — на гледзішча адміністрацыі. Пасылаць можна хоць мільёны — пры вызваленні рэшту вязень атрымае на рукі.
— Калі вы на спатканні, вы можаце занесці грошы ў бухгалтэрыю. Гатоўку, бо плацяжы з карткі прымаюць не паўсюль. У «Віцьбе» за нумары, якія прадастаўляюць на доўгае спатканне, плацяць гатоўкай. Сумы не астранамічныя, даступныя, на сайце ёсць прайс, — распавядае Таісія Кузьмінічна.

Дзе заканчваецца «можна» і пачынаецца «нельга»

Дарэчы, пра спатканні і іх магчымасці. На ўзмоцненым рэжыме дазволены два доўгатэрміновыя спатканні (не менш за 24 гадзіны і не больш за 3 сутак на гледзішча адміністрацыі. На просьбу тых, хто спаткаецца, можна скараціць — але недабытае не вернуць, нельга дзяліць спатканне на часткі, а таксама нельга аб'ядноўваць спатканні). На іх можна браць з сабой любыя прадукты, апроч алкаголя, там ёсць магчымасць гатаваць, вязню дазваляецца перапрануцца на час спаткання. Але на доўгае спатканне не прапусцяць запісы, чарцяжы і г.д. ні ад вязня, ні з волі, «да» і «пасля» ладзяць усім асабісты дагляд.
— Адзін раз на год можна перадаць адзенне — 50 кг. Але там (у калоніі. — НЧ) яны ходзяць у казённым, свая — бялізна (чорная без карцінак), шапка (чорная, без вушэй ды адваротаў, вязаная, на флісавай падкладцы, без матузоў-пампонаў), абутак — чорны, на чорнай падэшве, без металічных накладак і супінатараў, заклёпак і г.д., можна на матузках, можна на ліпучках, з металічнымі вушкамі для матузкоў прынялі. Нельга футравыя падкладкі, можна флісавыя, жоўтую прастрочку мы ад граху далей зафарбавалі перманентным маркерам. Сцелькі прыёмшчык вымае. Іх, дарэчы, можна дадатковыя перадаваць, як і матузкі.

Вось такі асартымент прапануе адна з спецыялізаваных інтэрнэт-крамаў

Вось такі асартымент прапануе адна з спецыялізаваных інтэрнэт-крамаў

Спартовы касцюм — чорны, можна на маланцы, нельга з каптуром. Яго можна апрануць на той час, калі ідзеш на стадыён займацца.
Памятайце: нават калі вы схітрыліся перадаць нешта не зусім чорнае, ці з маленькай карцінкай — на гэта могуць не зважаць роўна да таго часу, як спатрэбіцца даць парушэнне. Вось тады любая дробязь прыдасцца. 4 парушэнні — і карцар. Нават калі вязень у добраахвотным парадку адпрацаваў за парушэнне, яно нікуды не падзенецца. Набярэцца чатыры — і вы злосны парушальнік, пазбаўлены дабротаў і запхнуты ў ШІЗА. 2 заезды ў ШІЗА — гэта нагода для перавода ў ПКТ, а там і крытая турма недалёка…